Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    У Валожыне доўгія дзесяцігоддзі існавалі праблемы з якаснай тэлетрансляцыяй. Не дапамог і ўзведзены ў свой час за немалыя грошы рэтранслятар. Надышла эра спадарожнікавых талерак, але не ўсім яны былі па кішэні. Зусім па-новаму запрацавалі тэлевізары, калі было падключана кабельнае тэлебачанне. Пазней у яго з’явіўся канкурэнт – “ZALA”.

Абаненты кабельнага тэлебачання паступова перавагу аддаюць менавіта ёй. З пракладкай сетак оптавалаконных ліній у райцэнтры, што гарантуе высокую якасць інтэрактыўнага тэлебачання, “Белтэлекам” прапануе яшчэ і вельмі выгадныя пакеты паслуг. У раённым вузле электрасувязі паведамілі, што толькі ў Валожыне ўжо налічваецца 1750 абанентаў “ZALA”, сярод іх 750 – у кватэрах, дзе падведзены оптавалаконныя сеткі, у Івянцы — 1294 абаненты, у Ракаве – 1259. Яшчэ 650 сельскіх абанентаў вузел электрасувязі забяспечыў спецыяльнай прыстаўкай, і яны набылі магчымасць карыстацца эфірнай “ZALAй”. Пры планавым заданні 34 новыя падключэнні, па даных на 29 мая, былі падключаны 48 карыстальнікаў. І кожны месяц рэгіструецца да 50 новых абанентаў “ZALA”.

 

    У канцы мая адбыўся абласны семінар маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”, які праходзіў на Лагойшчыне, у мясцінах, звязаных з імем народнага песняра.

Форум творчай моладзі ладзіўся пад эгідай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама і Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна.  На яго былі запрошаны тры прадстаўнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК. Праўда, па розных прычынах прысутнічаў на семінары толькі навучэнец Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя Аляксей Пінчук.  Спецыяльна да семінара быў выпушчаны дзясяты зборнік твораў маладых паэтаў, у які ўвайшлі вершы А. Пінчука, а таксама членаў “Руні” студэнткі БДУ Крысціны Чармных і вучаніцы 9 класа Івянецкай СШ Дар’і Бібік.

 

    Выхаванцы школ мастацтваў раёна ўпершыню прымалі ўдзел у адкрытым фестывалі-конкурсе для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлы Жу-жа”, які праходзіў у Гальшанах на Гродзеншчыне.

Дыплом лаўрэата III ступені і дыплом I ступені ўручаны цымбалістцы Лізавеце Каткоўскай і баяністцы Маргарыце Задрэйка з Івянецкай школы мастацтваў імя К. Паплаўскага. Дыпломамі III ступені адзначаны выступленні выхаванак Дорскага філіяла гэтай школы юнай піяністкі Софіі Пратасевіч і цымбалісткі Ганны Гармажапавай.

 

    26-28 мая ў Пухавіцкім раёне прайшоў абласны турыстычны злёт школьнікаў.

У ім прыняла ўдзел каманда нашага раёна, у якую ўвайшлі 12 старшакласнікаў гімназіі № 1 і СШ № 2 райцэнтра. Камандзір – вучань 11 класа СШ № 2 Фёдар Міхеткін. Самы лепшы вынік яны прадэманстравалі ў віктарыне па краязнаўстве.

 

    У апошняй дэкадзе мая выратавальнікі РАНС двойчы выязджалі на тушэнне пажараў.

Першы выклік быў у вёску Забрэззе, дзе гарэў блочны хлеў. Пабудова была неэлектрыфікавана. У ходзе праверкі ўстаноўлена, што гаспадыня побач з хлявом, на адлегласці менш за метр, паліла смецце. Гэта і справакавала пажар. Знішчаны дах, хлеў выгараў знутры. Часткова знішчаны дровы, што там захоўваліся. 22 мая паступіла паведамленне аб загаранні хлява плошчай 9х4 метры ў вёсцы Бомбалы Валожынскага сельсавета. Пажар здарыўся ў 9.51, яго позна заўважылі, паколькі большасць вяскоўцаў у той час былі на працы. Пабудова знішчана ўшчэнт. Прычына пажару высвятляецца.

 

   З надыходам летняга часу многія магазіны райцэнтра змянілі графік работы.

Першым пераарыентаваўся магазін “Еўраопт”, які з 1 мая падоўжыў графік работы да 23-х гадзін. З 20 мая перайшоў на летні час і магазін “Акіян”, які таксама працуе цяпер да 23-х. А вось магазін “Мясная лаўка” (“Глобус”) пачынае працоўны дзень на гадзіну раней – з 7-і і працуе да 20-і. Праўда, сведчыць пра змену графіка невялікая аб’ява на дзвярах крамы. Вялікая шыльда, што здалёк кідаецца ў вочы, уводзіць патэнцыяльных пакупнікоў у зман, на ёй указаны стары рэжым работы.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars