Лёс, жыццё, прафесія…

лёс,-жыццё,-прафесія...

Часта здараецца так: перш чым штосьці атрымаць, даводзіцца пабываць на краі адчаю – перажыць падзеі непрыемныя настолькі, што на першы погляд здаюцца невыноснымі…

Вось на які падарунак лёсу магло разлічваць сямігадовае дзіця, якое на многія месяцы пасялілася ў бальнічнай палаце? Аказалася, прыз для пераможцы ў барацьбе з набытай у выніку цяжкай траўмы хваробай – будучая прафесія.

Сёння Марына Аляксандраўна Нехвядовіч – участковы тэрапеўт сельскага прыпіснога ўчастка – з лёгкасцю разважае аб тым, як мог бы скласціся яе лёс, калі б не тыя бясконцыя дні на ложку хірургічнага аддзялення. Магчыма, жыццёвая дарога прывяла б яе ў інстытут замежных моў. Але ад медыкаў, што вярнулі ёй здароўе, яна назаўсёды заразілася цікаўнасцю да высакароднай і складанай прафесіі.

Марыне пасля працяглай бальнічнай эпапеі было даволі цяжка аднавіць адносіны з дзецьмі, вельмі ж бестурботнымі здаваліся яны рана пасталеўшай дзяўчынцы. Выдатная памяць дазволіла ёй узбагаціць лексікон медыцынскімі тэрмінамі, таму здавалася, што можна амаль на роўных абмяркоўваць з людзьмі ў белых халатах асаблівасці захворванняў, дыягназы, спосабы лячэння. Многія яе ўяўленні былі недакладнымі, аднак нейкія моманты яна зразумела выключна правільна. Напрыклад, тое, што галоўны орган у арганізме – сэрца, якое выконвае ролю рухавіка. Такім чынам, ужо з сямі гадоў цвёрда ўпэўнілася – стане медыкам, і не якім-небудзь, а менавіта кардыёлагам. Матывацыя была і застаецца адзінай і ярка акрэсленай – хоча дапамагаць людзям развітвацца з хваробамі.

У школе побач са стараннай вучаніцай аказаліся, калі можна так сказаць,  правільныя педагогі. Марына Аляксандраўна з цеплынёй успамінае сваіх першых павадыроў у свет біялогіі і хіміі – Наталлю Юр’еўну Кандэр і Таццяну Вячаславаўну Халявінскую. Гэтыя настаўніцы праз прызму школьных прадметаў разгледзелі ў дзяўчынцы апантанасць медыцынай. Доўгія шэсць гадоў “угрызалася” яна ў граніт анатоміі, фізіялогіі, гісталогіі і мноства спецыяльных дысцыплін падчас вучобы ў інстытуце. Дзеля сваёй мэты вытрымала ўсё. Дарэчы, у студэнткі быў момант, калі задумалася над магчымасцю займацца навукай, нават пісала навуковую працу аб уздзеянні іанізуючай радыяцыі на лімфатычную сістэму пацукоў, але… Хутка адчула: тэарэтычная медыцына – карысны кірунак, цікавы, ды не яе. Яна ж выбрала шлях поруч з пацыентамі. Дапамагалі вера ў свае сілы і шчаслівая для будучага медыка адсутнасць страху перад дзеяннямі ў анатамічцы.

Інтэрнатура ў адной са сталічных клінік дала магчымасць чарговы раз праверыць сябе. А яшчэ год самастойнай работы ў Пяршайскай урачэбнай амбулаторыі, які без перабольшання можна залічыць за тры ва ўмовах гарадской лячэбнай установы, дапамог прыйсці да высновы: “Я ўрач не толькі па дыпломе!”

Зараз яе клопат – наведвальнікі райпаліклінікі. Але, як лічыць сама Марына Аляксандраўна, доктар, што не працуе ў стацыянары, ніколі не будзе мець той вопыт, які дазволіць адчуваць сябе сапраўдным прафесіяналам. Таму яе свядомы выбар – начныя і сутачныя дзяжурствы ў тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы. Безумоўна, нярэдка пакутуе ад стомы. Аднавіць страчаны падчас складанай змены настрой бывае няпроста. Але праз любыя церні яе вядуць непахісная ўпэўненасць у сваім выбары і бясконцая ўлюблёнасць у цяжкую і бадай самую высакародную прафесію.

Абраннікам гэтай жанчыны мог стаць мужчына з дыпломам юрыста, інжынера ці, скажам, ваеннага. Шырокі жыццёвы кругагляд і рознабаковыя прыхільнасці робяць А. А. Нехвядовіч бяспрэчна цікавай асобай, а пастаянная праца над уласным інтэлектам не дазваляе замыкацца толькі ў рамках прафесійных тэм. Але ж факт застаецца фактам, яна выйшла замуж за ўрача. Кажуць, калі маеш намер правесці вольны час з пяццю прадстаўнікамі адной прафесіі, лепш арандаваць канферэнц-залу, чым столік у рэстаране. Таму для нашай гераіні і яе мужа Альфрэда Зянонавіча даўно існуе негалоснае правіла: дома медыцыне – не. Гэта дапамагае ім паўнацэнна жыць па-за рамкамі работы.

Марына Аляксандраўна любіць чытаць. Яна – заўзятая прыхільніца творчасці Міхаіла Булгакава. Персанаж, які падабаецца больш за іншых, – прафесар Праабражэнскі. Часта дазваляе сабе паглыбіцца і ў поўны рызыкі і прыгод свет раманаў Генрыка Сянкевіча. Бывае і так, што душа патрабуе адкрыць том фантастыкі ці нават фэнтэзі. З сяброўкай-мастачкай з радасцю абмяркоўваюць новыя напрамкі сучаснага выяўленчага мастацтва, выдатна шые, вяжа, упэўнена адчувае сябе і на кухні. аднак прызнаецца, што, калі ў сям’і ўзнікае неабходнасць накрыць святочны стол, з ахвотай перадае абавязкі шэф-повара мужу, сама ж з задавальненнем застаецца пры ім памагатай.

Цяжка ўявіць, што ў нашай маладой, спартыўнага выгляду субяседніцы даволі дарослыя дзеці – 16 і 10 гадоў. Муж, два сыны… Яе жыццё праходзіць у акружэнні прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, магчыма таму пытанні прывабнасці і жаноцкасці для яе не на апошнім месцы. Да таго ж яна даўно зрабіла выснову, што знешні выгляд доктара, як і яго ўменне кантактаваць з людзьмі, спрыяе лепшаму разуменню пацыентаў, правільнай пастаноўцы дыягназу, адэкватнаму лячэнню і, як вынік, хуткай папраўцы.

Урач-тэрапеўт марыць аб тых часах, калі ўсе будуць здаровымі і лячэнне нікому не спатрэбіцца. На жаль, культура паводзін нашых грамадзян у дачыненні да ўласнага здароўя, на яе думку, пакуль далёка не на належным узроўні. Сама ж доктар абедзвюма рукамі – за здаровы лад жыцця. Паважае фізічную нагрузку, пасля двух цяжарнасцей не на словах зведала, што такое барацьба з лішнімі кілаграмамі. Тым не менш, упэўнена, што ўніверсальных парад наконт таго, як зберагчы маладосць і прыгажосць, не існуе. Для кожнага – індывідуальны падыход. Агульныя толькі ўстаноўкі: не распускацца, развіваць самадысцыпліну, не марыць аб жыцці – жыць.

Марына Аляксандраўна – чалавек глыбокі, удумлівы, у яе свой уласны цікавы ўнутраны свет, сваё філасофскае стаўленне да наваколля. Яе адказы на зададзеныя пытанні не назавеш легкадумнымі, наадварот, грунтоўнасць разважанняў уражвае. Аднак на пытанне: “Што б Вы пажадалі нашым чытачам?” адказвае ўпэўнена, амаль не раздумваючы: “Хачу, каб людзі на самай справе ставіліся да іншых так, як хацелі б, каб тыя ставіліся да іх. І яшчэ… Давайце ўсе разам станем хоць крыху дабрэйшымі!”

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars