З увагай да кожнага суразмоўцы

primaya_liniya_-_2.jpg.crop_display

    «Прамыя тэлефонныя лініі», якія рэгулярна праводзіць старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка, праходзяць традыцыйна ажыўлена: у жыхароў Валожыншчыны часам знаходзяцца турботы і праблемы, з якімі яны не ў сілах справіцца самастойна. У суботу да кіраўніка раёна звярнуліся 9 чалавек.

Першай на «прамую лінію» дазванілася жыхарка вёскі Філіпіняты Галіна Уладзіміраўна Стасяловіч. Яна закцэнтавала ўвагу старшыні райвыканкама на тым, што ў названым населеным пункце дагэтуль не абсталяваны крыты пункт прыпынку грамадскага транспарту. Гэта пытанне – прамая кампетэнцыя філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167». Як паведаміў кіраўнік дарожнай службы, корпус ужо гатовы, устанавіць яго плануецца ў бліжэйшы час.

З калектыўнай просьбай наконт магчымасці заасфальтаваць дарожнае палатно да кіраўніка раённай вертыкалі ўлады звярнуліся жыхары завулка Букштыновіча райцэнтра. Мікалай Анатольевіч заўважыў, што азначаная праблема разглядаецца, але на яе вырашэнне патрэбен час.

Ірына Антонаўна Шаўлюк з Забрэззя – часты госць «прамых ліній» розных узроўняў. На гэты раз жанчына звярнулася да старшыні райвыканкама з турботай асабістага характару. Кіраўнік раёна даручыў кампетэнтным службам разабрацца ў неадназначнай сітуацыі.

Просьбу пасадзейнічаць у выдзяленні асобнага жылля ў адным з гарадскіх інтэрнатаў узняла пенсіянерка з Валожына. Сходу разабрацца ў яе праблеме не атрымалася. М. А. Астрэйка параіў жанчыне наведаць аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і выкласці сутнасць патрэбы на паперы. Пасля гэтага і будзе прымацца канкрэтнае рашэнне.

Уладзімір Казіміравіч Бітэль са Слайкоўшчыны, які таксама патэлефанаваў на «прамую лінію», у ліку іншых жыхароў акругі не першы раз пры пасадцы бульбы карыстаецца паслугамі ААТ «Адамова-агра»: людзі плацяць грошы, і гаспадарчая тэхніка закрывае надзённыя вясковыя патрэбы. Але сёлета кошт выкананых работ казаўся ў разы вышэйшым, чым разлічвалася. Знайсці агульную мову з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства не атрымалася, таму праўды давялося шукаць у размове з раённай уладай. Даручэнне выпрацаваць  стройную сістэму з агульнымі цэнамі на падобныя паслугі па ўсім аграпрамысловым комплексе Валожыншчыны старшыня райвыканкама адрасаваў свайму першаму намесніку – кіраўніку райсельгасхарчу А. М. Шыфрыну. Аляксандр Мікалаевіч будзе разглядаць і наступны зварот, у якім выказана сумненне ў справядлівасці налічэння заработнай платы асобным маладым механізатарам з КСУП «Сакаўшчына-агра».

Жыхары вёскі Дзясятнікі, што наступнымі дазваніліся да кіраўніка раёна, найперш падзякавалі яму за хуткае вырашэнне ўзнятай раней праблемы, звязанай з паслугамі грамадскага транспарту. Але ёсць і яшчэ адзін аспект, які ў не меншай ступені хвалюе вяскоўцаў. А дакладней сказаць, усіх спажыўцоў звадкаванага прыроднага газу, што пастаўляецца ў балонах. Людзі папрасілі пасадзейнічаць, каб блакітнае паліва дастаўлялі часцей, чым раз у тыдзень – па патрэбах заяўнікаў. І сапраўды, непрыемная сітуацыя складваецца, калі газ у балоне закончыўся, а чакаць прывозу трэба яшчэ пяць-шэсць дзён… Мікалай Анатольевіч Астрэйка адрасаваў адпаведным службам патрабаванне разгледзець указаную праблему ў самыя сціслыя тэрміны.

Апошнімі пагутарылі са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Любоў Аляксандраўна Шынгер з Багданава і жыхарка вуліцы Леніна райцэнтра Ядвіга Іванаўна Зянько. Першая звярнулася з асабістым пытаннем і засталася цалкам задаволеная пачутым. Другі запыт тычыўся работы аўтамагазіна райспажыўтаварыства, а дакладней, магчымасці ўключэння ў яго маршрут і названай вуліцы. Ён таксама будзе разгледжаны ў рабочым парадку.

Падагульняючы напісанае, варта адзначыць, што званкоў у гэту суботу прагучала ўсё ж менш, чым звычайна прымаў кіраўнік раёна падчас папярэдніх «прамых ліній». Гэта лішні раз пацвярджае эфектыўнасць работы ўсёй вертыкалі ўлады, скіраваную на тое, каб праблем у жыхароў Валожыншчыны сапраўды станавілася менш.

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars