Недакармілі, а рэшту ў кішэнь палажылі…

Закон и порядок

Нячыстым на руку людзям, якія зрабілі аб’ектам рабаўніцкага “промыслу” кармавыя склады малочнатаварных ферм, у раёне аб’яўлена сапраўдная “халодная вайна”.

 

    Перадгісторыяй да гэтага матэрыялу будзем лічыць наступны факт: на тэрыторыі Валожыншчыны супрацоўнікі праваахоўных органаў зафіксавалі 17 выпадкаў крадзяжу сухога малака, мукі і камбікармоў з МТФ гаспадарак. Для ўсіх вінаватых такое самаўпраўства абярнулася істотнымі адміністрацыйнымі спагнаннямі. А з-за аб’ёмаў украдзенага гаспадарчага дабра дадаткова былі заведзены і 4 крымінальныя справы. Падрабязней пра гэта расказаў раённай газеце начальнік РАУС Ігар Уладзіміравіч Шакун.

 

Паводле слоў палкоўніка міліцыі, першыя два абвінавачвальныя прысуды прагучалі ў адрас матэрыяльна адказнай асобы МТФ “Падбярэззе”. У мінулым годзе чалавек украў адтуль 13 мяшкоў вагой па 25 кілаграмаў кожны замяняльніка сухога малака “Аграмілк-5” на суму 923 рублі, а пасля залішне “захапіўся” пагоняй за лёгкім прыбыткам і па дакументах утварыў лішкі гэтага ж корму ў колькасці 7 мяхоў, якія таксама вывез з тэрыторыі фермы.

1350 кілаграмаў камбікорму недалічыліся сёлета на МТФ “Паморшчына” СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”. Вінаватага ўстанавілі, а справу перадалі пракурору для накіравання ў суд. З аналагічным вынікам скончыліся і “свавольствы” мужчыны, які выкраў з тэрыторыі малочнатаварнай фермы “Канюшаўшчына” КСУП “Пяршаі-2014” замяняльнік цэльнага малака на 210 рублёў.

Акрамя крадзяжоў буйных партый кармоў, супрацоўнікі праваахоўных органаў сфарміравалі і ўнушальны спіс тых, хто не пагрэбаваў “прырабіць ногі” і дробным. Як паведаміў І. У. Шакун, сёння праводзіцца праверка на адной з ферм ААТ “Адамова-агра”, дзе таксама не без чыёйсьці “дапамогі” ўтварыліся “лішкі” харчу ў выглядзе 2 тон мукі і такой жа колькасці камбікорму…

Як бачым, агульная статыстыка далёкая ад якіх-небудзь станоўчых пачуццяў. За бягучы прамежак года прайдзісветы пазбавілі гаспадарчы статак Валожыншчыны ад магчымасці паласавацца замяняльнікам цэльнага малака, камбікормам і мукой на агульную суму больш як 2000 рублёў. Грошы немалыя. А ў перакладзе на кілаграмы атрымліваюцца куды больш унушальныя лічбы. Толькі чамусьці гэтым людзям было няўцям, што абакралі яны ў першую чаргу самі сябе ды сваіх калег. І справа не толькі ў тым, што ім давялося пагасіць запазычанасць перад прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу і дадаткова выплаціць салідныя штрафы з уласнай кішэні. Карціна тут простая: рацыён цялят і кароў з-за недахопу корму аказаўся бяднейшым. Як след, знізіліся прывагі і надоі, а значыць, і заработная плата работнікаў гаспадарак, асабліва тых, хто задзейнічаны ў жывёлагадоўчай галіне. Вымушаныя страты панеслі сельгаскааператывы, міжволі зніжаючы эканамічныя паказчыкі і змяншаючы продаж дзяржаве малака і мяса высокіх гатункаў…

Зразумела, што раённая ўлада і міліцыя занепакоены такім раскладам спраў. Рэйды працягнуць, да парушальнікаў закона прыменяць жорсткія меры процідзеяння. Аднак без дапамогі саміх работнікаў гаспадарак і нераўнадушных людзей дабіцца станоўчага выніку будзе няпроста. Таму ў РАУС арганізавана і дзейнічае спецыяльная “прамая тэлефонная лінія”. Калі камусьці вядомы падобныя факты, пра іх просяць паведаміць па тэлефоне 55-3-78. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца. А калі інфармацыя акажацца сапраўды значнай і важнай, магчыма і выплата грашовага ўзнагароджання.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий