Адбыўся рэгіянальны конкурс

Адбыўся-рэгіянальны-конкурс-2

VII Рэгіянальны конкурс-пленэр маладых пейзажыстаў імя Фердынанда Рушчыца – мастака, графіка, сцэнографа, прафесара жывапісу – адбыўся на радзіме нашага славутага суайчынніка – у Багданаве.

У пленэры прынялі ўдзел 25 юных мастакоў, што прадставілі ўсе дзіцячыя школы мастацтваў раёна. Акрамя гэтага, удзельнікамі сталі 3 юныя мастакі з Ракаўскай сярэдняй школы і 3 – са сталічнай школы-студыі мастацтваў.

Арганізатары і госці пленэру наведалі фамільныя могілкі сям’і Рушчыцаў, дзе ўсклалі кветкі. Пасля ў Багданаўскім філіяле Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да канкурсантаў звярнуўся член саюза мастакоў Беларусі, старшыня журы Алесь Адамавіч Квяткоўскі.

Цікавую і займальную прэзентацыю «Рамантык з Багданава» падрыхтавала настаўніца Кацярына Мікалаеўна Юзяпчук. Затым на працягу некалькіх гадзін удзельнікі стваралі свае карціны. Пляцоўкай для работы, як заўсёды, стала сядзіба Рушчыцаў. Кожны мастак пастараўся знайсці свой ракурс на непаўторны пейзаж, зафіксаваць цудоўныя моманты з жыцця прыгожага кутка Валожыншчыны.

Пленэр-конкурс праводзіўся ў дзвюх узроставых катэгорыях – малодшай і старэйшай. Першае месца ў старэйшай групе атрымала работа Кацярыны Цісецкай з Мінска. У малодшай катэгорыі лепшым прызнаны твор Яны Лукашык з Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў. Два другія месцы падзялілі Максім Губіч з Гародзькаўскага філіяла Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў і Вадзім Ганчарык з Дорскага філіяла Івянецкая дзіцячай школы мастацтваў. Трэція месцы прысуджаны Лізавеце Семяненка з Ракаўскай сярэдняй школы і Вераніцы Бобрык з Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў.

Прызы ад аднаго з арганізатараў мерапрыемства ГА «Польска Мацеж Школьна» ўручыла старшыня Валожынскага аддзела Ала Аляксандраўна Макарэвіч.

Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы і памятныя сувеніры ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Усе работы юных мастакоў засталіся ў Багданаве, дзе будуць выстаўлены ў музеі, зала якога знаходзіцца ў будынку Багданаўскага філіяла Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Алена КАРАВАЙСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Адбыўся-рэгіянальны-конкурс-1

Адбыўся-рэгіянальны-конкурс-2

Адбыўся-рэгіянальны-конкурс-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars