Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    У мінулым годзе ў Валожыне пачаў рэалізоўвацца праект па пракладцы оптавалаконных ліній. Першымі адчулі выгоды жыхары большасці дамоў па вуліцы Партызанскай, хаця адначасова гэта пацягнула за сабой змену дамашніх тэлефонных нумароў.

Ліміт на нумары, якія пачынаюцца з лічбаў 65, ужо вычарпаны. Першапачаткова стараліся захаваць абанентам апошнія тры лічбы, але не заўсёды гэта атрымлівалася, у некаторых нумары змяніліся карэнным чынам. Дарэчы, як паведамілі ў раённым вузле электрасувязі, за асобную плату можна атрымаць “элітны нумар”, абанент выбірае лічбы па ўласным жаданні. Оптавалаконныя сеткі пракладваюцца паэтапна. Зараз дзве брыгады сувязістаў працуюць у мікрараёне Папоўка, пераключаючы абанентаў у дамах на вуліцах Міру і Гагарына. Дайшла чарга і да апошніх дамоў па вуліцы Партызанскай і да вуліцы Чапаева, пра што сведчаць аб’явы, развешаныя на пад’ездах шматкватэрных дамоў. Работы па пракладцы новых ліній павінны быць завершаны ў верасні.

 

    26 мая на базе аздараўленчага лагера “Нёман” Стаўбцоўскага раёна адбыўся абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “Моладзь і будучае”, які прайшоў пад дэвізам “Нёман” збірае сяброў.

Кожны раён Міншчыны прадстаўлялі дэлегацыі ў складзе 10 вучняў 9-11 класаў плюс удзельнікі інтэрактыўных пляцовак. У нашай дэлегацыі былі старшакласнікі гімназіі і гарадскіх школ, Івянецкай сярэдняй. Усяго сабралася 300 маладых людзей. Працавалі 35 інтэрактыўных пляцовак “Крэатыўная прастора маладых”. А завяршыўся форум дыялогам-дыскусіяй “Адкрыты фармат”. На адной з такіх пляцовак Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прадстаўляў сваю бізнес-кампанію “Гліняны звон”. Была выстаўлена прадукцыя кампаніі, праводзіліся майстар-класы па вырабе івянецкай свістулькі і роспісу па гліне. Пляцоўка раённага цэнтра творчасці называлася “Свята і настрой”, тут праводзіўся майстар-клас па вырабе адкрытак. Увогуле, у той дзень можна было пабываць у лабараторыі робататэхнікі, паўдзельнічаць у чытанні вершаў Я. Коласа і адказаць на пытанні віктарыны па творчай біяграфіі паэта, навучыцца вырабляць сувенірныя дошчачкі, нацыянальных лялек, агароджы з лазы, вырабы са скуры, паназіраць за запускам паветраных змеяў, убачыць паказальныя выступленні на скейтбордах, роліках, веласіпедах і многае іншае.

 

    IХ Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных промыслаў і мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” прайшоў напрыканцы мая ў Верхнім горадзе на плошчы Свабоды ў Мінску, ля Ратушы.

На яго з’ехаліся каля 500 майстроў з усёй Беларусі. Наш раён прадстаўлялі члены народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” РЦК Алег і Ірына Капусты (ганчарства), Наталля Лукашык з дачкой Мар’янай (сувенірная лялька), Хрысціна Лямбовіч (ткацтва пояса), Наталля Рэут (выцінанка), Кастусь Пятроўскі (кавальства) і Канстанцін Матус (жывапіс). Дыпломы з грашовымі прэміямі за трэцяе месца атрымалі Наталля Лукашык, Хрысціна Лямбовіч і Наталля Рэут.

 

    У маі ў раён для тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дастаўлена чарговая партыя гуманітарнай дапамогі ад Хрысціянскага саюза маладых людзей з нямецкага горада Аберхаўзэна. Сума грузу – 13 тысяч еўра.

У дабрачынным грузе – прагулачныя каляскі для дзяцей, падгузнікі для дарослых, абутак, адзенне, цацкі. Непасрэдна для цэнтра дастаўлена папера для работы на прынтарах і ксераксах. Зараз чакаецца растаможванне гуманітарнага грузу.

 

    Апошнія дні навучальнага года былі вельмі напружанымі для выхаванцаў і выкладчыкаў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў з-за шматлікіх конкурсаў і фестываляў.

У міжнародным харавым фестывалі “Табе, мамачка!”, што прайшоў у літоўскім горадзе Рудаміне, прымалі ўдзел вакальны ансамбль “Іслачанка” (кіраўнік Юлія Скурко) і вакальны ансамбль хлопчыкаў (кіраўнік Наталля Гурына). За годнае прадстаўленне твораў сучасных беларускіх кампазітараў яны атрымалі дыпломы. Праходзіў таксама Рэспублікаскі фестываль-конкурс  “ЛьВёнак” (“Лідскі вянок”). Дзіцячы інструментальны ансамбль “Менестрэлі” (кіраўнік Кацярына Дварэцкая) вярнуўся з Ліды з дыпломам і прысваеннем звання лаўрэата III ступені. Таксама сталі вядомы вынікі іншых конкурсаў. Дыплом другой ступені інтэрнэт-конкурсу “Мы разам” у Ніжнім Ноўгарадзе атрымаў вакальны ансамбль “Іслачанка”. Званне лаўрэата другой ступені II міжнароднага творчага інтэрнэт-конкурсу “Галерэя талентаў”, што праводзіўся ў горадзе Міясы Чалябінскай вобласці, прысвоена ансамблю “Менестрэлі”.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars