Фартуна ўсміхнулася мацнейшым!

Фартуна-ўсміхнулася-мацнейшым-1

    На стадыёне мікрараёна Сельгастэхніка ў мінулую суботу прайшла спартакіяда сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Валожыншчыны. Паспрачацца за званне лепшай сёлета выпала 12-і камандам. Агульныя азарт і настрой на перамогу луналі ў паветры, а ўдзельнікі, рыхтуючыся паказаць добрыя асабістыя вынікі і прынесці дадатковыя бонусы паплечнікам, старанна разміналіся…

Спаборніцтвы ладзіліся па дартсе, міні-футболе, гіравым спорце і лёгкай атлетыцы з элементамі дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу – бегу на 30 метраў, скачках у даўжыню, падцягванні (мужчыны) і пад’ёме тулава (жанчыны), а таксама нахілах уперад. Дарэчы, у апошняй дысцыпліне быў устаноўлены абсалютны рэкорд у 32 сантыметры. І належыць ён… прадстаўніку каманды воінскай часці 30695 Мікалаю Смірнову. Гэты ж хлопец аказаўся лідарам і ў падцягванні, яго вынік – 27 разоў. І толькі на адзінку саступіў яму Віталь Карпенка з райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Камандныя спаборніцтвы па гіравым спорце, якія праводзіліся ў вагавых катэгорыях да і звыш 80 кілаграмаў, таксама аказаліся відовішчнымі. Па суме набраных балаў лідзіравалі спартсмены РАНС, трошкі адсталі ад іх прадстаўнікі КСУП «Падбярэззе» і Валожынскага жылкамунгаса.

Найлепшым чынам зарэкамендаваў сябе на бегавой дарожцы падбярэзец Вадзім Садоўскі: 30 метраў ён адолеў за 5,28 секунды. Услед за ім, з разрывам у некалькі сотых секунды, фінішавалі Ілля Сікорскі (ААТ «Валожынскі льнокамбінат) і Назар Жалток, які выступаў за спартыўны клуб івянецкіх ветэранаў. У ліку рэкардсменаў спартакіяды і Вера Каваленка з сельскагаспадарчага ліцэя, івянчанка Настасся Паталей і многія іншыя…

Віншуем усіх пераможцаў, а тым, хто трошкі саступіў ім, фартуна абавязкова ўсміхнецца ў наступны раз!

Сяргей САДОЎСКІ

Фота аўтара і Сяргея БОБРЫКА

Фартуна-ўсміхнулася-мацнейшым-1

Фартуна-ўсміхнулася-мацнейшым-2

     Трэцяе месца на п’едэстале гонару заняла каманда КСУП «Падбярэззе», серабро заваявалі прадстаўнікі воінскай часці 30695, а чэмпіёнамі сёлета сталі спартсмены з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars