Маршрут добрых спраў

Официально

    Два дні працавалі на добраўпарадкаванні помніка Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Малой Люцінцы члены маладзёжнага савета медыцынскіх работнікаў Мінскай вобласці. Акцыя праходзіла ў рамках маршруту добрых спраў у трэці раз.

Дзе будуць працаваць, маладыя медыкі вызначаюць самі. Напрыклад, летась наводзілі парадак у Барысаўскім і Слуцкім дамах дзіцяці. Сіламі маладзёжнага атрада былі пафарбаваны дзіцячыя пляцоўкі, прывезены пясок. У Слуцкім доме дзіцяці новы казачны выгляд надалі альтанцы, а пасля паказалі выхаванцам лялечны спектакль “Калабок”. Сёлета маршрут добрых спраў прайшоў праз Валожыншчыну.

Узначальвае абласны маладзёжны савет урач-рэнтгенолаг, загадчык рэнтгенаўскага кабінета УАЗ “Валожынская ЦРБ” Павел Аляксандравіч Дрожжа. Ён паведаміў, што на добраўпарадкаванні помніка В. Дуніну-Марцінкевічу працавалі восем чалавек з Маладзечанскага медыцынскага каледжа, Дзяржынскай, Вілейскай бальніц і галоўны спецыяліст Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Ад нашага раёна, акрамя яго, удзел прынялі загадчык паліклінікі Павел Алегавіч Ганчар і загадчык стаматалагічнага аддзялення Настасся Барысаўна Казлоўская.

У выніку была ачышчана ад імху і пафарбавана жалезная агароджа з ланцуга, заліты новы фундамент пад помнік, абноўлены надпіс, пабелены бардзюры, прыбрана тэрыторыя. Фінансавую дапамогу ў набыцці будаўнічых матэрыялаў аказалі абласны прафсаюз работнікаў аховы здароўя, РУП “Валожынскі жылкамунгас” і раённае аб’яднанне прафсаюзаў. У знак павагі члены маладзёжнага савета ўсклалі вянок ля помніка знакамітаму драматургу і паэту, а пасля наведалі мемарыяльны комплекс “Загінуўшых чакаюць вечна” ў вёсцы Доры.

У рамках акцыі для маладых лідараў вобласці быў арганізаваны экскурсійны маршрут “З гісторыяй, з культурай, з намі…”, сцежкамі якога правяла супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ніна Уладзіміраўна Бобрык. Яны пабывалі ў Сакаўшчынскім СДК, дзе прайшоў майстар-клас па вырабе лялек і пляценні паясоў. У Вішневе азнаёміліся з жыццём і пастарскім служэннем ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, наведалі фотагалерэю былога прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса, праваслаўны і каталіцкі храмы. Апошнім пунктам стала сустрэча з народным гуртам народнага гумару “Дубінскія фанабэры”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *