Ласы на чужыя запасы

Закон и порядок

У Валожынскім раённым аддзяленні Следчага камітэта ў маі расследаваліся 57 крымінальных спраў. Большую частку складаюць крадзяжы.

Цяжка сказаць, што прымушае чалавека ісці на парушэнне закона. Сярод зладзеяў сустракаюцца людзі розных узростаў, рознага дастатку і сацыяльнага становішча. Пасля затрымання амаль кожны раскайваецца ва ўчыненні злачынства…

Дзевяць дзён спатрэбілася праваахоўнікам на раскрыццё крадзяжу прадуктаў харчавання ў вёсцы Лабы. Акурат на Радаўніцу сюды прыехаў нідзе не працуючы, без пэўнага месца жыхарства, неаднойчы судзімы грамадзянін з Мінска. Мэта візіту ў яго была высакароднай: праведаць спачыўшых сваякоў. На магілках выпіў, ад знаходжання на свежым паветры захацелася есці. У магазін мужчына не пайшоў, бо не меў грошай, папрасіць кавалак хлеба ў вяскоўцаў не здагадаўся, а вось пранікнуць у чужы дом і пагаспадарыць там, не пасаромеўся. У выніку атрымаўся расклад “выпіў, украў, у турму”. “Перакус” з крымінальным смакам пагражае злодзею пазбаўленнем волі тэрмінам да чатырох гадоў.

Гэты ж грамадзянін абвінавачваецца і па другім эпізодзе крадзяжу, учыненым у красавіку. “Улоў” за два разы пранікнення ў чужыя дамы даволі важкі: дзве ўпакоўкі марожанай рыбы (мінтай і скумбрыя), паўтара кілаграма свіной грудзінкі, дзясятак яек, 300 грамаў сыру, супавы набор костак, фарш свіны, палка вэнджанай каўбасы, смятана, масла, слоік з тлушчам, бутэлька алею, нож і… гумовыя шлёпанцы.

Алена ЗБІРЭНКА,

Аксана САГАДЗІН, следчы, маёр юстыцыі



Добавить комментарий