І павучыліся, і вопытам падзяліліся…

Общество

Памылкова думаюць многія, што школьныя канікулы – гэта час адпачынку і для вучняў, і для настаўнікаў. Калі першыя цалкам аддаюцца гульням, забавам і аздараўленню, то другія выкарыстоўваюць яго, каб заняцца самаадукацыяй. Яшчэ хтосьці з вялікіх сцвярджаў, што дрэнны той настаўнік, які не вучыцца або вучыцца мала. А ўнутранае імкненне педагогаў самаўдасканальвацца перадаецца і вучням, і ў гэтым назіраецца пэўны прагрэс.

Зімовыя канікулы ўжо традыцыйна сталі часам правядзення раённай навукова-практычнай канферэнцыі настаўнікаў. “Такія навукова-практычныя форумы, – зазначыла загадчык метадычнага кабінета РАА Аксана Антонаўна Ціхановіч, – патрэбны дзеля абмену вопытам. Важна абагуліць і распаўсюдзіць эфектыўную педагагічную практыку па пэўнай праблеме або пытанню ва ўсе школы раёна. Ды і тут адразу вылучаюцца тыя настаўнікі, якія змогуць прадставіць раён на абласным і рэспубліканскім узроўнях”.

Тэма сёлетняй, восьмай па ліку, канферэнцыі была акрэслена яшчэ ў пачатку навучальнага года – “Выкарыстанне міжпрадметных сувязей на ўроках як сродак павышэння якасці адукацыі”. Дыягностыка паспяховасці і прафесійных цяжкасцей педагогаў, якую правялі метадысты раённага аддзела адукацыі напрыканцы мінулага навучальнага года, паказала, што менавіта гэта пытанне з’яўляецца для многіх праблемным. Сёлета ў канферэнцыі паўдзельнічалі 19 устаноў адукацыі, 40 навуковых работ было дапушчана да абароны. Найбольш актыўнымі аказаліся педагогі СШ № 2 райцэнтра (прадставілі 7 работ), СШ № 1 (6 работ), Ракаўскай СШ і гімназіі (5 і 4 работы адпаведна). Усе ўдзельнікі працавалі ў пяці секцыях: “Пачатковыя класы. Інтэграванае навучанне. Дэфекталогія”, “Беларуская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура. Замежныя мовы”, “Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка”, “Хімія. Геаграфія. Гісторыя. Працоўнае навучанне. Выяўленчае мастацтва. Фізічная культура і здароўе”.

Мне давялося папрацаваць у секцыі № 3 разам з настаўнікамі-філолагамі. Асабліва ўразіла работа настаўніцы з Івянца Вольгі Іванаўны Койры. Яна распрацавала тэматычнае планаванне па рускай літаратуры з 5 па 11 клас, у якім прасочваецца цесная сувязь гэтага прадмета з іншымі дысцыплінамі. “Ды і як можна вывучаць асобна тое, што існуе ў сістэме”, – зазначыла настаўніца. Наогул, руская літаратура па шырыні выкарыстання міжпрадметных сувязей займае першае месца, яна звязана з усімі школьнымі прадметамі, а таксама з відамі мастацтва. Нездарма ж сцвярджаюць, што літаратура – гэта мастацтва слова. У рабоце Вольгі Іванаўны паказана, што пры знаёмстве з пісьменнікамі і паэтамі, вывучэнні іх твораў могуць спатрэбіцца і матэматыка, і геаграфія, і гісторыя, і нават жывапіс, скульптура, і музыка. Да таго ж у планаванні ўказаны пералік спектакляў па вывучаемых творах, якія ідуць зараз у сталічных тэатрах і якія неабходна паглядзець.

Журы ацэньвала не толькі змест работы, але і самастойнасць думак, пабудову абароны. Найбольш каштоўнымі аказаліся тыя, якія мелі практычную накіраванасць і канкрэтныя распрацоўкі. 21 работа была станоўча адзначана, іх аўтарам былі ўручаны граматы начальніка аддзела адукацыі. Найбольшую колькасць – 5 грамат – атрымалі настаўнікі СШ № 2, 4 граматы – СШ № 1. У бліжэйшы час плануецца выдаць зборнік з матэрыяламі канферэнцыі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий