Механізатар павінен быць, як “айцішнік”

Официально

    Такую думку выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ падчас правядзення чарговага прыёму грамадзян у райвыканкаме.

Сустрэчы дэпутата з жыхарамі раёна праходзяць актыўна і насычана. Вось і на гэты раз замест сямі чалавек, якія запісаліся на прыём, звярнуліся дванаццаць. Кожны з іх змог задаць хвалюючае пытанне і атрымаць адказ, хоць і не заўсёды задавальняючы. Але аб’ектыўны і самае галоўнае – сумленны. І гэта не раз падкрэсліваў Іван Станіслававіч у размове з людзьмі: “Не трэба даваць пустых абяцанняў. Варта, каб чалавек зразумеў, што рэальна можна зрабіць у яго выпадку, і дапамагчы – па-дзяржаўнаму і па-людску”.

У прыватнасці, неаднойчы звяртаўся да розных чыноўнікаў пенсіянер з вёскі Дзямідавічы з пытаннем, калі ж, нарэшце, можна будзе атрымаць свой уклад у банку, зроблены яшчэ ў савецкія часы – на рахунку сума была значная. Тады за пакладзеныя на працэнты грошы можна было купіць машыну, а цяпер кампенсацыі не хапае нават на ўпакоўку запалак. Дэпутат патлумачыў, што пасля рэформы 1991 года ў падобным становішчы апынуліся каля 10 працэнтаў актыўнага насельніцтва краіны. І каб прыняць адпаведны закон па вяртанні ўкладаў, трэба мець крыніцу фінансавання, а яе, на жаль, пакуль у дзяржавы няма.

Дапамагчы прыватызаваць жыллё, што прадаставіла ААТ “Суднікаўскі”, прасіў малады механізатар – адпаведную заяву напісаў яшчэ ў лютым, аднак справу па невядомых прычынах замаруджваюць. Згодна з заканадаўствам, права на выкуп ведамаснага дома маюць работнікі, якія адпрацавалі ў гаспадарцы не менш за 10 гадоў. Калі такі стаж ёсць, то неабходна пасадзейнічаць у замацаванні кадраў на вёсцы, патлумачыў Іван Станіслававіч. Але каб не сталася так, што пасля атрымання жылля ва ўласнасць не з’явілася заява аб звальненні з работы – практыка паказвае, што менавіта так і адбываецца ў большасці выпадкаў. Да таго ж на вёсцы маладым работнікам трэба не проста працаваць добрасумленна, але і развівацца: у наш час механізатара можна параўнаць з “айцішнікам”, які павінен на трактары ўмець выконваць усе аперацыі.

Узнімаліся таксама пытанні своечасовасці выплаты заработнай платы, працаўладкавання, прадастаўлення жылля, выдзялення зямельных участкаў, вяртання спадчыннай маёмасці.

Разам з тым, акрамя асабістага і набалелага, былі закрануты праблемы, якія патрабуюць разгляду на дзяржаўным узроўні. З імі звярнулася стараста вёскі. Гэта пытанні транспартнага падатку з аўтаўладальнікаў, аплаты за камунальныя паслугі і звадкаваны газ. Асабліва непакоіць пенсіянераў, чаму трэба двойчы аплачваць за вываз смецця: і ў горадзе, дзе яны прапісаны, і на вёсцы, дзе часова пражываюць у летні перыяд. Да таго ж для дачнікаў балон газу каштуе ў тры разы даражэй, чым для вяскоўца. Таксама непакояць пажылых людзей цэны на некаторыя тавары – з кожным новым прыездам аўталаўкі з’яўляецца і новая павялічаная цана. Па словах І. С. Маркевіча, гэтыя пытанні ўжо ўзнімалі дэпутаты перад кіраўніком дзяржавы. Прэзідэнт даў даручэнне ўраду дэталёва прааналізаваць становішча і прыняць, калі гэта неабходна, папраўкі ў адпаведнае заканадаўства.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий