“Івкон” пацвердзіць канкурэнтаздольнасць

Общество

СП “Івкон” ААТ – знакаміты беларускі вытворца кандытарскіх вырабаў – карамелі, памадкі, суфле і іншых цукерак. Апошнім часам гэта прадпрыемства прымусіла многіх з нас перажыць непрыемныя эмоцыі. Жыхары раёна, асабліва івянчане, хваляваліся за будучыню вядомага брэнда.

Усю зіму калектыў працаваў у рэжыме няпоўнага тыдня. Заўважным было зніжэнне колькасці заказаў, што не магло не паўплываць на фінансавае становішча арганізацыі, маральны стан работнікаў.

Тым не менш, не ўсё так сумна! Кіраўніцтва шляхам пэўных намаганняў зберагло дзеючую каманду. Зараз назіраецца паступовае павелічэнне тэмпаў вытворчасці, ідзе актыўны пошук новых рынкаў збыту. Некаторыя цэхі ўжо адмовіліся ад трохдзёнкі. У бліжэйшай будучыні тут плануюць цалкам перайсці на поўную занятасць.

Начальнік групы кантролю якасці Вераніка Іванаўна Чмірова сустрэла нас на прахадной. Як і раней, трапіць на вытворчасць няпроста. Але ж, заручыўшыся дазволам кіраўніцтва і атрымаўшы пропуск, мы прайшлі на ўчастак па вытворчасці салодкіх вырабаў, дзе будучыя цукеркі варацца, ідзе разліў у формы, праводзіцца выстойванне, упакоўка…

Ёсць магчымасць паназіраць за работай аператара па варцы сіропу Ірыны Вікенцьеўны Адамцэвіч. У гэтай справе галоўнае – правільна загрузіць сыравіну – малако, ваду, цукар, патаку, іншыя інгрэдыенты. Уся інфармацыя аб працэсе высвечваецца на табло, таму памылкі выключаны. Ірына Вікенцьеўна расказвае пра працэс, за які адказвае: “Массу патрэбна вымешаць згодна з інструкцыяй, варыць пры пэўнай тэмпературы, затым дабавiць смакаводарныя дабаўкі, а ў фінале – адліўка”.

Аддзяленне загортвання. Тут звычайна задзейнічаны да 16 чалавек. У змену праз іх рукі праходзіць да 9 тон прадукцыі. Як паведаміў начальнік вытворчасці Юрый Уладзіміравіч Шугаеў, каля 80% работы на прадпрыемстве механізавана, аднак у гэтай справе без ручной працы не абысціся.

Наведваем святая святых “Івкона” – лабараторыю па кантролі за якасцю сыравіны і гатовай прадукцыі. Наш экскурсавод – Наталля Баляславаўна Нядзвецкая. Начальнік лабараторыі расказала аб арганалептычных і прыборных (фізіка-хімічных) даследаваннях, што дазваляюць выявіць масавую долю вільгаці і рэдукуючых рэчываў. З дапамогай тэрмастатаў ажыццяўляецца мікрабіялагічны кантроль прадукцыі. Увогуле працэс аналізу працаёмкі, на ўсё патрэбна ад 3 да 5 сутак. Дарэчы, кантроль за ўзроўнем радыяцыі – таксама абавязковы.

Назіраць за стужкай канвеера, па якой рухаецца духмянае багацце, ды яшчэ ў такой колькасці, для прыхільнікаў івянецкіх прысмакаў магло б стаць сапраўдным выпрабаваннем. Мяне ж, чалавека раўнадушнага да салодкага, проста радуе тое, што цукерачны паток не спыняецца. Сёння “Івкон” перажывае не самыя простыя часы, аднак не трэба забываць, што сусветнавядомая марка, адзначаная сярэбранымі і бронзавымі медалямі “Лепшы прадукт года” ў Маскве, сярэбраным медалём Міжнароднага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі”, дыпломамі ў рамках выставы “Прадэкспа” ў Маскве, не аднойчы даказвала сваю канкурэнтаздольнасць. Калектыў “Івкона” мае намер пацвярджаць яе зноў і зноў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий