Падставіць плячо

Rakov-1024x487

    У Ракаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ажыццяўляецца догляд за дарослымі душэўна хворымі людзьмі. Тут пражываюць 164 пацыенты з рознымі дыягназамі.

Адны гаротнікі ўжо прыйшлі на гэты свет з адхіленнямі, з другімі бяда здарылася пасля перажыванняў і складаных жыццёвых сітуацый. Яны, як і ўсе мы, адчуваюць боль, цэняць камфорт і спагаду, умеюць радавацца і смяяцца. Ім таксама хочацца быць членам грамадства і нешта добрае пакінуць пасля сябе.

Маюць яны права і на працоўную дзейнасць. Менавіта аб гэтым у доме-інтэрнаце клапоцяцца асабліва. Калі раней проста прадугледжваліся гадзіны лячэбнай працоўнай тэрапіі, то зараз ставіцца мэта навучыць найбольш здольных і падатлівых нейкім практычным функцыям, прафесіям, якія не патрабуюць кваліфікацыі. Інструктара па працоўнай адаптацыі Рэгіну Уладзіміраўну Шкель цэняць і паважаюць як калегі па рабоце, так і падапечныя. Не адзін год яна дапамагае хворым людзям самарэалізавацца, не быць абузай для родных. Пад яе наглядам у доме-інтэрнаце абсталяваны кабінет, дзе можна займацца рукадзеллем, вучэбны клас для пісьмовых і вусных урокаў, пакой для сумеснай малітвы. Тыя, хто любіць адзіноту, жывуць у аднамесных палатах і ім дазволена шыць, вязаць ці вышываць самастойна. Званне “Лепшай вышывальшчыцы” ўстановы па праве належыць стараннай і акуратнай Валерыі Піскун.

Хочацца адзначыць, што тут кожнаму створаны спрыяльныя ўмовы, усюды падтрымліваецца належны санітарны стан, а афармленне памяшканняў і тэрыторыі ўстановы гаворыць аб высокім эстэтычным гусце персаналу. Зараз па штатным раскладзе тут заняты 90 работнікаў. Узначальвае дом-інтэрнат Віталь Уладзіміравіч Прыёмка. І адчуваецца, што ён не толькі падабраў адмысловы калектыў, але і ведае, што такое гаспадарскі падыход, эфектыўнасць работы.

Месца, дзе сканцэнтраваны гора, хваробы, пазітывам душу не напаўняе. Людзі стараюцца абыходзіць бокам бальніцы, розныя багадзельні, могілкі, ігнаруюць інвалідаў. Не ад чэрствасці ці жорсткасці, а з-за слабасці: нязвыклае палохае, непрыемнае выклікае агіду. І далёка не кожны здолее працаваць у асяродку людзей з фізічнымі ці псіхічнымі асаблівасцямі. Супрацоўнікі Ракаўскага дома-інтэрната заслугоўваюць, як ніхто, слоў пашаны і пахвалы: за бязмежную дабрыню, спагаднасць, вытрымку.

Гэтымі якасцямі шчодра надзелена і Рэгіна Уладзіміраўна. З якой пяшчотай яна расказвае пра сваіх выхаванцаў-рукадзельнікаў! Плён іх працы можна пакуль што толькі пабачыць. Але Р. У. Шкель спадзяецца, што ў хуткім часе сувеніры з лёну, карціны, вышытыя мулінэ ці бісерам, вязаныя рэчы з’явяцца і на прылаўках. Сустракаюцца вырабы вельмі працаёмкія. Так, на карціну-вышыўку “Дзяўчынка з макамі” Софіяй Матусевіч быў затрачаны цэлы карпатлівы год.

Каму не падыходзяць творчыя заняткі, можа паспрабаваць свае сілы ў такіх прафесіях, як прыбіральшчыца, мыйшчыца посуду. Зараз вядзецца падрыхтоўка некалькіх кандыдатак для работы на кухні дома-інтэрната. Сярод мужчын у фаворы работы на свежым паветры: садоўніка, касца, маляра. Кожны жадаючы мае ўласную градку, дзе вырошчвае гародніну. І трэба зазначыць, што выконваецца ўсё вельмі старанна, акуратна, не горш, чым гэта атрымалася б у здаровага чалавека.

З ахвотай прыходзяць падапечныя ўстановы на тэарэтычныя ўрокі. Сярэдні ўзрост “школьнікаў” – 35 гадоў. Па спецыяльных падручніках яны вучацца лічыць, чытаць. Але самы любімы ў іх прадмет “Мой уютный дом и мое место в нем”. Тут тлумачаць, як трэба сябе паводзіць у магазіне і цырульні, грамадскім транспарце і падчас адпачынку. Сваю настаўніцу Галіну Сцяпанаўну Міхлюк яны чакаюць задоўга да пачатку заняткаў. Старанна рыхтуюць дамашнія заданні і вельмі радуюцца, калі іх хваляць…

Увесь уклад жыцця ў доме-інтэрнаце даказвае, што ні адзін чалавек не лішні на гэтым свеце і мае права жыць годна. Нават той, хто зусім не асведамляе сябе, як асобу. Паглядзеўшы, як аб ім клапоцяцца, можна сказаць, наколькі мы міласэрныя і ці здаровае наша грамадства ў цэлым.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars