Санітарны паядынак

санітарны-паядынакjpg

На раённым этапе спаборніцтва санітарных дружын сваю фізічную і тэарэтычную падрыхтоўку паказалі атрады чатырох працоўных калектываў: ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, КСУП «Пяршаі-2014».

Правядзенню мерапрыемства папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа, якую раздзялілі старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі Чырвоны Крыж” А. У. Трацэўская, медыцынская сястра па спецуліку РТМА В. С. Гаспарэвіч, старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі МНС А. Г. Калітнік, супрацоўнікі РЦГіЭ. Мастацкае і гукавое суправаджэнне лягло на плечы калектыву раённага Цэнтра культуры. Непасрэднае дачыненне мелі таксама навучэнцы сельгасліцэя – яны пабывалі ў ролях пацярпелых. Такі вось “разнамасны” склад сабраўся ў мінулую пятніцу на Жоўтым Беразе, каб вызначыць мацнейшых сярод санітараў-дабравольцаў. Адначасова са спаборніцтвам быў дадзены, можна сказаць, і старт летняму сезону на любімым месцы адпачынку валожынцаў. Да купання справа ў той дзень з-за нізкай тэмпературы не дайшла, але пасмажыць шашлык, пахадзіць па дагледжаных лугах і палянках, палюбавацца на Бярэзіну, паслухаць спеў лясных птушак і падыхаць гаючым сасновым паветрам можна было без абмежаванняў.

Калі гаварыць аб агульных рысах раённых санітарных каманд, то найперш кідалася ў вочы, што яны сталі пераважна мужчынскімі па складзе і ўзначальваюцца, за выключэннем адной, прадстаўнікамі моцнай паловы чалавецтва: інжынерам аддзела матэрыяльнага забеспячэння райаграпрамтэхнікі Д. А. Жукоўскім, начальнікам пажарна-вартавой службы льнокамбіната У. А. Хатулёвым, інжынерам па працаёмкіх працэсах КСУП “Пяршаі-2014” А. М. Нямкевічам, інжынерам па ахове працы малочнага камбіната Д. Г. Граноўскай. Асабовы састаў кожнай каманды быў падабраны з адказных людзей. Так, рабочы па раскладцы сыравіны льнокамбіната Павел Язерскі ў адзіночку адстаяў музычны конкурс. І хоць да славы Стаса Міхайлава хлопцу наўрад ці ўдасца падабрацца, але сваю “хвіліну славы” ён атрымаў.

Як вядома, людзей сустракаюць па адзежы. Найбольш прыгожа аказаліся апранутыя прадстаўнікі малочнага камбіната: форма ярка-васільковага колеру, белыя боты. Паклапаціліся пра належны знешні выгляд члены каманды райаграпрамтэхнікі, пастараліся і пяршайцы. Што датычыцца каманды льнозавода, то атрыбутыка і экіпіроўка была на ўзроўні, а вось агульны воблік дружыны не атрымаўся. Затое з насценгазетай папалі ў “яблычка”: усе члены журы аддалі перавагу менавіта іх нагляднай агітацыі.

Калі гаворка пайшла пра тых, хто судзіў спаборніцтва, то неабходна пазнаёміць і з імі. Галоўным суддзёй быў загадчык райпаліклінікі П. А. Ганчар, яму дапамагалі калегі: в. а. галоўнага ўрача А. З. Нехвядовіч, хірург В. У. Грыка, санітарны ўрач І. Ю. Грыка. Ніхто лепш за медыкаў не ўяўляе, якое вялікае значэнне мае санітарная асвета насельніцтва. Як расказала арганізатар і па сумяшчальніцтве суддзя спаборніцтва Валянціна Станіславаўна Гаспарэвіч, па законе аб грамадзянскай абароне кожны працоўны калектыў павінен мець сваю санітарную дружыну, на якую ўскладаюцца пэўныя абавязкі і адказнасць. У выпадку надзвычайнага здарэння ім трэба паказаць высокую дысцыплінаванасць і маральна-палітычнае адзінства, уменне хутка і правільна аказваць першую медыцынскую дапамогу, выконваць усе распараджэнні і ўказанні. Асабовыя саставы дружын абавязаны авалодваць практычнымі медыцынскімі навыкамі, цвёрда знаць і сумленна выконваць свае задачы. Неабходнай умовай удасканалення ведаў і ўмення з’яўляюцца спаборніцтвы.

Пры такіх патрабаваннях было б апраўдана, каб да падрыхтоўкі санітарных дружын прыкладалі намаганні і медыкі. Між тым, ні адна каманда не атрымала перад спаборніцтвам кансультацый прафесіяналаў. У такіх умовах пашанцавала райаграпрамтэхніцы: інжынер аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства, капітан сандружыны Дзмітрый Анатольевіч Жукоўскі мае сярэднюю медыцынскую адукацыю. Дзякуючы яго ведам каманда неаднойчы заваёўвала першыя месцы ў раёне, дастойна выступала на абласных спаборніцтвах, а сам Д. А. Жукоўскі з’яўляецца адным з лепшых камандзіраў санітарных дружын Міншчыны.

Каманда ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” перамагла і на гэты раз. Другое месца дасталася льнокамбінату, на трэцюю прыступку п’едэстала падняліся пяршайцы. Тройцы лепшых уручаны дыпломы, а ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама іх чакаюць яшчэ і грашовыя прэміі: 10, 7 і 5 базавых велічынь. Гонар раёна на наступным, абласным этапе будуць адстойваць работнікі райаграпрамтэхнікі. А вось падтрымаць іх у мастацкай самадзейнасці нядрэнна было б члену дружыны КСУП “Пяршаі-2014”, выхавальніцы дзіцячага сада Н. А. Працкоўскай, якая сваім прыгожым голасам і вясёлым характарам змагла “завесці” публіку. Яркія падзеі застаюцца ў памяці надоўга. На шчасце, сёлетні санітарны паядынак на Жоўтым Беразе аказаўся багатым на такія моманты.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

санітарны-паядынак2jpg

санітарны-паядынак3

санітарны-паядынакjpg

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars