Патлумачылі правілы паводзін на вадзе

Патлумачылі-правілы-паводзін-на-вадзе

    У рамках тыдня бяспекі на вадзе напярэдадні летніх канікул у Вішнеўскай, Сакаўшчынскай навучальных установах, а таксама ў школах райцэнтра з вучнямі правялі заняткі-практыкумы старшыня райарганізацыі ТВВОД Юльян Міхайлавіч Балдоўскі і выконваючы абавязкі галоўнага ўрача раёна Альфрэд Зянонавіч Нехвядовіч.

Спецыялісты расказалі дзецям і падлеткам, як трэба сябе паводзіць пры наведванні вадаёма, чаго асцерагацца, растлумачылі асноўныя правілы аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым. Вядома ж, адна з важнейшых гарантый бяспечнага адпачынку на вадзе – гэта ўменне добра плаваць. Але нават добры плывец павінен захоўваць пастаянную асцярожнасць і дысцыпліну. Месцы для купання трэба выбіраць там, дзе чыста, роўнае пясчанае дно, невялікая глыбіня і няма моцнага цячэння.

Купацца можна толькі пры добрым самаадчуванні, пад наглядам дарослых і там, дзе арганізавана дзяжурства выратавальнікаў. Знаходзіцца ў вадзе дзецям пажадана не больш за 5-7 хвілін. Нельга купацца адразу пасля прыёму ежы, трэба пачакаць 30-45 хвілін. Не варта плаваць у глыбокіх ці незнаёмых месцах, скакаць у ваду з непрыстасаваных узвышэнняў.

Катэгарычна забараняецца весці гульні, падчас якіх “топяць” іншых. Нельга спантанна ныраць і хапаць кагосьці за ногі – перапалоханы чалавек можа выпадкова нанесці траўму жартаўніку. У спякотныя сонечныя дні купацца рэкамендуецца ў галаўных уборах. Пасля выхаду з вады трэба добра выцерціся і прамакнуць вушы.

Калі дзіця ўсе-такі пацярпела ад вады, у першую чаргу трэба даць яму магчымасць добра адкашляцца, затым вынесці з вады, ахінуць ручніком, супакоіць і напаіць цёплым чаем.

Таксама пад кіраўніцтвам прадстаўніка медыцыны вучні патрэніраваліся рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца, а таксама атрымалі кампетэнтныя адказы на зададзеныя па тэме пытанні.

Падобныя акцыі будуць працягнуты ў час наведання летніх аздараўленчых лагераў. Дарэчы, як адзначыў Ю. М. Балдоўскі, усе месцы адпачынку на вадаёмах ужо гатовы да масавага наведвання, а дно на кропках купання агледжана і ачышчана вадалазамі Вілейскай выратавальнай станцыі, якія працавалі ў нашым раёне па спецыяльна заключаных з райарганізацыяй ТВВОД дагаворах.

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars