Прынеслі прысягу на вернасць Радзіме

прынеслі-прысягу2

    У мінулую суботу адбылася важная падзея ў жыцці маладых людзей, якія вясной гэтага года былі прызваны ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 115 навабранцаў прынеслі прысягу на вернасць народу Рэспублікі Беларусь на пляцы воінскай часці № 30695 Валожына.

Перад пачаткам мерапрыемства бацькі і блізкія з хваляваннем стараліся адшукаць у выстраеных калонах сваіх сыноў, братоў, каханых. У тых, каму гэта ўдавалася, на вачах з’яўляліся слёзы радасці, твары станавіліся шчаслівымі, і далей яны з гонарам назіралі за сваімі салдатамі.

Да новага папаўнення  звярнуўся камандзір часці палкоўнік С. В. Галіеў. Ён расказаў аб значэнні Ваеннай прысягі і выказаў упэўненасць у тым, што кожны курсант будзе верна служыць беларускаму народу, даражыць воінскай чэсцю, баявой славай сваёй брыгады, рабіць усё дзеля бяспекі Радзімы.

Наступіў самы хвалюючы момант урачыстасці, родныя лавілі кожнае слова, углядаліся ва ўзмужнелыя дарагія твары, намагаліся падтрымаць іх хоць позіркам. Тыя ж, чаканячы, вымаўлялі кожнае ёмкае і глыбокае слова прысягі. Начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення, намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр П. В. Ціханаў непасрэдна заслухаў прынясенне прысягі ад многіх навабранцаў, павіншаваў і нават сфатаграфаваўся з імі і іх роднымі.

Па-бацькоўску шчыра выказалі свае пажаданні маладым салдатам намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, ветэран злучэння падпалкоўнік у адстаўцы У. У. Сёмін. З наказам выступіла маці аднаго з курсантаў вучэбнага падраздзялення Т. К. Малевіч, ад імя папаўнення слова меў Мікіта Лашч. Па традыцыі, на добрую службу благаславіў Благачынны Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч.

Юнакі трапілі ў валожынскую часць з розных рэгіёнаў краіны, сярод іх аказаліся і жыхары нашага раёна Мікалай Маціеўскі, Уладзімір Радына, Антон Фралоў. Маладым людзям пашчасціла служыць на малой радзіме.

Разам з тымі, хто праходзіць тэрміновую службу, прысягу прынялі 2 дзяўчыны-кантрактніцы. Для прыгожай паловы чалавецтва выбар прафесіі ваеннаслужачага – заўсёды добра прадуманае рашэнне. Па слядах бацькі вырашыла пайсці дачка начальніка штаба, першага намесніка камандзіра брыгады палкоўніка А. У. Макарава. Зразумела, што гэты дзень для яе лёсавызначальны. З важнай падзеяй у жыцці дзяўчыну і яе родных павіншавала вышэйшае камандаванне.

Пасля заканчэння ўрачыстасці ў РЦК адбылася сустрэча з бацькамі. З гісторыяй брыгады і армейскімі буднямі салдат тэрміновай службы іх пазнаёміў палкоўнік А. У. Макараў. Ён паведаміў, што праграму пачатковай ваеннай падрыхтоўкі байцы засвоілі, цяпер пачнецца агульнавайсковая. Аб прэстыжы службы ў 153-й Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай зоркі радыётэхнічнай брыгадзе асобага прызначэння расказаў генерал-маёр П. В. Ціханаў.

Бацькоў хвалявала, дзе будуць далей служыць іх дзеці пасля навучання ў вучэбнай роце. Ім патлумачылі, што асобныя воінскія часці, якія ўваходзяць у склад брыгады, дыслацыруюцца ў Брэсце, Гродне і Віцебску. Туды і размяркуюць частку курсантаў, частка застанецца ў Валожыне, а некаторых накіруюць у Барысаў і Слуцк, дзе тыя пройдуць спецыяльную падрыхтоўку, пасля чаго вернуцца ў воінскую часць № 30695. Цікавіла прысутных і пытанне неўстаўных адносін. Родных запэўнілі, што іх дзецям пашанцавала, яны трапілі ў самую бяспечную ў гэтых адносінах брыгаду, бо сюды прыходзяць служыць інтэлектуалы. Каля 25% навабранцаў маюць вышэйшую адукацыю, больш за 40% – сярэднюю спецыяльную. Такое становішча гаворыць пра многае. Былі зададзены камандаванню і пытанні, звязаныя з бытам салдат. Бацькі пераканаліся, што іх дзеці пад надзейнай апекай.

Традыцыйна для родных навабранцаў была праведзена экскурсія па воінскай часці, яны змаглі ўпэўніцца, што жыццё салдат добра наладжана, ёсць усё неабходнае. А затым маладых людзей чакала першае звальненне. Яны правялі час у коле блізкіх, разам пагулялі па горадзе, падзяліліся навінамі, а вечарам вайскоўцы вярнуліся ў размяшчэнне сваёй часці.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

прынеслі-прысягу

прынеслі-прысягу2

прынеслі-прысягу3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars