Івянец і ў валейболе спец

волейбол

Не так даўно Івянец зноў адзначыўся на спартыўным небасхіле. На гэты раз тут прайшоў рэспубліканскі адкрыты кубак 4-х рэгіёнаў па валейболе.

Юбілейнае, 15-е па ліку свята было прымеркавана да Дня валейбаліста. У гэтай каманднай гульні няма абмежавання ўзросту, таму сярод гасцей, якіх сабралася прыкладна паўтары сотні, прысутнічалі дзеці, моладзь і тыя, хто ўжо даўно не моладзь. Клопат пра арганізацыю двухдзённага турніру ўзялі на сябе аддзел па спорце і турызме райвыканкама, кіраўніцтва Івянецкай СШ, пасялковага выканкама, члены івянецкага клуба ветэранаў спорту “Скіф”. Ідэйным натхняльнікам, як заўсёды, выступіў настаўнік фізкультуры мясцовай школы Генадзь Жалток. Прызы, памятныя падарункі і правядзенне вольнага часу сабраных забяспечылі спонсары: “Івкон”, завод Івянецкай керамікі, мясаперапрацоўчае прадпрыемства “Аграсэрвіс-6”, а таксама РУП “Валожынскі жылкамунгас”.

Сёлета заяўкі на ўдзел падалі 12 аматарскіх каманд. Дэлегацыі прыехалі з Дзераўнога, Валожына, Стоўбцаў, Мінска, Кобрына, Маладзечна, Вілейкі, Нясвіжа. Прыхільнікі валейболу з Гановера перадалі праз івянчаніна Іллю Чабатара, які працуе хірургам у гэтым нямецкім горадзе, што на наступны год яны далучацца таксама. Збіраліся прыехаць і сёлета, але не змаглі вырашыць арганізацыйнае пытанне.

Пятнаццаць гадоў назад, калі Генадзь Альфонсавіч толькі выношваў ідэю масавага спартыўнага свята, ён марыў, каб удзельнікі не былі адзіночкамі, а прыязджалі разам са сваімі сем’ямі. Сучаснасць паказвае, што гэта настаўніку-энтузіясту ўдалося. Прыехалі не толькі бацькі і дзеці, але і іншыя сваякі, хай сабе і ў якасці балельшчыкаў. Цікава, што сярод удзельнікаў першых турніраў стварыліся трывалыя сямейныя пары. І кожны год колькасць сямей, якіх між сабой злучылі каханне і любоў да валейболу, толькі ўзрастае. Не так даўно Аляксей Міхнавец з Бабровічаў і івянчанін Мікалай Латышаў сустрэлі сваіх другіх “палавінак” падчас гульні. І сёлета сваё валейбалісцкае майстэрства  пацвярджалі ўжо парамі.

Самым узроставым іграком аказаўся валожынец Валерый Карцялёў, 1963 года нараджэння, а ў асяродку судзейства і трэнераў былі і куды больш сталыя. Каманду з Вілейкі рыхтуе Віктар Бараноўскі, які нарадзіўся ў 1947 годзе. Ветэран спорту з Івянца Макар Іванавіч Асіпацкі таксама не застаўся ўбаку ад мерапрыемства. Ён прыклаў нямала намаганняў, каб прывесці ў належны стан пляцоўку спартыўных баталій.

Паколькі каманд сабралася шмат, то вырашылі гуляць па кругавой сістэме. Два дні ішло напружанае змаганне. У выніку прыз за першае месца паехаў на Брэстчыну – удача ўсміхнулася камандзе з Кобрына, другую прыступку п’едэстала занялі ігракі з Дзяржынска, “бронзу” заваявала ветэранская каманда гаспадароў.

Валейбол стаў галоўнай, але не адзінай прычынай для таго, каб два выхадных дні правесці ў Івянцы. Арганізатары пастараліся забяспечыць гасцям і іншыя ўражанні. Пачыналіся спаборніцтвы агульным пастраеннем з падняццем сцяга. Песня ў выкананні Кацярыны Жалток паддала азарту, падбадзёрыў танец школьнай групы “Экспрэсія”, маленькая Аэліта Жалток кранальна прачытала адпаведны мерапрыемству верш. Вечарам усіх чакала вячэра, прыгатаваная на кастры, а для аматараў папарыцца пасля фізічных практыкаванняў камунальнікі напалілі лазню.

Трэба адзначыць, што ў Івянцы мала хто застаўся ўбаку ад валейбольнага свята. Паколькі мясцовая гасцініца не магла ўмясціць усіх жадаючых, то жыхары пасёлка ахвотна разабралі ігракоў і балельшчыкаў па сваіх дамах на начлег. Госці прыязджалі таксама не з пустымі рукамі. Кожны прадумаў, каб яго падарунак быў не толькі прыемным, але і нешта гаварыў аб тым краі, з якога ён паходзіць. Так, дэлегацыя з Вілейкі прывезла рыбу, вылаўленую ў рацэ Вілія. Пры развітанні ніхто не паскупіўся на абдымкі, якія ўжо таксама сталі традыцыйнымі.

Спартыўнае жыццё, якім зараз жыве Івянец, робіць пасёлак адметным, бо мерапрыемствамі такога ўзроўню не можа пахваліцца ні адзін рэгіён. Пераймаць вопыт да Г. А. Жалтка едуць настаўнікі і трэнеры з розных куткоў Беларусі. У Генадзя Альфонсавіча адна парада для іх: “Заахвочвайце дзяцей, далучайце потым бацькоў, настаўнікаў. Не чакайце, што за год ці два ўтворыцца вялікі калектыў аднадумцаў. Працуйце на перспектыву і пабачыце, як спорт злучае людзей розных пакаленняў…”

Алена ЗБІРЭНКА

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars