Гараць лазні…

Общество

    За першую дэкаду мая ў раёне зарэгістраваны два пажары. У абодвух выпадках гарэлі лазні.

3 мая ў 20.26 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб загаранні лазні ў вёсцы Алешчаняты Гародзькаўскага сельсавета. Калі пажарныя разлікі прыбылі на месца здарэння, то мусілі не столькі ратаваць лазню, колькі суседнія пабудовы, бо была рэальная пагроза распаўсюджвання агню.

У выніку пажару знішчаны дах, столевыя перакрыцці лазні, унутры пабудовы моцныя тэрмічныя пашкоджанні. Таксама пашкоджана летняя кухня. Праўда, у гэты час людзі яшчэ не спалі, і на дапамогу гаспадарам прымчаліся аднавяскоўцы і нават мужчыны з суседніх вёсак. Паспелі вынесці ўсю маёмасць і бытавую тэхніку.

Прычына пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі печкі ў лазні. Яна была выканана з парушэннем норм і правіл пажарнай бяспекі. Як зазначылі супрацоўнікі РАНС, за апошні час у раёне згарэла трэцяя лазня, і ў кожным выпадку амаль аднолькавыя прычыны — пажар пачынаецца з печкі. На жаль, менш становіцца сапраўдных умельцаў-печнікоў, таму многія гаспадары карыстаюцца парадамі з Інтэрнэту і ладзяць печкі самі, у выніку выконваюць работы менавіта з парушэннем ці незахаваннем правіл пажарнай бяспекі.

Наступны пажар адбыўся 9 мая ў вёсцы Бузуны Ракаўскага сельсавета. Свавольства агню ў гэты дзень стала ўжо сумнай традыцыяй, як адзначаюць самі выратавальнікі: ніводны святочны дзень не абходзіцца без выкліку на пажар.

У 17 гадзін 42 хвіліны паступіла паведамленне аб загаранні дома. Аднак калі ракаўскія выратавальнікі прыбылі на месца здарэння, то ўбачылі, што гарыць не дом, а лазня. Праўда, гаспадар-мінчанін часова пражываў менавіта там, пакуль займаўся будаўніцтвам дома.

Спачатку былі дзве версіі ўзнікнення пажару. Першая —  пакінутая без нагляду электраплітка. Аднак яна адпала, паколькі ачаг пажару быў не ў тым месцы, дзе размяшчалася плітка. Пазней высветлілася, што напярэдадні гаспадар свідраваў адтуліну ў драўлянай абшыўцы свярдзёлкам па бетоне. Дрэва праз нейкі час загарэлася… А ў выніку – ні лазні, ні дома. Добра, што не пацярпелі людзі.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *