Выйсці са змроку

Общество

    Членамі раённага аддзялення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку зараз з’яўляюцца 73 чалавекі. Гэта людзі розных узростаў, рознага сацыяльнага статусу, аб’яднаныя агульнай бядой, але з нерастрачанай жыццёвай энергіяй, з трывалым запасам грамадскай актыўнасці. Вось ужо 15 гадоў паспяхова кіруе арганізацыяй М. А. Невядомскі.

Кожны май члены БелТІЗ збіраюцца разам, каб абмеркаваць надзённыя праблемы і планы на будучыню. І сходы іх заўсёды вызначаюцца канструктыўнасцю, агульнай зацікаўленасцю да пытанняў, якія пастаўлены на абмеркаванне. Сёлета, яшчэ да пачатку мерапрыемства, інваліды 1-й і 2-й груп падпісалі зварот на імя прэм’ер-міністра А. У. Кабякова. Плануецца, што ўжо ў бліжэйшы час гэты дакумент будзе станоўча разгледжаны ўрадам. Справа датычыцца забеспячэння сляпых і слаба відушчых людзей інжынерна-тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Патрэбу ў многіх рэчах дзяржава забяспечвае бясплатна, але сёння далёка не кожны карыстальнік пагодзіцца на тэхніку нават не ўчарашняга, а пазаўчарашняга дня. “З нізоў” пайшла ініцыятыва, каб набываць сучасныя гаджэты са спецыяльнымі праграмамі для невідушчых за ўласныя сродкі, а частку расходаў пакрываць гарантаванай дзяржавай падтрымкай.

Тэхнічных навінак з’яўляецца ўсё больш. Ёсць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для смартфонаў “Штурман”, калі тэлефон становіцца літаральна “вачамі” для чалавека. Накіраваўшы камеру, можна “прачытаць” паказальнікі лічыльніка, анатацыю да лекаў, прайсці маршрут да бальніцы ці магазіна, сесці ў грамадскі транспарт. Для інвалідаў па зроку арганізаваны курсы, дзе вучаць карыстацца інавацыйнымі дапаможнікамі.

Традыцыйныя тыфлатэхнічныя сродкі (гадзіннікі, тэрмометры, таксометры, глюкометры з галасавой падтрымкай) таксама застаюцца запатрабаванымі. Раённая арганізацыя БелТІЗ рэгулярна аказвае падтрымку па іх набыцці. Штогод неабходна па графіку забяспечыць людзей пуцёўкамі ў рэабілітацыйны санаторый, гуманітарнай дапамогай. І гэта далёка не ўвесь пералік абавязкаў.

Клопат пра інвалідаў па зроку разнастайны. На такіх аб’ектах грамадскага транспарту, як метро, буйныя чыгуначныя і аўтавакзалы, існуюць спецыяльныя службы, якія займаюцца суправаджэннем інвалідаў да пункту прызначэння. У Мінску група маладых людзей аб’ядналася ў валанцёрскі атрад “Сокал”, і зараз яны па папярэдняй дамоўленасці гатовы суправаджаць сляпога чалавека па сталіцы.

Як бачым, грамадства праяўляе немалы клопат пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Закранулі члены БелТІЗ і праект безбар’ернага асяроддзя ў раёне. Але тут прагучала больш крытыкі, чым пахвалы. Выступоўцы скардзіліся на шматлікія парушэнні стандартаў. У прыватнасці, на экалагічнай сцежцы інвалідам-калясачнікам цяжка рухацца: з’езд зроблены, але з высокім вуглом нахілу, поручні нязручныя, лаўкі для адпачынку не прыдатныя, а туалет, быццам на здзек, наогул пабудавалі на пагорку… У райцэнтры таксама не ўсё гладка. Зусім нядаўна нанеслі новую разметку на дарогах, але пра парковачныя месцы для інвалідаў-аўтааматараў забыліся, бардзюры ўтапілі так, што і здаровы чалавек ногі паламаць можа…

Падымалася пытанне паслуг, якія раней былі ў раёне, а зараз чамусьці зніклі. Напрыклад, сацыяльныя цырульня, пральня, рамонт абутку. Для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі матэрыяльны бок жыцця стаіць вельмі востра.

Прадстаўнік абласнога ўпраўлення БелТІЗ С. А. Сянько, якая разам з М. А. Невядомскім старшынствавала на сходзе, заклікала членаў арганізацыі больш актыўна далучацца да культурных мерапрыемстваў. У лістападзе для інвалідаў па зроку пройдзе музычны фестываль, запланаваны конкурс чытальнікаў. Ёсць і спартыўныя спаборніцтвы, асабліва папулярныя па тэнісе і плаванні.

Людзі, нягледзячы на праблемы са здароўем, імкнуцца жыць цікава, годна. Аб’яднаўшыся разам, гэта даецца лягчэй…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *