Зручна і прыгожа

Зручна і прыгожа

Якіх толькі спосабаў пераносу ручной паклажы не прыдумала чалавецтва за гісторыю свайго існавання! Але карзіны, кашолкі і кошыкі, сплеценыя па даўнейшых традыцыях, застаюцца запатрабаванымі. У нашым раёне такім рамяством займаюцца бацька і дачка Вакаравы ў Гародзьках.

Вядомасць да майстроў прыйшла дзякуючы кіраўніку “Скарбніцы” Наталіі Міхайлаўне Клімёнак. Заўважыла яна неяк на базары жанчыну, якая гандлявала прыгожымі вырабамі з лазы, пацікавілася, хто і адкуль. Аказалася, што ў Гародзькі з Закарпацця перасяліліся бацька з дачкой. На радзіме амаль усе жыхары іх вялікага сяла займаліся пляценнем карзін. Перасяленцы вырашылі і на новым месцы не кідаць прывычнага занятку. Тым больш, што падручнага матэрыялу для работы ў ваколіцах вёскі, каля Бярэзіны хапае, а некаторыя віды беларускай лазы нават лепшыя за закарпацкія. І работа закіпела.

У вясенне-зімовы перыяд ідзе нарыхтоўка дубцоў. Потым іх заварваюць у кіпені, чысцяць ад кары, сушаць, сартуюць. Перад тым, як прыступіць да пляцення, зноў акунаюць у ваду. За чатыры гадзіны ва ўмелых руках ахапак гнуткіх галінак ператвараецца ў зручны ажурны кошычак. З такім і на базары не брыдка паказацца, і ежу на асвячэнне ў храм занесці, і на пікнік выехаць. Пры сваім элегантным, вытанчаным выглядзе карзіна разлічана для пераносу да 70-і кілаграмаў паклажы. І выраб гэты цалкам натуральны, без выкарыстання шкодных хімічных рэчываў!

Вакаравы жывуць у Беларусі з 1999 года. За гэты час галава сям’і, Васіль Міхайлавіч, стаў членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, дачка Марына выйшла замуж і разам з мужам адкрыла аграсядзібу на Стаўбцоўшчыне. Там, дарэчы, можна пабачыць нават мэблю з лазы. У Гародзьках дом таксама прыведзены ў належны выгляд, апрацоўваюцца 50 сотак зямельнага ўчастка вакол яго. А вось жыўнасці Васіль Міхайлавіч не трымае. І таму ёсць важкая прычына: ён часта і на працяглы тэрмін выязджае ў Закарпацце, дзе засталася жонка і іншыя члены сям’і, дзе вядзецца вялікая гаспадарка, ёсць надзел зямлі, які патрабуе догляду. Шлюб Вакаравых стаўся гасцявым па волі лёсу. За шмат гадоў яны прызвычаіліся да такога ўкладу, жывуць зараз не тое што на два дамы, а на дзве краіны. І Васіль Міхайлавіч у такім складзе рэчаіснасці не бачыць супярэчнасцей.

Больш таго, лічыць, што проста адбыўся чарговы віток гісторыі. Калісьці ў XV стагоддзі ў Закарпацце прыехаў князь Вялікага Княства Літоўскага разам са сваёй дружынай, пачаў там будаваць кляштар, абжывацца. Ішоў час, і заезджыя ваяры пабраліся з мясцовымі дзяўчатамі, а потым і наогул вырашылі дадому не вяртацца. Далёкі продак Васіля Міхайлавіча, ліцвін Вакар ці Вакара таксама застаўся ў Закарпацці. Нетыповае прозвішча для гэтай часткі Украіны рэзала вуха жыхароў аж да часоў станаўлення савецкай улады. Старшыня сельсавета, робячы перапіс жыхароў, усіх запісваў на рускі манер. Так і атрымалася “Вокаров”.

…На дадзены момант В. М. Вакарава ўсё задавальняе: дзеці самастойныя, унукі падрастаюць, рамяство прыносіць стабільны заробак, суседзі адкрытыя і спагадныя, а жыццёвы багаж хоць і становіцца год ад году ўсё больш важкім, але, як кажуць, за плячамі яго не насіць. Любыя грузы можна пераносіць і зручна, і прыгожа. Той, хто пляце карзіны, добра гэта ведае…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars