Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Завезены ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў нашу краіну як кармавая культура, сёння баршчэўнік Сасноўскага стаў пагрозай для навакольнага асяроддзя.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў з гэтай раслінай вядзецца рашучая барацьба. Аднак знішчыць пад корань яе не так проста, хаця плошчы, захопленыя баршчэўнікам, змяншаюцца. У нашым раёне асноўныя зараснікі баршчэўніку назіраюцца ў Івянецкім сельсавеце, у межах ААТ “Суднікаўскі”, – 12 гектараў. Для ліквідацыі расліны-агрэсара са сродкаў мясцовага бюджэту ў бягучым годзе выдзелена 14 тысяч 300 рублёў. За май асвоена ўжо 9 тысяч рублёў.

    Дабрачынцы з Ірландыі пасля аварыі на ЧАЭС аказвалі значную падтрымку Валожынскай школе-інтэрнату, і не толькі тонамі гуманітарнай дапамогі, але і рабочай сілай. Мінулі гады, не існуе ўжо ў райцэнтры такой установы.

А шчырыя валанцёры з гэтай краіны працягваюць прыязджаць у раён, яны знаходзяць новыя кропкі, дзе патрэбны іх сілы і дапамога. Апошнім часам апекавалі прыёмную сям’ю з Багданава. З 1 па 8 чэрвеня пяць валанцёраў з гарадоў Корк і Мэлоў па ўласнай ініцыятыве зноў пабывалі на Валожыншчыне. Яны працавалі ў вёсцы Мінці Валожынскага сельсавета, дзе дапамагалі добраўпарадкоўваць вясковы дом, у якім пражывае мнагадзетная сям’і Дзіны Кабдулаўны Макар. Цяпер у іх сціплым жыллі ёсць ванна і туалет, прыведзена ў парадак кухня.

 

    8 чэрвеня ў першым гарадскім аддзяленні паштовай сувязі ў чарговы раз прайшоў “Дзень пасткросера”, які афіцыйна праводзіцца раз у квартал.

У той дзень жыхары Валожына адправілі 14 міжнародных простых паштовых картак на суму 11 рублёў. Дарэчы, у аддзяленні ёсць выбар паштовых адкрытак, якія могуць красамоўна расказаць пра нашу Беларусь. Для параўнання: звычайна за дзень гараджане адпраўляюць 3-4 паштоўкі. Аднак зазначу, што пасткросерскі рух у нашым горадзе не надта развіты, хаця і існуе шмат гадоў.

 

    Лета – спрыяльная пара для многіх адказных сельскагаспадарчых работ і культурных мерапрыемстваў. Менавіта ў гэты час актывізуюць работу культработнікі па правядзенні свят вёсак, вялікіх і малых населеных пунктаў раёна.

3 чэрвеня прайшло свята вёскі Янушкавічы Пяршайскага сельсавета “Гуляй, сяло, весяло!”. На гэты раз гуляла вёсачка без свайго шчырага летапісца, энтузіяста, актывіста настаўніцы Дануты Вікенцьеўны Шаўлоўскай, якая пайшла з жыцця. Не магла не ўспомніць пра гэтага душэўнага чалавека, які пакінуў на Пяршайшчыне свой след і добрую памяць у душах шматлікіх вучняў. 11 чэрвеня адбылося свята вёскі Петрусоўшчына Івянецкага сельсавета, якое зладзілі работнікі Суднікаўскага сельскага клуба.

 

    10 чэрвеня ў Валожыне на стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка прайшлі спаборніцтвы на кубак горада па пляжным валейболе сярод  юнакоў і дзяўчат. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працуе аб’яднанне па інтарэсах “Валейбол”, якім кіруе трэнер А. Б. Балабан, вялікі энтузіяст гэтага алімпійскага віду спорту. Сярод яго выхаванцаў і былі разыграны прызы.

Сярод юнакоў 2001-2003 гадоў нараджэння першае месца заваявалі вучні СШ № 2 Сяргей  Садоўскі і Максім Круцько. Ва ўзроставай падгрупе 2004-2006 гадоў нараджэння лепшай стала пара ў складзе Сяргея Паплаўскага (СШ № 1) і Івана Ахрэма (СШ № 2). Усяго ў кожнай падгрупе былі  прадстаўлены па 5 каманд.  Сярод дзяўчат 2001-2004 гадоў нараджэння ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 6 каманд. Лепшай была пара Кацярына Бацян (СШ № 2) і Наталля Жук (СШ № 1).

 

    На працягу тыдня ў Мінску праходзіла Міжнародная сельскагаспадарчая выстава “БЕЛАГРА-2017”.

У канцэртнай праграме падчас закрыцця гэтага форуму прымалі ўдзел нашы землякі-івянчане. Запрашэнне ўдзельнічаць у канцэрце атрымалі народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка”, салістка Марыя Шумчык і ансамбль цыганскай песні “Ромалэ”.

 

    Традыцыйнай прыкметай лета становяцца таксама турыстычныя злёты розных маштабаў, якія праводзяцца як на раённым узроўні, так і абласным, рэспубліканскім, розных арганізацый і ведамстваў.

З 12 па 14 чэрвеня ў Слуцкім раёне прайшоў абласны турзлёт педагогаў, у якім брала ўдзел каманда нашага аддзела адукацыі, спорту і турызму. З 13 па 16 чэрвеня ў Плешчаніцах праходзіў абласны дзіцячы турыстычны злёт па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Нашы юныя землякі – выратавальнікі таксама ўдзельнічалі ў злёце.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars