Плённае супрацоўніцтва дзеля агульнай бяспекі

12227_3

    У аўторак у Палацы культуры горада Маладзечна прайшоў семінар па пытаннях узаемадзеяння органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях са сродкамі масавай інфармацыі. Удзел у ім прымаў і прадстаўнік раённай газеты “Працоўная слава”.

Распачалося мерапрыемства на тэрыторыі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада, дзе журналістам прадставілі тэхнічнае аснашчэнне, якое выкарыстоўваюць сёння выратавальнікі пры выездах на здарэнні, прадэманстравалі філігранную тэхніку дзеянняў пры пажарах. Для гэтага былі зымітаваны надзвычайныя сітуацыі. Хаця сапраўдны адкрыты агонь і няпростую барацьбу з ім называць імітацыяй было б не зусім правільна… Самым смелым і адважным майстрам пяра і фотаапарата прапанавалі апрануць баявое абмундзіраванне пажарнага, прайсці паласу псіхалагічнай падрыхтоўкі, самастойна патушыць полымя, спусціцца на альпінісцкай вяроўцы з вышыні пятага паверха і, вядома ж, папрактыкавацца ў аказанні “пацярпеламу” першай медыцынскай дапамогі.

У семінары, які адкрыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Максім Шышканаў, падкрэслівалася вялікая роля мас-медыя ў фарміраванні грамадскага меркавання і каштоўнасных прыярытэтаў. Між рэдакцыямі і аддзеламі па надзвычайных сітуацыях даўно распачата актыўная сумесная работа па папярэджанні пажараў і іншых здарэнняў тэхнагеннага, кліматычнага характару, тлумачэнні правіл бяспечных паводзін. І яна прыносіць свой плён. Як падкрэсліў выступоўца, дзякуючы аператыўнаму давядзенню прафілактычнай інфармацыі да насельніцтва дасягаецца рэальнае змяншэнне колькасці трагедый, дзякуючы надрукаваным матэрыялам удалося выратаваць не адно жыццё.

Падчас мерапрыемства з яго ўдзельнікамі пагутарыў і афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. Чыноўнік звярнуў увагу на тое, што вельмі важным момантам у падачы інфармацыі з’яўляецца аб’ектыўнасць і прафесіяналізм журналіста. Часам дзеля сенсацыі карэспандэнты свядома “раздзімалі з мухі слана” (такія факты здараліся!) – і ў выніку данесеныя імі да чытачоў словы ці няправільна сфармуляваныя думкі станавіліся прычынай куды большых бед, чым само здарэнне…

Напрыканцы семінара прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне прадстаўнікоў СМІ за актыўнае ўзаемадзеянне з тэрытарыяльнымі адзінкамі МНС. Дыпломы і сувеніры атрымалі карэспандэнты тэлеканала “БТ-1”, маладзечанскага і барысаўскага тэлебачання, радыё “Мінская хваля”, раённых газет “Голас Любаншчыны”, “Нясвіжскія навіны”, “Чырвоная зорка” і “Пухавіцкія навіны”. Віншуем калег!

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars