І гучаў развітальны вальс…

і-гучаў-развітальны-вальс4

У мінулую пятніцу на плошчы Свабоды Валожына прайшоў раённы выпускны баль: 194 адзінаццацікласнікі развітваліся са сваёй школай, любімымі настаўнікамі, школьнымі сябрамі.

Мерапрыемства гэта заўсёды велічнае і кранальнае, бо юнакі ў касцюмах у адно імгненне ператвараюцца ў галантных кавалераў, а дзяўчаты ў сукенках – у сапраўдных лэдзі. Палюбавацца на свята юнацтва прыходзіць шмат гараджан, сваякоў і знаёмых. Кожнага перапаўняюць светлыя і радасныя пачуцці.

Прыемна адзначыць, што сёлета 24 выпускнікі раёна ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. Больш за ўсё медалістаў у гімназіі № 1 Валожына – 11 чалавек, 10 – выдатнікаў вучобы. Адметны прайшоўшы навучальны год для СШ № 1 райцэнтра – у ёй адбыўся першы выпуск педагагічнага класа, а гэта значыць, што ў рабят ёсць магчымасць без здачы цэнтралізаванага тэсціравання паступіць у педагагічны ўніверсітэт. Сапраўдным гонарам другой гарадской школы з’яўляецца Настасся Стэльмах – стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў. Некалькі гадоў запар на ўсю краіну гучала імя выпускніцы Івянецкай адзінаццацігодкі Ірыны Багдановіч, пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Праславілі родную школу дзве выпускніцы Гародзькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу – Хрысціна Сузынь і Дар’я Лявіцкая, якія атрымалі перамогу на абласным творчым конкурсе, а Х. Сузынь зусім нядаўна была названа лідарам новага пакалення ў раённым конкурсе “Вучань года-2017”.

Вітаючы выпускнікоў на ўрачыстасці, старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка адзначыў, што Валожыншчына па праве ганарыцца кожным, хто праславіў сваю навучальную ўстанову і раён, прымаючы ўдзел у алімпіядах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Ён выказаў упэўненасць, што рабяты ў хуткім часе прымножаць назапашаны за гады вучобы ў школе творчы і інтэлектуальны патэнцыял, а пасля адукаванымі спецыялістамі і прафесіяналамі вернуцца на маленькую радзіму і стануць надзейнымі прадаўжальнікамі добрых спраў. Кіраўнік раённай вертыкалі выканаў прыемную місію – правёў цырымонію ўзнагароджання выпускнікоў залатымі і сярэбранымі медалямі, уручыў ім падзякі і грашовыя стыпендыі за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, выдатныя поспехі ў вучобе. Падзячныя пісьмы ад раённага выканаўчага камітэта за годнае выхаванне дзяцей атрымалі бацькі выпускнікоў-медалістаў. Таксама М. А. Астрэйка ўручыў пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі Ірыне Багдановіч.

Поспехаў, дабра і ўдачы ў дарослым жыцці пажадала выпускнікам выконваючая абавязкі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Іванаўна Мілюткіна, а пасля ўзнагародзіла 23 лепшых вучняў за дасягненне высокіх вынікаў у вучобе на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У той вечар за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школ і раёна, арганізатарскую дзейнасць і ініцыятыўнасць у правядзенні маладзёжных акцый, удзел у валанцёрскім руху некаторыя выпускнікі былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі ад раённых арганізацый РГА “Белая Русь”, БРСМ, Фонду міру, аб’яднання прафсаюзаў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Таварыства Чырвонага Крыжа.

Закончылася свята прыгожым, нестарэючым вальсам выпускнікоў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

 

Выпускнікі,

узнагароджаныя залатымі і сярэбранымі медалямі

Гімназія № 1:

Бразінская Яна, Віршыч Ксенія, Кавяза Мікалай, Лугіна Дар’я, Маслоўскі Міхаіл, Навіцкая Кацярына, Навіцкая Настасся, Побаль Ларыса, Родзевіч Вераніка, Сівая Вераніка, Шут Міра

Сярэдняя школа № 1:

Забара Максім, Загорская Настасся, Мучынская Кацярына

Сярэдняя школа № 2:

Гарнашкевіч Наталля, Спосаб Лізавета, Стэльмах Настасся

Івянецкая сярэдняя школа:

Багдановіч Ірына, Дзядзейка Ягор, Залатар Аліна, Точка Надзея

Ракаўская сярэдняя школа:

Купрыенка Ірына

Пугачоўскі ВПК:

Вярбіцкая Хрысціна

Пяршайскі ВПК:

Ламака Аляксей

 і-гучаў-развітальны-вальс

і-гучаў-развітальны-вальс2

і-гучаў-развітальны-вальс3

і-гучаў-развітальны-вальс4

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars