Канцэрт у стылі рэтра

Канцэрт-у-стылі-рэтра-3

Калі прыходзіш на справаздачныя канцэрты Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, што традыцыйна ладзяцца ў канцы кожнага навучальнага года, то разумееш, наколькі ўсё ж такі малая зала цэнтра культуры, бо яна не можа ўмясціць усіх жадаючых трапіць на гэта выніковае прадстаўленне.

Так было і на гэты раз. А калі дзеянне пачалося, то ўсе гледачы нечакана апынуліся на сучасным лайнеры, які перанёс іх “Назад у мінулае”. Менавіта так называлася праграма, вытрыманая ў стылі рэтра.

Распачаў канцэрт гонар школы – узорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Грука, нязменны ўдзельнік усіх гарадскіх і раённых свят, а таксама абласнога фестывалю духавой музыкі “Майскі вальс” і іншых. У выкананні аркестра прагучалі некалькі музычных твораў. У той дзень на сцэну выходзілі самыя таленавітыя вучні, якія пелі і танцавалі (першы год у школе працаваў харэаграфічны клас), сваё выканальніцкае майстэрства дэманстравалі і выкладчыкі. Разам з Насцяй Барадака зала спявала вядомую песню “Музыка нас звязала”, а з хорам – хіт 80-х “Камарова”. Самыя маленькія выхаванцы харэографа Алены Стасяловіч выканалі танец “Маленькія зорачкі”, больш сталыя – “Ламбаду” і рок-н-рол. Ксенія Загорская на саксафоне сыграла шчымліва-кранаючую “Гісторыю кахання”, трыа вучаніц-цымбалістак – песню з рэпертуару гурта “Бітлз”. Пакарыў гледачоў інструментальны ансамбль настаўнікаў, што выканаў папуры на тэмы папулярных песень-хітоў мінулага стагоддзя. Сапраўдны фурор нязменна ўтварае дуэт у складзе акардэаністкі Аксаны Зянько і баяніста Алега Каранеўскага, які на гэты раз віртуозна выканаў твор “Блестящий аккордеон”. А ўсяго ў рэпертуары не так даўно створанага дуэта выкладчыкаў налічваецца ўжо пяць п’ес. Фінальным акордам стала песня “Мы жадаем шчасця вам”, яе выконвалі ўсе ўдзельнікі разам з залай.

Вельмі дарэчы падчас імправізаванага палёту была вымушаная пасадка. У гэты момант на сцэну выйшаў дырэктар школы А. В. Язерскі. У сваім невялікім выступленні ён падвёў вынікі навучальнага года. Расказаў пра адметныя падзеі, што адбыліся за гэты час, пра конкурсы і фестывалі, у якіх прымалі ўдзел выхаванцы, пра іх здабыткі. А потым адбылася цырымонія ўручэння пасведчанняў аб заканчэнні школы тым, хто прайшоў поўны курс навучання і здаў дзяржаўныя экзамены. Сёлета са школай развіталіся 28 выпускнікоў: 8 з іх скончылі фартэпіяннае аддзяленне, 6 – народнае, 7 – струннае, 6 – аддзяленне духавых інструментаў і 1 – выяўленчага мастацтва. Затым былі ўручаны дыпломы апошніх конкурсаў і фестываляў, падзякі за актыўны ўдзел у канцэртнай дзейнасці школы, выставах і конкурсах асобным вучням.

…Існуе вядомы выраз, што тэатр пачына-ецца з вешалкі. У такім выпадку справаздачны канцэрт школы мастацтваў пачынаўся з афармлення задніка сцэны. Гэта быў узор сапраўднага мастацтва, які праіснаваў, на жаль, усяго некалькі гадзін і  не пакінуў раўнадушным нікога. Вінілавыя пласцінкі, якія цяперашнія выхаванцы школы маглі бачыць толькі ў шуфлядках сваіх бабуль, твары куміраў эстрады 70-80-х гадоў, а самае галоўнае – грамафон. Ён быў выкананы настолькі натуральна, што так і хацелася яго памацаць. Кожны, хто ўваходзіў у залу, не мог стрымаць захаплення і пачуццяў ад бачання прыгажосці. Стварылі такую “інсталяцыю” выкладчыцы-сёстры – піяністка Таццяна Іванаўна і цымбалістка Ірына Іванаўна Каваленкі. Аформлена сцэна была ў зададзеным стылі “Рэтра”, якому ў той вечар падпарадкоўвалася ўсё: і заднік, і канцэртныя нумары, і касцюмы ўдзельнікаў. Ён, гэты стыль, звязаў і аб’яднаў саміх удзельнікаў і некалькі пакаленняў гледачоў, што прыйшлі на канцэрт.

Наталля ШТЭЙНЕР

Канцэрт-у-стылі-рэтра-1

Канцэрт-у-стылі-рэтра-2

Канцэрт-у-стылі-рэтра-3

Канцэрт-у-стылі-рэтра-4

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars