Шлюб з нацыянальнай афарбоўкай

Шлюб-з-нацыянальнай-афарбоўкай-1

У бягучым годзе органы ЗАГС адзначаць 100-годдзе з дня ўтварэння. Да гэтай слаўнай даты супрацоўнікі ўстаноў рыхтуюцца загадзя.

Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь зацверджаны план мерапрыемстваў, адным з пунктаў якога з’яўляецца правядзенне агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Спецыялісты Валожынскага ЗАГС у рамках конкурсу плануюць абараніць сцэнарый рэгістрацыі шлюбу з выкарыстаннем элементаў традыцыйнага яўрэйскага вяселля. Як узнікла гэта ідэя? Справа ў тым, што работнікі аддзела пастаянна пашыраюць пералік паслуг, у тым ліку арганізуюць рэгістрацыі шлюбу па індывідуальных сцэнарыях, выязныя рэгістрацыі. Апошнім часам стала модна жаніцца ў нацыянальным стылі. Часцей за ўсё пары выбіраюць сцэнарый з выкарыстаннем беларускай народнай абраднасці. Аднак Валожыншчына – край шматнацыянальны. Спецыялістамі ўжо створаны і сёння запатрабаваны сцэнарыі, што прадугледжваюць этнічную прыналежнасць маладажонаў да палякаў, рускіх, украінцаў. У сувязі з тым, што даволі часта нашы юнакі і дзяўчаты знаходзяць сваіх палавінак сярод жыхароў Ізраіля, узнікла патрэба ў сцэнарыі з выкарыстаннем нацыянальных асаблівасцей яўрэйскага вяселля.

Начальнік аддзела ЗАГС Тамара Уладзіміраўна Яныш патлумачыла: “Калі мы гаворым аб адметнасцях шлюбнага абраду, якія выкарыстоўваем у рабоце, то маем на ўвазе народныя традыцыі, а не рэлігійны бок пытання. Перш чым прыступіць да стварэння сцэнарыя, знаёмімся са спецыяльнай літаратурай, вывучаем відэа ў інтэрнэце. У выніку атрымліваецца кампіляцыя на аснове ўсяго прачытанага і ўбачанага”.

Сёння стылізаваны абрад вяселля для людзей яўрэйскай нацыянальнасці створаны. Перад тым як прапанаваць яго сапраўдным маладажонам, было вырашана правесці рэпетыцыю. Дапамагчы выклікаліся работнікі культуры. Яны і выканалі ўсе ролі падчас пастаноўкі. У якасці гасцей прысутнічалі супрацоўнікі службаў, што дзеляць будынак з ЗАГСам.

У зале рэгістрацый быў створаны спецыяльны шацёр (хупа), які ў яўрэйскай традыцыі сімвалізуе дом, дзе плануе жыць маладая сям’я. Узнавілі арганізатары і абрад бедэкен (калі жаніх апускае на твар маладой вэлюм). Гэты момант гаворыць аб гатоўнасці мужчыны абараняць сваю жанчыну. Жаніха і нявесту ў зал уводзілі паасобку. У адрозненне ад звыклага правядзення рэгістрацыі, калі маладыя стаяць побач, на яўрэйскім вяселлі жаніх знаходзіцца пад хупай, а нявеста тварам да яго. Улічылі арганізатары і тое, што лічба “7” для яўрэяў мае магічны сэнс – нявесту вакол жаніха абводзілі менавіта сем разоў. Трэба сказаць, што супрацоўнікі РЦК творча падышлі да рэалізацыі цікавага праекта, яны пастараліся, каб кожны персанаж абраду выглядаў як мага больш натуральна. У мужчын на галовах былі кіпы, касцюмы – толькі чорныя, нават гальштукі адмысловых колераў.

Уся дзея здымалася на відэа. Пасля прагляду знятага матэрыялу высветлілася – можа атрымацца цэлы фільм. Плануецца, што ён стане ўзорам для жадаючых заключаць шлюб згодна з яўрэйскай традыцыяй. У далейшым плануецца стварэнне сцэнарыяў з выкарыстаннем вясельных традыцый малдаван, грузінаў, армян і іншых народнасцей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Шлюб-з-нацыянальнай-афарбоўкай-1

Шлюб-з-нацыянальнай-афарбоўкай-2

Шлюб-з-нацыянальнай-афарбоўкай-3

Шлюб-з-нацыянальнай-афарбоўкай-4

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars