І плакаў, і смяяўся званок апошні на ўрок…

І-плакаў,-і-смяяўся-званок-апошні-на-ўрок-2

    Урачыстасці з нагоды заканчэння вучэбнага года прайшлі ў школах раёна. Наперадзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак тры месяцы адпачынку. А вось для 526 выпускнікоў 9-х і 11-х класаў толькі пачынаецца гарачая пара – іх чакае мноства хвалюючых падзей: экзамены, выпускныя балі і самае адказнае – паступленне ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У мерапрыемстве, прысвечаным апошняму званку, што адбылося ў гімназіі № 1 г. Валожына, прыняў удзел старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады сардэчна вітаў навучэнцаў і іх бацькоў, а таксама педагагічны калектыў установы. Прагучаў яго шчыры наказ юнакам і дзяўчатам, якія ў гэты дзень назаўсёды развітваліся са статусам школьнікаў. Мікалай Анатольевіч пажадаў героям свята не разгубіцца ў віры жыццёвых перыпетый, абавязкова знайсці сябе ў прафесіі, праявіць грамадзянскую актыўнасць, рэалізаваць свае здольнасці, уласнымі намаганнямі пабудаваць асабістае шчасце і праз гады пранесці ў сэрцы любоў і ўдзячнасць да роднай зямлі, да бацькоў і настаўнікаў, якія разам са сваімі гадаванцамі прайшлі ўвесь школьны шлях, напоўнены клопатам, трывогай, радасцю і надзеяй.

Старшыня райвыканкама ўручыў 60-і гімназістам  прэміі ў намінацыях “Інтэлектуальная вяршыня”, “Свет творчасці”, “Спартыўны алімп”. Шчаслівымі ўладальнікамі ўзнагарод сталі тыя, хто найбольш яскрава праявіў сябе падчас алімпіяд, навуковых і творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Падзякамі адзначаны 14 педагогаў, чыімі стараннямі юныя інтэлектуалы, творцы, спартсмены змаглі прыйсці да выдатных вынікаў.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Іванаўна Мілюткіна ўручыла дыпломы пераможцам раённага конкурсу “Вучань года-2017”. Гэтага тытула ўдастоены выпускнікі Дар’я Лугіна, Ксенія Віршыч, Ларыса Побаль, Мікалай Баркоўскі, Артур Клімовіч.

Дырэктар гімназіі Алена Іванаўна Клачко падчас свайго выступлення таксама выканала пачэсную місію. Памятны падарунак і дыплом рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” атрымаў пераможца конкурсу творчых работ “Залатое пяро Белай Русі-2017” вучань 9 класа Уладзімір Трус.

Кіраўнік установы адукацыі з гонарам агучыла вынік работы педагагічнага і вучнёўскага калектываў за год – 67 гімназістаў маюць сярэдні бал 9 і 10, 11 выпускнікоў прэтэндуюць на залаты медаль, 3 – на пасведчанне з адзнакай. Алена Іванаўна падзякавала вучням, бацькам і настаўнікам за разуменне, працавітасць і імкненне ісці да мэты згуртаванай камандай.

Цёплыя словы ў адрас маладых людзей прагучалі з вуснаў першай настаўніцы Вольгі Сямёнаўны Дзеніс, класнага кіраўніка Таццяны Георгіеўны Сцерахавай, а таксама маці аднаго з выпускнікоў – Наталлі Мікалаеўны Кавяза. Адбыўся традыцыйны абмен наказамі паміж галоўнымі дзеючымі асобамі ўрачыстасці – выпускнікамі і іх паслядоўнікамі – першакласнікамі. І вось апошні званок, які было даручана даць вучню 11 класа Артуру Клімовічу і вучаніцы 1 класа Маргарыце Маразоўскай, прагучаў… Услед за ім наваколле напоўнілі чароўныя гукі вальса. У святочнай прасторы закружылі пары… Шчымлівы момант развітання са школьным дзяцінствам для адных і з чарговым навучальным годам для іншых стаў гісторыяй.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Сяргея БОБРЫКА

І-плакаў,-і-смяяўся-званок-апошні-на-ўрок-1

І-плакаў,-і-смяяўся-званок-апошні-на-ўрок-2

І-плакаў,-і-смяяўся-званок-апошні-на-ўрок-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars