Першае знаёмства з LUTSK FOOD FEST

Общество

6-7 мая ва ўкраінскім Луцку, сталіцы суседняй з Беларуссю Валыні, у сярэднявяковым замку Любарта адбыўся традыцыйны гастранамічны фэст, які ўпершыню наведала дэлегацыя кааператыва «Валожынскія гасцінцы».

Праведзена шмат цікавых сустрэч, наведаны стэнды шматлікіх гаспадарак, якія вырабляюць смачныя традыцыйныя і наватарскія харчовыя прадукты. Вельмі зацікавілі валожынцаў прадэманстраваныя хлябы, сыр, напіткі, соусы дамашняга вырабу, зробленыя паводле простых старажытных тэхналогій, і прытым – смачныя і якасныя. Уразіла сустрэча з мясцовым скульптарам Мыколам Галаванем, які жыве ва ўласнаручна ўпрыгожанай сядзібе – так званым «доме хімер».

Арганізатары фэсту сустрэлі нас вельмі прыязна і шчыра падзяліліся сакрэтамі поспехаў у правядзенні такіх якасных і шматлюдных імпрэз. Вельмі пазнавальнай была сустрэча з супрацоўнікамі рэстарана «Карона Вітаўта», дзе сябры кааператыва дакрануліся (ва ўсіх сэнсах) да сакрэтаў кухні часоў сярэдневякоўя.

Гэта паездка была толькі першым знаёмствам, «прыстрэлкай», каб ацаніць магчымасць нашага ўдзелу ў адным з наступных фэстаў. А луцкі фестывальны каляндар – дужа багаты і разнастайны, у ім шмат мерапрыемстваў самага рознага фармату. Чаму нас зацікавіў менавіта Луцк? Бо гэты старажытны горад мае шмат памятак з часоў Вялікага княства Літоўскага і таксама, як Валожын, сцісла звязаны з імем вялікага князя Вітаўта. Для будучага паспяховага ўдзелу нам, валожынцам, найперш трэба выбраць 1-2 ключавыя стравы, якія б годна прадставілі наш пушчанскі край і ўсю краіну. Ну і, вядома, дадатковую праграму, музыку, сувеніры, розную атрыбутыку. Вопыт, назапашаны ў правядзенні такіх імпрэз валынянамі, для нас пакуль што цяжкадасягальны, але менавіта таму і трэба вучыцца і даганяць. Прыемна, што ва Украіне да нас ставяцца прыхільна і па-сяброўску чакаюць.

Алесь БЕЛЫ



Добавить комментарий