У трэці раз другія

novosti-23-01-1

    Аказваецца, і другое месца можа выклікаць слёзы…

У Стоўбцах прайшоў фінал абласных спаборніцтваў па міні-футболе на прызы “Кубак Coca-cola. “Уступай у гульню!”. У іх прынялі ўдзел 6 каманд, якія былі разбіты на дзве падгрупы. Спаборніцтвы праводзяцца з 2012 года. Трэці год запар гонар нашага раёна абараняла каманда дзяўчат Багданаўскай сярэдняй школы 2002-2003 гадоў нараджэння. З першай спробы юныя футбалісткі не толькі трапілі ў фінал абласных спаборніцтваў, але і сталі другімі прызёрамі. Летась – паўтарылі свой вынік. Але пасля фінальнай гульні былі не слёзы радасці… Паўгадзіны сярэбраныя прызёркі плакалі ў голас з-за недарэчнасці, з-за таго, што фартуна была больш прыхільнай да іх саперніц. Прайгралі яны тады фінальны матч па пенальці, прапусціўшы наперад сваіх равесніц з Пухавічаў.

Сёлета карціна паўтарылася. Здаецца, што нейкі злы рок праследуе футбалістак. У сваёй падгрупе наша каманда “Надзея” была лепшай. Але перад фінальнымі гульнямі нечакана захварэла капітан каманды, таленавітая футбалістка Паліна Шчарбачэвіч. Каманду ў тэрміновым парадку даўкамплектавалі іншымі ігракамі. Трэба зазначыць, што яны не падвялі. Добра праявіла сябе ў паўабароне Вераніка Карачун з Івянца, надзейна сыграла Вольга Капыш з Гародзькаўскай СШ. Зладжана ігралі Анжаліка Трыпуцька, Яна Явідовіч і Вольга Кавалеўская з асноўнага саставу. З лікам 2:0 нашы дзяўчаты перамаглі каманду Клецка, па пенальці выйгралі ў сваіх равесніц з Нясвіжа. А вось у барацьбе за першае месца па пенальці, з лікам 1:2 уступілі на гэты раз камандзе з Беразіно. Іншыя б радаваліся, а нашы футбалісткі зноў стаялі на п’едэстале з вачамі, поўнымі слёз. Бо ўсе спецыялісты адзначалі высокі ўзровень іх гульні. Саперніцы не стварылі ніводнай атакі ля варот багданаўскай каманды. Але… фартуна аказалася да іх больш літасцівай. Што ж, спорт ёсць спорт…

Настаўнік фізкультуры Казімір Іванавіч Бітэль, які трэніруе каманду, адзначае вельмі моцны састаў, прыроджаны талент у некаторых юных футбалістак. Дарэчы, за каманду іграюць дзяўчаты не з самых лепшых сем’яў, некаторыя выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, у мясцовым прытулку, што створаны пры Багданаўскім касцёле. Магчыма, футбол дасць ім шанц выбіцца ў людзі. У першую чаргу гэта тычыцца васьмікласніцы, капітана каманды Паліны Шчарбачэвіч. Летась яе назвалі лепшым бамбардзірам турніру, аўтарам самага прыгожага гола. Настаўнік марыць, што яго выхаванак заўважаць, і яны працягнуць вучобу ў Рэспубліканскай школе алімпійскага рэзерву. Таленты трэба падтрымліваць!

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars