Праблемы выбаршчыкаў – не чужыя

праблемы-выбаршчыкаў

Распрацоўка і прыняцце законапраектаў, удзел у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці краіны – гэта ўсё грані паўсядзённай работы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Нягледзячы на шчыльны графік, народныя выбраннікі штомесяц працуюць у выбарчых акругах, сустракаюцца з электаратам, вядуць асабістыя прыёмы грамадзян… У рэдакцыйнай гасцёўні пабываў дэпутат па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Іван Станіслававіч  Маркевіч. Ён расказаў карэспандэнтам, як і дзе праходзяць такія сустрэчы, якія праблемы найбольш хвалююць валожынцаў, а таксама акрэсліў кола ўласных задач і абавязкаў.

Дзейнасць парламентарыяў сканцэнтравана на рабоце над законапраектамі. Адказнасць перад імі вялікая: менавіта ад прынятых рашэнняў напрамую залежыць, чым будуць жыць людзі і краіна, у якім кірунку развівацца. Не менш важная і другая частка работы дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая заключаецца ў рабоце ў сваёй выбарчай акрузе. На прыёмах грамадзян, сустрэчах у працоўных калектывах узнімаюцца і вырашаюцца найбольш хвалюючыя праблемы, а пры ўдзеле ў пасяджэннях выканкамаў і райсаветаў дэпутатаў уносяцца дзейсныя прапановы па развіцці эканомікі рэгіёну.

У выбарчай акрузе Івана Станіслававіча – сельскія населеныя пункты Маладзечанскага раёна і частка горада, а таксама ўся Валожыншчына. За той час, што І. С. Маркевіч працуе ў парламенце, ён правёў 13 сустрэч з выбаршчыкамі, 99 чалавек звярнуліся да дэпутата за дапамогай падчас 12-і прыёмаў грамадзян. Наш субяседнік акрэсліў і кола пытанняў, якія найбольш турбавалі жыхароў. Яны тычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стану дарог, будаўніцтва, газіфікацыі, водазабеспячэння і інш. Дэпутат заўважыў: “За любым зваротам стаяць канкрэтныя праблемы, з якімі чалавек не ў сілах справіцца самастойна. Да іх вырашэння трэба падыходзіць з усёй адказнасцю, не даючы пустых абяцанняў. Радуе, што набалелае хутка знімаецца”. Разам з тым Іван Станіслававіч адзначыў, што многія пытанні ў людзей узнікаюць з-за недастатковага разумення сітуацыі і ведання норм заканадаўства. Таму кожная сітуацыя вывучаецца дасканальна з прыцягненнем спецыялістаў, а пасля кантралюецца выкананне даведзеных даручэнняў. У ліку ж найбольш маштабных, значных для раёна пытанняў, вырашэнню якіх садзейнічае парламентарый, – завяршэнне будаўніцтва фізкультурна аздараўленчага комплексу ў райцэнтры. З абласнога бюджэту на гэтыя мэты выдаткавана 2,8 мільёна рублёў. У планах на наступны год – дапамагчы івянчанам займець новы будынак дзіцячага сада.

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Іван Станіслававіч абраны намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Гэта камісія ахоплівае шырокі спектр матэрыяльнага і працэсуальнага права, уносіць свае прапановы па законапраектах, якія знаходзяцца ва ўсіх 14-і камісіях. Да першай сесіі былі падрыхтаваны сем законапраектаў, іх прынялі ў першым чытанні. Галоўная мэта – умацаванне патэнцыялу чалавека. Дэпутаты працавалі над тым, каб у цяперашні няпросты час захаваць спецыялістаў і працоўныя месцы, дапамагчы пенсіянерам, ветэранам працы… На парадак дня другой сесіі вынесены каля 30 пытанняў, прычым амаль трэцяя іх частка падрыхтавана камісіяй па заканадаўстве. А гэта значыць, што адбудуцца сур’ёзныя змены ў крымінальным, грамадзянскім, адміністрацыйным і працэсуальным кодэксах.

Непасрэдна сам наш суразмоўца выступае ініцыятарам прыняцця закона па дзяржаўнай маёмасці. І ў гэтым кірунку ўжо вядзецца планамерная работа. Неабходна зрабіць рэвізію ўсіх пабудоў, якія пустуюць, і пусціць іх у абарот. Яны павінны прыносіць даход, даваць эканамічны эфект.

І. С. Маркевіч з’яўляецца таксама членам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Па яго словах, гэта  бясцэнны вопыт дэпутацкай работы. Часта дамоўленасці, да якіх прыходзяць дэпутаты абедзвюх краін, становяцца вырашальнымі для прыняцця пэўных дакументаў. Іван Станіслававіч уваходзіць у камісію па заканадаўстве і рэгламенце. У тым ліку і пры яго ўдзеле быў прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы, у якім прадугледжана фінансаванне навуковых даследаванняў, прамысловасці, энергетыкі, будаўніцтва, транспарту, сувязі, інфарматыкі, а таксама шэраг аспектаў сацыяльнай палітыкі.

Матэрыял падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ

праблемы-выбаршчыкаў

Фота выкарыстана у якасці ілюстрацыі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars