Пары па душы звычай стары

Общество

Работнікі ЗАГСа жадаюць зрабіць дзень рэгістрацыі шлюбу незабыўнай падзеяй для маладых і іх гасцей. У кожным ЗАГСе свой сцэнарый. Т. У. Яныш – не навічок у гэтай справе, узначальвае аддзел райвыканкама з 1990 года.

Першапачаткова ў Валожыне рэгістрацыя шлюбаў вялася толькі на рускай мове. Але Тамары Уладзіміраўне захацелася, каб у гэтай адказнай цырымоніі па стварэнню сям’і прысутнічалі традыцыі нашага народа, каб яна мела сваю спецыфіку. Давялося сесці за “падручнікі”, перагледзець шмат спецыяльнай літаратуры, каб пераканацца, што ў кожным рэгіёне Беларусі абрады трохі розняцца. І тады яна звярнулася за дапамогай да жыхароў нашага раёна, старажылаў. І знайшла, чым здзівіць маладых, сватоў ды і астатніх гасцей, якія задзейнічаны ва ўрачыстай рэгістрацыі. Сёння пры падачы заяў у аддзеле ЗАГС маладыя канкрэтна агаворваюць нават такі аспект: на якой мове будзе весціся рэгістрацыя іх шлюбу. Часцей за ўсё выбіраюць родную. А госці, асабліва прыезджыя здаля, потым шчыра дзякуюць работнікам за адметнасць рытуалу, душэўнасць і шчырасць, за выкарыстанне народных традыцый. Многія ўпершыню асэнсоўваюць прыгажосць і меладычнасць беларускай мовы, мудрасць абрадавых момантаў.

Дзмітрый КЛІМКОЎ і Святлана СЛАБОДСКАЯ

Напрыклад, у нас на Валожыншчыне існуе традыцыя, калі сваты падчас першага сумеснага танца спавіваюць маладых бацькоўскім ручніком, каб яны заўсёды былі разам. І стараюцца завязаць як мага больш вузялкоў: першы – на сярэбранае вяселле, другі – на залатое, трэці – на брыльянтавае. Вядучая  падносіць маладым кубачкі з зернем, грашамі, мёдам і вадой. Зерне ў народзе лічыцца сімвалам багацця, шчасця, дзеля гэтага маладых абсыпаюць зернем, каб яны былі багатыя, як шчодрая беларуская восень. Абсыпаюць грашамі, каб у доме маладых заўсёды вадзіліся грошы. Частуюць кубачкам духмянага мёду, каб у іх былі дзеткі да году. А ў заключэнне падносіцца кубак з вадой, каб яны былі чыстыя душой і думкамі, як вада з беларускіх крыніц. І гэта далёка не ўсе фальклорныя элементы ва ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, якія выкарыстоўваюць у сваёй практыцы работнікі ЗАГСа. Сам абрад вядзецца з душой, быццам кожная маладая пара – іх блізкія сваякі ці сябры. Такую атмасферу шчырасці, узнёсласці, цеплыні адзначаюць усе госці.

Наталля ШТЭЙНЕР.

Канстанцін РУБАЦКІ і Алена АЛЯКСЮК


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *