Валожыншчыны любай шматгалоссе

Общество

 Без перабольшання фестываль нацыянальных культур, які кожны год праводзіцца ў раёне, з’яўляецца важнай падзеяй у жыцці валожынцаў, якія прыехалі сюды з розных куткоў свету.

Традыцыйна на нашай зямлі побач з беларусамі мірна жывуць у дружбе і супольнасці рускія, палякі, яўрэі, украінцы, армяне, малдаване – усяго каля трыццаці нацыянальнасцей. Радуе тое, што ўдалечыні ад роднай зямлі большасць  гэтых людзей старанна захоўваюць залатнікі нацыянальнай спадчыны – мову, абрады, спевы, танцы, кухню, рамёствы… Вось і на гэты раз арганізатары змаглі далучыць да сумеснай творчасці калектывы і выканаўцаў. Было прадстаўлена шэсць нацыянальнасцей.

Вольга Арлавец з вёскі Доры і Надзея Агіевіч з Куцянят выступілі за Расію. Вольга прыняла ўдзел у выставе, наладжанай аб’яднаннем “Скарбніца”. Жанчына займаецца вырабам сувеніраў з салёнага цеста. Да фестывалю, у якім удзельнічала ўпершыню, яна падрыхтавала і некалькі смачных “экспанатаў” – выпечку ў нацыянальных кулінарных традыцыях сваёй радзімы. Надзея ж у рамках мерапрыемства арганізавала літаратурную старонку. У яе выкананні гучалі вершы.

Польскую культуру прадставіў дуэт “Івянчанкі”, за Украіну спявала Тамара Язерская. Пастаянны ўдзельнік фестывалю Мамед Рашоеў з Даўбеняў па нацыянальнасці езід (народ у Арменіі). Мужчына парадаваў гледачоў сваім тэмпераментам, яго танец выклікаў сапраўдны шквал апладысментаў. Дэбютант “Шматгалосся” Давід Сванідзэ прыйшоў на мерапрыемства ў суправаджэнні родных – жонкі і траіх дзяцей. Грузінская песня пад гітару дружалюбнымі гледачамі была ўспрынята на ўра. Беларускую нацыянальную культуру ў гэты дзень прадстаўлялі сямейны гурт “Крона” з Ракава і ансамбль “Сваякі” РЦК.

Кожны з удзельнікаў атрымаў не толькі хвіліну славы, але і памятны сувенір. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі усім, хто далучыўся да  шматгалосся Валожыншчыны, былі ўручаны дыпломы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий