На працягу некалькіх гадоў дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў” праводзіць Міжнародны фестываль творчасці дзяцей і моладзі з інваліднасцю “Мары здзяйсняюцца”. І кожны раз у ім удзельнічаюць выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната.
На гэты раз у Віцебск прыехалі 12 каманд з Беларусі і бліжняга замежжа. Наша каманда складалася з 7 выхаванцаў і двух кіраўнікоў: Дзмітрыя Геранімавіча Краскоўскага і Алены Міхайлаўны Варыга.
Тры дні спатрэбіліся, каб выявіць мацнейшых. У складанай барацьбе першае месца па праве заслужылі нашы дзеці. Гэта вялікі крок наперад у параўнанні з мінулым годам, калі мы сталі трэцімі. Хочацца спадзявацца, што і ў далейшым не здадзім пазіцыі.
Напрыканцы фестывалю ў амфітэатры, галоўнай пляцоўцы “Славянскага базару”, адбыўся гала-канцэрт, на якім Івянецкі дом-інтэрнат быў прадстаўлены двума нумарамі: я праспяваў песню, а Кацярына Захаваева і Вадзім Стрэльскі выканалі танец на калясках. І пяць тысяч гледачоў стоячы апладзіравалі нам!
…А яшчэ мы пазнаёміліся са спевакамі Аляксандрам Саладухам, Дзмітрыем Калдуном, тэлевядучай Святланай Бароўскай, са сваімі аднагодкамі і проста добрымі і неабыякавымі да іншых людзьмі.
Андрэй КЛОК,
Выхаванец Івянецкага
дома-інтэрната