Подзвіг застанецца ў вяках…

Общество

З 5 па 13 студзеня ў кінатэатры “Юнацтва” дэманстравалася патрыятычная кінастужка рэжысёра А. Ката “Брэсцкая крэпасць”. Яе змаглі паглядзець 528 жыхароў райцэнтра. Некаторыя, як заўважылі работнікі кінатэатра, нават прыходзілі паўторна. Якія ўражанні і эмоцыі перапаўняюць сэрцы гараджан пасля прагляду, мы і паспрабавалі даведацца.

Людміла Аляксандраўна МАХНІЦКАЯ, дырэктар Валожынскага філіяла УП “Кінавідэапракат”:

– Гэта кінастужка ярка вылучаецца сярод іншых фільмаў пра вайну. Яна патрыятычная, знятая з павагай да подзвігу тых людзей, якія на смерць абаранялі Брэсцкую крэпасць. Ды і спецэфекты тут на ўзроўні лепшых сусветных.

У кінатэатры адбыліся 12 прэм’ерных сеансаў. Запрашэнні разаслалі ва ўсе арганізацыі горада, на прадпрыемствы. Хацелася, каб наш глядач паглядзеў і ацаніў дастойнае кіно. Прыемна, што ні на адным сеансе зала не пуставала. Прыходзілі дэлегацыі ад калектываў, сем’і, школьнікі. Ад людзей чулі толькі станоўчыя водгукі.

Станіслаў ПАЎЛЮЦЬ

Станіслаў Эдуардавіч ПАЎЛЮЦЬ, намеснік старшыні РА “Беларускі саюз афіцэраў”:

— Нас, афіцэраў запасу, запрасілі на прэм’еру фільма адначасова са школьнікамі. Сімвалічна, што людзі розных пакаленняў глядзелі гэту гістарычную кінастужку разам. Яна захапляе ўжо з першых кадраў. У кінематографе не так шмат фільмаў пра герояў Брэсцкай крэпасці, людзей, якія прынялі першы ўдар ворага на сябе і дастойна яго вытрымалі. Перад намі паўстае жорсткая праўда аб тым, што давялося перажыць салдатам, афіцэрам, іх сем’ям у тыя першыя дні вайны. Упэўнены, што прагляд гэтага фільма заменіць вучням некалькі класных гадзін на патрыятычную тэму.

Анастасія ПЯЦІНКІНА

Анастасія ПЯЦІНКІНА, вучаніца 9 класа СШ № 1 райцэнтра:

– На прэм’еру хадзілі амаль усім класам. У час прагляду баяліся нават варухнуцца, парушыць цішыню ў зале. У многіх слёзы наварочваліся на вочы. Сэрцы неаднаразова пранзала вялікім чалавечым горам, адчаем, якія перамяжоўваліся з пачуцём страху і нясцерпнага болю. Уразілі і нават палохалі тыя кадры фільма, дзе былі паказаны незлічоныя людскія ахвяры, разбураныя казармы, дамы, іншыя будынкі. Вайна перакрэсліла ўсё: дзяцінства, каханне, прывычны ўклад жыцця. Хочацца, каб такое больш ніколі не паўтарылася. Пасля прагляду фільм абмяркоўвалі на класнай гадзіне.

Максім КАЛБАСКА

Максім Мікалаевіч КАЛБАСКА, старшы памочнік начальніка аддзялення ідэалагічнай работы мясцовай воінскай часці:

– Пра фільм шмат чуў задоўга да яго выхаду на экран, цікавіўся ў Інтэрнэце, як вядуцца здымкі, чытаў водгукі. І ўсё роўна, паглядзеўшы на вялікім экране, быў уражаны да глыбіні душы. Такое кіно бярэ за жывое: перажываеш не за некага канкрэтна, а за ўсіх экранных герояў адразу. Спадабаліся сюжэтная лінія, спецэфекты, ігра акцёраў. Пад уражаннем прыгадаў і ваенную гісторыю сваёй сям’і. Раіў паглядзець стужку ўсім сваім сябрам і саслужыўцам. Да таго ж набыў дыск з “Брэсцкай крэпасцю” ў сваю хатнюю відэатэку.

Алена ГРЫБОЎСКАЯ

Алена Яўгенаўна ГРЫБОЎСКАЯ, вядучы спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Фільм параіў паглядзець сын-студэнт. Кінастужка сапраўды маштабная, глядзіцца цэласна. Вельмі ўдала падабраны акцёрскі састаў. Наш любімы Андрэй Мярзлікін раскрыўся зусім з іншага боку. Такія фільмы трэба глядзець усёй сям’ёй, абмяркоўваць. Бо падзеі ваеннага часу адыходзяць усё далей і далей, аднак   моладзь павінна памятаць пра іх. Думаю, мы многага яшчэ не ведаем, і гэта пацвярджаюць словы галоўнага героя: “Я ўяўляў сабе вайну, але не ўяўляў сабе вайну…”

Гутарыла Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *