Было што паглядзець і паслухаць

 У РЦК прайшло адказнае, хвалюючае і адначасова вельмі прыгожае мерапрыемства – абарона найменняў “народнае” літаратурна-мастацкім аб’яднаннем “Рунь” і “ўзорны” клубам “Грацыя”.

Ацэньваць іх работу выпала загадчыцы аддзела культурнай дзейнасці і вольнага часу абласнога цэнтра народнай творчасці Тамары Яскевіч.

Творчыя калектывы ўстаноў культуры раёна даўно і трывала ўзялі ў палон сэрцы валожынцаў. А калі б існавала шкала вымярэння майстэрства, то ртутны слупок адносна “Руні” і “Грацыі” трымаўся б на высокай адзнацы. Абаронцы званняў спалучыліся ў сумеснай канцэртнай праграме, прысвечанай каханню і любові ва ўсіх яе праявах: да жыцця, роднай зямлі, прыроды, мастацтва.

Пад крылом “Руні” знайшлі сваё месца 32 таленавітыя літаратары, у тым ліку 7 членаў Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь. “Рунеўцамі” выпушчаны больш за 20 індывідуальных кніг вершаў і 4 калектыўныя. Старт справаздачнаму канцэрту дала аўтарка 2 паэтычных зборнікаў Марыя Шакун, потым эстафету перанялі майстры лірычнага слова Аляксандр Кулак, Яўген Зялкоўскі, Ганна Канановіч, Юлія Арцюкевіч, Надзея Агіевіч, Уладзімір Ціханоўскі.

Ніколі не лічыла сябе прыхільніцай аўтарскай песні, але калі Дзмітрый Краскоўскі ўзяў у рукі мікрафон і цудоўна выканаў некалькі ўласных музычных твораў, то прыйшлося прызнацца, што гэта і сапраўды захапляе. Умее адшукаць дарогу да сэрца слухачоў самабытная аўтарка і спявачка Людміла Краснадубская. Яе песні “Я і ты”, “Агонь кахання” вызначаюцца ўласным стылем, удалым перапляценнем мелодыі і верша. Свой “почырк” ёсць і ў бардаўскіх творах Дзмітрыя Завацкага.

Кажуць, што прымусіць чалавека плакаць лягчэй, чым смяяцца. Таму гумарыстаў і сатырыкаў сярод літаратараў заўсёды менш, чым лірыкаў. А жанчын, якія ўмеюць “выбіваць” вершаваным словам іскрынкі смеху, наогул адзінкі. Асабліва парадавала Ганна Філяноўская, якая не толькі піша жарты, умее пакласці іх на музыку, але і спявае выдатна.

Дзве ўласныя песні на словы Я. Зялкоўскага “Беларуская хата” і “Я кахаю цябе” выканаў Уладзімір Данчанка. Гледачы ўзнагародзілі любімага артыста шчодрымі апладысментамі.

Некаторыя выступленні суправаджаліся выхадам юных мадэляў у эксклюзіўных строях, што толькі ўзмацняла эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. Але і самастойнае дэфіле ўдзельніц клуба “Грацыя” было яркім, красамоўным. Прайшло больш за 13 гадоў з таго часу, як у Інесы Іода зарадзілася ідэя стварыць для юных прыгажунь Валожына спецыяльную школу, дзе яны будуць прывыкаць да сцэны, вучыцца прыгожай паходцы, развіваць эстэтычны густ, прыдумваць уборы. Клуб наведваюць каля 30 дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Зацікавіліся “Грацыяй” і хлопчыкі, з кожным годам прадстаўнікоў “моцнай” паловы чалавецтва ў клубе ўсё больш.

У Інесы Сяргееўны залатыя рукі: яна можа скроіць і пашыць адзенне любой складанасці. Падчас выступлення “Грацыя” паказала некалькі калекцый. Адчувалася, што самім удзельніцам вельмі падабаецца рамантычная. Дзяўчаты пасля заканчэння мерапрыемства не пераапрануліся, а пайшлі ў бальных уборах у гарадскі сквер на сэлфі. Падборка сукенак і касцюмаў з ільну прыйшлася даспадобы жанчынам з залы. Нават шэпты раздаваліся: “Вось бы ўсё гэта набыць і махнуць на мора!” А рэтра-падборка пакарыла ўсіх. У кіраўніка літаб’яднання “Рунь” Валянціны Гіруць-Русакевіч нават радкі адпаведныя знайшліся: “І сёння хочацца дзяўчынкам прымераць, што раней насілі…”

Фінальны выхад сабраў усіх разам. На сцэну падняўся начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч. Ад імя гледачоў хораша падзякаваў за канцэрт, за тую асалоду, якую падарылі калектывы, пажадаў на дасягнутым не спыняцца. На латыні, а потым у беларускім адпаведніку дадаў: “Жыццё кароткае, мастацтва вечнае…”

Ва ўсе часы людзі прагнулі ствараць прыгажосць. Гэта імкненне не пагасла і сёння. Культурна-асветная работа ў раёне вядзецца так, каб кожны творца мог рэалізавацца і пакінуць нешта сваё, індывідуальнае ў спадчыну новым пакаленням. Калектывы “Рунь” і “Грацыя”, іх кіраўнікі В. Ф. Гіруць-Русакевіч і І. С. Іода працуюць з душой, па-майстэрску. Таму запатрабаваныя, паспяховыя, што і пацвердзілася на чарговым справаздачным мерапрыемстве.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Было-што-паглядзець-і-паслухаць-1

Было-што-паглядзець-і-паслухаць-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars