Магазінны разбойнік

Закон и порядок

Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа па ч. 2 артыкула 206 – “рабаўніцтва”. Інцыдэнт адбыўся ў адным з вясковых магазінаў райспажыўтаварыства.

Як гэта здараецца даволі часта, супрацьпраўнае дзеянне справакавала нездаровая цяга да спіртнога. Мужчына, які абвінавачваецца ў рабаўніцтве, доўга ўпрошваў прадаўшчыцу адпусціць яму бутэльку гарэлкі “на павер”. Але слёзныя просьбы не расчулілі работніцу прылаўка. Ці то знешні выгляд пакупніка не ўнушаў даверу, ці то па якой іншай прычыне, але жанчына цвёрда стаяла на сваім: “Без грошай тавар не адпушчу!”

Жаданне выпіць зусім засланіла розум чалавеку. Ігнаруючы нормы і правілы, ён кінуўся да паліц з алкагольнай прадукцыяй, ухапіў паўлітроўку і ў імгненне вока засунуў яе ў кішэнь. Усе наведвальнікі магазіна ад такога нахабства аж знерухомелі. Як толькі масавы ступар скончыўся, на разборкі была выклікана міліцыя.

Учыненае законам класіфікуецца як цяжкае злачынства. І тое, што рабаўнік “разжыўся” ўсяго толькі бутэлькай гарэлкі, ніякай ролі не адыгрывае…

Алена ЗБІРЭНКА,

Аксана САГАДЗІН, следчы, маёр юстыцыі



Добавить комментарий