Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Лета – час рамонтаў, і не толькі ў кватэрах. Жыллёва-камунальная служба таксама спаўна імкнецца выкарыстаць гэты час для рамонту жыллёвага фонду.

Поўным ходам вядзецца капітальны рамонт даху і балконаў жылога дома № 6 па вуліцы Гагарына ў райцэнтры. З першых дзён чэрвеня прыступілі да работы спецыялісты будаўнічай фірмы “Барыт” з Маладзечна. Пачалі з замены балконаў. Цалкам завяршыць комплекс  работ павінны ў канцы жніўня.  На гэтыя мэты выдаткавана 388 тысяч 523 рублі 95 капеек.

1-2 чэрвеня на базе адпачынку “Дружба” праходзіў ХХI абласны конкурс прафесіянальнага майстэрства сярод паштальёнаў па дастаўцы СМІ і аператараў сувязі. Раённы вузел паштовай сувязі прадстаўлялі работнікі паштовага аддзялення “Валожын-1” паштальён Вольга Махіна і аператар Вольга Акушка.

Конкурсныя выпрабаванні праходзілі ў трох намінацыях. У дзвюх з іх — “Дамашняе заданне” і “Індывідуальны стыль” — наша каманда атрымала трэція месцы. Творча папрацавалі над прэзентацыяй на тэму “Будучае ў інавацыйных тэхналогіях”, выказалі шмат слушных прапаноў і нават падрыхтавалі паштовы канверт ручной работы. А да задання “Пошта і Год навукі” падышлі з пэўнай дозай гумару і паказалі, як даводзіцца шукаць падпісчыкаў. Вельмі спадабаўся журы індывідуальны стыль валожынскіх паштавікоў. Да традыцыйнай формы “белы верх-цёмны ніз” кіраўніцтва вузла сувязі для сваіх работнікаў заказала фірменныя джэмперы, якія вельмі дарэчы ў халодны час года. Граматы і каштоўныя падарункі сталі заслужанай узнагародай удзельніцам конкурсу.

 

 

Амаль год працавалі работнікі нашага лясгаса ў Смалявіцкім раёне, дзе дапамагалі сваім калегам спраўляцца з паследкамі леташняга ўрагану.

Правялі суцэльныя санітарныя рубкі і на іх месцы пасадзілі новы лес, адначасова нарыхтоўвалі драўніну. Заданне выканалі ў поўным аб’ёме. З 12 чэрвеня дзве брыгады, сфарміраваныя з рабочых лесапункта і Пяршайскага лясніцтва, каля 20 чалавек, выехалі на работу ў Чэрвеньскі лясгас. Працаваць будуць вахтавым метадам – па два тыдні. На вызначанай плошчы ў 50 гектараў пачнуць ачыстку лесу ад захламленасці.

 

 

Свой уклад у акцыю “Бяспечнае лета” ўнесла і дзіцячая бібліятэка райцэнтра. Для вучняў малодшых класаў СШ № 1 і школьнікаў, якія наведваюць летнікі з дзённым знаходжаннем на базе ўсіх трох навучальных устаноў горада, падрыхтавалі ў рамках акцыі шэраг мерапрыемстваў.

Загадчыца бібліятэкі А. І. Трасцянка праводзіла ўрок бяспекі “Здравствуй, лето красное – лето безопасное!”. Работнікі падрыхтавалі агляд літаратуры па дадзенай тэматыцы, віктарыны. Мультыплікацыйныя ролікі красамоўна паказвалі, як пазбегнуць небяспекі і правільна паводзіць сябе падчас канікулаў. Дзеці самі расказвалі, якая небяспека і дзе можа іх падсцерагаць, як правільна сябе паводзіць у няштатных сітуацыях. Асабліва актыўна і дакладна адказвалі на пытанні віктарыны вучні 2-х класаў СШ № 1 (настаўнікі Святлана Віктараўна Родзевіч і Кацярына Алегаўна Глябовіч). Супрацоўнікі РАНС прадаставілі для заахвочвання ўдзельнікаў акцыі кнігі, маляўнічыя тэматычныя буклеты і нават расклад урокаў, які вельмі спатрэбіцца ў новым навучальным годзе.

 

 

Выраз “старасць іх дома не застане” ў прамым сэнсе адносіцца да наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

За першы тыдзень лета яны паспелі шмат дзе пабываць. Наведаліся ў пажарную часць у Валожыне. Для дапытлівых жанчын, многія з якіх прыйшлі разам з унукамі, арганізавалі экскурсію па тэрыторыі, прадэманстравалі навейшую тэхніку, што дапамагае ў барацьбе з пажарамі, спецаддзенне, адказалі на шматлікія пытанні. А 7 чэрвеня 13 чалавек адправілісяі на экскурсію ў этнакультурны комплекс “Наносы-Наваселле” на возеры Нарач. Незабыўнае ўражанне пакінулі краявіды, пяць цікавых музеяў на яго тэрыторыі, месцы і ўмовы адпачынку комплексу. Аўтобус для паездкі бясплатна выдзеліла кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра ў знак падзякі за актыўную  дабрачынную дзейнасць.

 

 

Выхаванцы і спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра прынялі ўдзел у міжрэгіянальнай спартакіядзе сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Разам весела гуляць” на базе Стаўбцоўскага аддзялення.

Сярод запрошаных былі таксама прадстаўнікі Слуцкага аддзялення. Праграма спартакіяды ўключала конкурсы – закрыты лік, паласа перашкод, кеглі, бег змейкай, віктарыну “Я сябрую са спортам”. Дадому вярталіся з граматамі, салодкімі прызамі і пазітыўным настроем ад сяброўскіх зносін з роўнымі сабе людзьмі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars