Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    Мінскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва на летнюю аздараўленчую кампанію школьнікаў выдзеліла нашаму раёну 103 тысячы 305 рублёў.

З 2 чэрвеня пачалі працаваць большасць летнікаў з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі раёна. За першую змену запланавана  аздаравіць 770 вучняў, за другую, якая адбудзецца ў жніўні, — 60. Дзяржаўная датацыя на адну пуцёўку складае 72 рублі, бацькоўская даплата – да 12 рублёў, у залежнасці ад узросту дзіцяці. На працягу 18 дзён школьнікаў чакае цікавае, насычанае культурна-масавымі мерапрыемствамі, жыццё, не абмежаванае толькі сценамі роднай школы.

 

    Работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з дырэктарам Г. Ф. Рай правялі дабрачынную акцыю “Дзеці – наша будучае” ў аддзяленні сацыяльнага прытулку.

На той момант там знаходзіліся 9 дзяцей рознага ўзросту. Старэйшыя выхаванцы атрымалі ў падарунак новыя курткі, усе дзеці – абутак, шампуні і іншыя гігіенічныя прылады.

 

    1 чэрвеня івянецкая дзятва абнавіла дзіцячую гульнёвую пляцоўку, што з’явілася на вуліцы Фрунзэ па ініцыятыве дэпутата раённага Савета дэпутатаў Алены Сігізмундаўны Петрашкевіч.

А члены пасялковага Савета напярэдадні добраўпарадкавалі тэрыторыю, падфарбавалі горкі, лесвічкі, іншыя прылады. У самых бліжэйшых планах абсталяваць там міні-стадыён з футбольнымі варотамі і баскетбольнымі кольцамі.

 

    Развітанне з дзіцячым садам і заканчэнне пачатковай школы – значныя падзеі і для саміх дзяцей, і для іх бацькоў.

Таму мамы і таты праяўляюць ініцыятыву, каб зрабіць такі дзень запамінальным. Сёлета работнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі падрыхтавалі гульнёва-забаўляльныя праграмы з дыскатэкамі для вучняў 4 класа і дзвюх груп дзіцячых садкоў горада. Чатыры выпускныя прайшлі ў раённым Цэнтры культуры, работнікі якога таксама пастараліся зрабіць той дзень непаўторным. Адзін школьны клас скарыстаў для выпускнога кафэ, што размешчана ў кінатэатры “Юнацтва”.

 

    Народны інструментальны ансамбль выкладчыкаў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў “Ars Longa” і яго салістка Юлія Скурко з 1 па 11 чэрвеня знаходзяцца ў турнэ па гарадах Польшчы з лаўрэатамі Усебеларускага фестывалю песні Ганны Герман “Эўрыдыка”.

Іх выступленні запланаваны ў гарадах Мінск-Мазавецкі, Зялёна Гура, Вроцлаў, Легніца, а таксама ў сталіцы Польшчы – Варшаве.

 

    Гаспадар аграсядзібы “Налібоцкія Васількі” Васіль Шакун прапанаваў ідэю правесці паказальны ўлік малога падворліка, які на тэрыторыі часовага пражывання ў Налібоцкай пушчы з’яўляецца ўтваральным відам.

Паказальнае мерапрыемства мяркуюць правесці 13 чэрвеня ў ваколіцах аграсядзібы, ля вёскі Белакорац. ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” абяцае прыслаць свайго спецыяліста. Такую ідэю падтрымалі члены спажывецкага кааператыва “Валожынскія гасцінцы”.  У паказальным уліку запрашаюць прыняць удзел экскурсаводаў і захавальнікаў Пушчы, якія праходзілі навучанне, а таксама ўсіх аматараў прыроды, неабыякавых да стану пушчы. Усё, што трэба мець пры сабе, — зручныя аддзенне і абутак, фотаапарат, вялікае жаданне ўбачыць аднадумцаў і зацікаўленых людзей. Гаспадар аграсядзібы “Марцінова Гусь” Алесь Белы прапануе, каб жадаючыя папярэдне звязаліся з ім па тэлефоне: 8-029 6137985.

 

    Упершыню быў разыграны Кубак па міні-футболе аграгарадка Ракаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 4 ракаўскія каманды і каманда РАНС. Першае месца занялі ракаўскія студэнты, другое і трэцяе – каманды, сфарміраваныя з працуючай моладзі.

Усе яны надаюць вялікую ўвагу здароваму ладу жыцця, збіраюцца на трэніроўкі на абласной аздараўленчай базе “Галактыка”, што размяшчаецца ў ваколіцах аграгарадка. На наступны дзень прайшоў футбольны турнір у Івянцы  – Адкрыты кубак па міні-футболе “40+”. Чатыры каманды вызначалі мацнейшую на спартыўнай пляцоўцы ля мясцовага касцёла. Лепшай была каманда з Мінска, другое і трэцяе месцы занялі футбалісты з Валожына і каманда СКІВ, чацвёртае – прадстаўнікі маторнага завода са Стоўбцаў. Пераможцы атрымалі кубкі і грашовыя прэміі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars