Даюць другое жыццё сельскагаспадарчым землям

Даюць-другое-жыццё-сельскагаспадарчым-землям-3

    Праца меліяратараў няпростая, але вельмі патрэбная, яна накіравана на паляпшэнне ўласцівасцей зямель, на павышэнне прадукцыйнасці. У выніку іх дзейнасці гаспадаркі раёна атрымліваюць урадлівыя сельгасугоддзі.

На балансе ДУП “Валожынскае ПМС” знаходзіцца больш за 17 тысяч гектараў асушаных зямель, што складае амаль 20% ад агульнай плошчы раёна, 1,5 тысячы кіламетраў каналаў, на якіх размешчана 376 гідратэхнічных збудаванняў, а таксама больш за 60 км дарог. Працуюць у калектыве 79 чалавек.

У снежні 2016 года прадпрыемствам здадзены  аб’ект меліярацыйнай сістэмы “Валожынка”, агульная плошча якога складае 140 га. На яго рэканструкцыю было выдзелена каля 180000 рублёў. Зараз ён перададзены на карыстанне СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”.

Справа аднаўлення меліяраваных зямель адказная і працаёмкая. Пабудаваныя сістэмы разлічаны на 30 гадоў эксплуатацыі, бо дрэнаж паступова забіваецца, мясцовасць зноў забалочваецца, землі немагчыма выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасці. Для правядзення рэканструкцыі ў першую чаргу неабходна зрабіць архітэктурны праект меліярацыйнай сеткі. На першым этапе прамываецца стары дрэнаж, праводзяцца геадэзічныя здымкі мясцовасці, ачышчаецца сетка каналаў, выкарчоўваецца дрэвава-хмызняковая расліннасць. На здадзеным аб’екце “Валожынка” ёй было занята 54% плошчы. Складзіраванне ламачча адбываецца згодна з праектам у спецыяльна адведзеным месцы і адпаведным чынам. Калі работа праведзена правільна, то за тры гады рэшткаў амаль не застаецца. Такі спосаб утылізацыі дае вялікую эканомію грашовых сродкаў, на вышэйназваным аб’екце яна склала 20% ад сумы агульных расходаў.

На другім этапе кладзецца новы дрэнаж. Пасля чаго меліяратары праводзяць ворыва, дыскаванне і выраўноўванне глебы. Ачышчаныя руслы меліярацыйных каналаў умацоўваюцца дзёрнам. Падрыхтаваныя землі перадаюцца сельгаспрадпрыемствам, якія выкарыстоўваюць іх па назначэнні. Для таго, каб падтрымліваць гэтыя сельгасугоддзі ў належным стане, неабходна праводзіць абслугоўванне меліярацыйнай сеткі. Гэта абкос, падчыстка дрэвава-хмызняковай расліннасці, пабелка і дробны рамонт гідратэхнічных збудаванняў.

Працэс рэканструкцыі вельмі працаёмкі, для кожнага віду работ патрэбна адпаведная тэхніка. На балансе ПМС бульдозеры, экскаватары, калёсныя трактары, самазвалы, аўтакраны, цягач, а таксама розныя прычапныя прыстасаванні.

Праца меліяратараў сезонная, летам рабочы дзень доўжыцца ад світання да позняга вечара. З сярэдзіны мая на трактарах пачалі абкошваць каналы. Патрэбна прыкладаць пастаянныя намаганні, каб падтрымліваць гэтыя водныя артэрыі ў рабочым стане. Механізатары ПМС па дагаворах падраду абкошваюць і вызначаныя сельвыканкамамі тэрыторыі. Работнікі прадпрыемства працавалі на будаўніцтве ФАКа ў райцэнтры, аўтадарогі М14 другой кальцавой вакол Мінска, цяпер шчыруюць на аўтадарозе М6 Мінск-Гродна. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм у бліжэйшы час павінна атрымаць ліцэнзію, якая дазволіць весці работы па будаўніцтве і добраўпарадкаванні.

Працаваць меліяратарам няпроста. Трэба не толькі добра ведаць сваю справу, але яшчэ і быць вынослівым, дужым, у добрай фізічнай форме, бо працоўны час яны праводзяць галоўным чынам пад адкрытым небам, нягледзячы на надвор’е.

Шмат гадоў шчыруюць на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм экскаватаршчыкі Валянцін Борыс, Аляксандр Рынкевіч, Яраслаў Завадскі, Мікалай Дваракоў і вадзіцелі Аляксандр Шчарбачэвіч, Валерый Макарэвіч, Мікалай Мацюшка, аўтакранаўшчык Антон Чабай. Працоўны стаж у ПМС гэтых работнікаў перавышае 30 гадоў. Экскаватаршчык Вацлаў Бакштановіч, трактарыст Леанід Жук, бульдазерыст Анатоль Міхалевіч у свой час былі ўзнагароджаны знакам «Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь». Усе яны прыйшлі на прадпрыемства ў далёкія 80-я гады і сталі сапраўднымі прафесіяналамі. Гэта “залаты” фонд арганізацыі, імі ганарыцца калектыў, на іх раўняюцца маладыя.

Напярэдадні прафесійнага свята хочацца павіншаваць меліяратараў і пажадаць моцнага здароўя і поспехаў у іх нялёгкай справе.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Даюць-другое-жыццё-сельскагаспадарчым-землям-1

Даюць-другое-жыццё-сельскагаспадарчым-землям-2

Даюць-другое-жыццё-сельскагаспадарчым-землям-3

    Л. С. ЖУК працуе на прадпрыемстве меліярацыйных сетак з 1985 года, з’яўляецца «Ганаровым меліяратарам Рэспублікі Беларусь». Шмат гадоў Леанід Сцяпанавіч шчыраваў на цяжкіх гусенічных трактарах «Т 100», «Т 130», «Т 170». Не так даўно перасеў за руль больш лёгкага «Беларуса 82». Мы засталі мужчыну, калі той абкошваў каналы меліярацыйнай сістэмы “Валожынка”.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars