Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

    Новая будаўнічая пляцоўка з’явілася ў Валожыне. У мікрараёне жылой забудовы па вуліцы Савецкай пачалося будаўніцтва 40-кватэрнага дома па дзяржзаказу.

Кватэры ў ім атрымаюць сем’і, якая маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Увод аб’екта ў строй запланаваны на снежань бягучага года. У маі распачаты падрыхтоўчы перыяд, вядуцца земляныя работы. Падрадная арганізацыя — ААТ “Забудовабуд” з пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна, якая выйграла таргі на вядзенне будаўнічых работ з шасці прэтэндэнтаў. Дом будзе ў некаторым сэнсе незвычайны па архітэктурным рашэнні – у двух узроўнях, 3- і 5-павярховы.

 

    У мінулую сераду ў нашым раёне бібліятэчныя работнікі прымалі сваіх калег з Мядзельшчыны.  Прайшоў рэгіянальны семінар “Бібліятэчнае краязнаўства – тэрыторыя вялікіх магчымасцей”.

Прадстаўнічая дэлегацыя з 22-х чалавек пабывала ў раённай і дзіцячай бібліятэках, азнаёмілася з пастаноўкай работы і зборам матэрыялаў па краязнаўстве, улічваючы магчымасці бібліятэк. Экскурсію па Валожыне правяла супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ніна Уладзіміраўна Бобрык, якая пазнаёміла гасцей з найбольш цікавымі гістарычнымі мясцінамі і аб’ектамі нашага райцэнтра. У праграме семінара было наведванне Сакаўшчынскай і Вішнеўскай сельскіх бібліятэк. У Вішневе мядзельцы пабывалі ў мемарыяльным пакоі, прысвечаным Шымону Перэсу, і пазнаёміліся з экспазіцыяй музея ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Для іх было арганізавана наведванне мясцовых касцёла і царквы, праведзена экскурсія па храмах. Абменны візіт нашых бібліятэчных работнікаў у Мядзельскі раён, у край Нарачанскіх азёраў, запланаваны на канец жніўня.

 

    У Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце вядзецца бягучы рамонт памяшкання, якое выдзелена пад гісторыка-краязнаўчы музей.

Гэта асобна размешчаны будынак былога інтэрната для работнікаў. Падзея вельмі доўгачаканая, бо ўжо некалькі гадоў экспанаты музея, які носіць званне народнага, захоўваюцца ў скрынках. На дадзены момант зроблены дах і фасад будынка. На дах былі выдаткаваны пазабюджэтныя сродкі, што пералічыла кампанія сотавай сувязі Velcom. Усе астатнія работы вядуцца гаспадарчым спосабам. Рамонтнікі прыступілі да аддзелачных работ унутры памяшкання будучага музея. Яго ўрачыстае адкрыццё, так бы мовіць, новае нараджэнне, запланавана на 1 верасня.

 

    На працягу трох дзён у Мінску праходзіў фінал дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння.

Каманда ФАЦ “Надзея” г. Валожына пад кіраўніцтвам трэнера Леаніда Хвядчэні ў гэтых прадстаўнічых спаборніцтвах заняла ганаровае трэцяе месца. Трэба ўлічваць, якія сапернікі былі ў нашых юных баскетбалістаў: са спецыялізаваных школ алімпійскага рэзерву, з абласных гарадоў. Першае месца занялі выхаванцы СДЮШАР № 7 г. Гродна, другое – СДЮШАР “Цмокі-Мінск”, на чацвёртым  — “Віцебскія мядзведзі”. Прыз лепшага іграка атрымаў вучань 6 “Б” класа гімназіі Аляксей Яблонскі. Самым трапным іграком фіналу прызнаны вучань 6 “А” класа гімназіі Даніла Лужынскі, на рахунку якога ў трох гульнях 52 ачкі. Каманда вярнулася дадому з Кубкам за трэцяе месца, а ігракі — з медалямі і дыпломамі.

 

    11-12 мая ў Мінску адбылося першынство  вобласці па лёгкай атлетыцы ў праграме спартакіяды ДЮСШ сярод юнакоў і дзяўчат 2002-2003 гадоў нараджэння.

Выхаванка ДЮСШ нашага раёна Ксенія Каласоўская з Івянца на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодамі заняла трэцяе месца. Яе сяброўка па камандзе Валянціна Каландарава на дыстанцыі 2000 метраў спартыўнай хадзьбой таксама паказала трэці вынік. Трэніруе дзяўчат Аляксандр Станіслававіч Чарняўскі.

 

    Пра тое, што рух – гэта жыццё, ведаюць усе. Але не ўсе надаюць належную ўвагу свайму здароўю, наведваюць спартыўныя секцыі ці проста ходзяць па вечарах перад сном, што таксама вельмі карысна. Апошнім часам усё больш прыхільнікаў становіцца ў скандынаўскай хадзьбы.

У вялікіх гарадах і малых населеных пунктах можна ўбачыць людзей, якія мэтанакіравана, па асобай методыцы ходзяць са спецыяльнымі палкамі. Нехта – проста з лыжнымі. Ёсць такія людзі ў Валожыне таксама. Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр набыў 10 пар палак для скандынаўскай хадзьбы, якія за невялікую плату будуць выдавацца напракат. Ужо вызначаны цэны пракату.



Добавить комментарий