На геабазе ўстанавілі памятны знак

на-геабазе-устанавілі

Такую ініцыятыву праявілі былыя выпускнікі геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

Афіцыйна геабаза БДУ ля вёскі Калдыкі ў нашым раёне была адкрыта ў 1973 годзе. Дакладная яе назва – вучэбная геаграфічная станцыя “Заходняя Бярэзіна”, але выраз “геабаза” больш звыклы не толькі для нашага вуха. На карце ж раёна такая кропка з’явілася яшчэ раней – у 1970 годзе, калі былі завезены першыя “тралейбусы”, у якіх пражывалі выкладчыкі. Студэнты-практыканты разбівалі палатачны лагер. З таго моманту на працягу многіх дзесяцігоддзяў тут праходзяць летнюю вытворчую практыку студэнты 1-2 курсаў. Менавіта геабаза стала той памятнай кропкай, якая аб’ядноўвала групы, курсы. І на ўсё астатняе жыццё стала ўспамінам аб лепшых гадах студэнцкай маладосці. Значныя змены адбыліся і на тэрыторыі станцыі, што ператварылася ў сапраўдны студэнцкі гарадок.

Ідэя аб адкрыцці памятнага знака лунала ў паветры даўно. Ініцыятыву праявіў выпускнік 1990 года Уладзімір Малашанкаў, які пасля заканчэння ўстановы некаторы час працаваў на факультэце. Знайшліся і аднадумцы. Быў дастаўлены і ўстаноўлены камень-валун, на якім выбіты, канешне ж, геаграфічныя каардынаты станцыі, а таксама ноты і радкі з песні, што некалькі гадоў ужо з’яўляецца нефармальным гімнам выпускнікоў. Напісаны ён тым жа Уладзімірам Малашанкавым.

На адкрыцці памятнага знака прысутнічалі былыя дэкан і намеснік дэкана факультэта, каля 25 выпускнікоў розных гадоў. Выступалі старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства прафесар Пётр Сцяпанавіч Лопух, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце кандыдат геаграфічных навук дацэнт Міхаіл Мікалаевіч Брылеўскі, дарэчы, наш зямляк, выпускнік сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Усе дружна вырашылі, што апошняя нядзеля мая павінна стаць традыцыйнай сустрэчай выпускнікоў.

Апошнія некалькі гадоў на геабазе студэнты праходзяць не толькі практыку. Тут ладзіцца творчы конкурс “Музычны глобус”, прадзюсіруе які таксама У. Малашанкаў. Ён заўважыў, што факультэт вельмі багаты на творчых людзей і вырашыў іх падтрымліваць. Варта толькі ўспомніць, што сярод выпускнікоў геафака вядомы спявак і тэлевядучы Георгій Калдун, Канстанцін Драпеза з дуэта “Аляксандра і Канстанцін”, які першым прадстаўляў нашу краіну на Еўрабачанні, Іван Юркін з групы “Беz Білета”. Гэта далёка не поўны пералік. І кожны “Музычны глобус” адкрывае 2-3 таленавітых студэнтаў, якія праяўляюць сябе не толькі ў геаграфіі.

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars