Майстры рукатворнай прыгажосці

майстры-рукатворнай

На мінулым тыдні Валожыншчына стала пляцоўкай для правядзення абласнога конкурсу цырульніцкага майстэрства “Залаты локан”, што ладзіўся пад эгідай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

Удзельніцамі мерапрыемства сталі спецыялісты-цырульнікі, што працуюць у падведамасных камітэту ўстановах.

Спаборніцтва прафесіяналаў з нажніцамі прайшло на базе Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. 13 падобных устаноў Міншчыны прыслалі сюды сваіх прадстаўнікоў.

Ні для каго не сакрэт, што быць супрацоўнікам дома-інтэрната няпроста. З аднаго боку – выдатная інфраструктура, забяспечанасць неабходным абсталяваннем, наладжаная жыццядзейнасць калектыву. З другога – каб працаваць тут, неабходна мець вялікае сэрца і душу, што ўмее трываць і спачуваць. Таму ў камітэце стараюцца зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць работнікаў, прыўнесці ў іх работу трошкі разнастайнасці і азарту.

Конкурсы прафесійнага майстэрства ладзяцца рэгулярна. “Смак” – спаборніцтва сярод повараў – стала ўжо традыцыйным. Праведзены таксама адпаведныя мерапрыемствы для медыцынскіх сясцёр, інструктараў па працы. Дырэктар Ракаўскага дома-інтэрната Віталь Уладзіміравіч Прыёмка патлумачыў: “Безумоўна, нашым майстрам на працоўных месцах не даводзіцца рабіць складаныя прычоскі і макіяж. Галоўная задача, каб тыя, хто тут пражывае, мелі дагледжаны, акуратны выгляд. Са многімі працаваць цяжка. У некаторых выпадках патрэбна больш спрыту і майстэрства, чым пры стварэнні параднага выхаду. Аднак прафесіянал звычайна ўмее і можа значна больш, чым патрабуюць яго абавязкі. Цудоўна, што ёсць магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці па-за будзённасцю”.

Арганізатары конкурсу вырашылі даць дзяўчатам магчымасць праявіць сябе як мага больш поўна. Першым заданнем стала візітоўка з прадстаўленнем крэатыўнай прычоскі праз цэласны вобраз мадэлі. У выніку атрымаліся сапраўдныя міні-спектаклі, дзе, акрамя конкурснай мадэлі, былі задзейнічаны і дадатковыя персанажы. Тут можна было бачыць Мэрылін Манро, Вясну, ляльку, фею, артыстку кабарэ, нават авангардны варыянт Чорнай панны Нясвіжа… Цырульнік мясцовай установы Наталля Глінская рызыкнула і стварыла смелы вобраз з дапамогай маладой дзяўчыны, што пражывае ў доме-інтэрнаце. Яна і майстар са Старых Дарог, у адрозненне ад іншых канкурсантак, якія прадставілі фантазійныя вобразы, паказалі прычоскі, што могуць добра ўпісацца ў паўсядзённасць.

Выкананне другога задання журы і гледачы назіралі на экране. Канкурсанткі паказалі відэа з працоўнага месца, дзе кліент – абавязкова чалавек, што пражывае ва ўстанове. Самым хвалюючым і адказным стала трэцяе заданне – за 30 хвілін неабходна было стварыць вячэрнюю прычоску на доўгіх валасах. Майструючы прыгожыя, аздобленыя локанамі і складаным пляценнем, творы цырульніцкага мастацтва, канкурсанткі стараліся ствараць вобраз, які б адпавядаў знешнасці і ўзросту мадэлі, пасаваў з яе ўборам. І ў гэтым заданні гаспадыня пляцоўкі засталася вернай сваім прынцыпам – яе мадэллю зноў стала жанчына, што прыжывае ў інтэрнаце. Дарэчы, на сваім відэароліку ракаўчанка прадставіла шырокі пералік паслуг. Яна выканала не толькі стрыжку, але і афарбоўку валасоў, іх укладку, дапоўніла вобраз макіяжам. Прадстаўніца Івянецкага дома-інтэрната Алена Мішкевіч працуе ва ўстанове першы год. Аднак яе выступленне таксама прайшло ўдала.

У выніку былі вызначаны 1-е, 2-е і 3-е месцы, за якія ўдзельніцам-пераможцам дасталіся галоўныя прызы. Лепшымі названы канкурсанткі з Мікалаевіцкага, Пухавіцкага і Чэрвеньскага дамоў-інтэрнатаў. Кветкі і падарункі для ўсіх удзельніц праграмы прадаставіла федэрацыя прафсаюзаў. Узнагароды ўручылі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Аляксеевіч Семянчук, намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік, намеснік старшыні абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзімір Мікалаевіч Філімонаў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

майстры-рукатворнай

майстры-рукатворнай2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars