Даедуць да кожнага

даедуць-да-кожнага

З лютага бягучага года пры раённым вузле паштовай сувязі працуе брыгада матарызаванай дастаўкі. Новая паслуга з’явілася вынікам мадэрнізацыі і аптымізацыі штата. Аднак галоўны яе сэнс у павышэнні вытворчых паказчыкаў, забеспячэнні бяспекі работнікаў.

Вядома, што сучасная пошта – гэта не толькі дастаўка газет, часопісаў і твораў эпісталярнага жанру – асабістых лістоў. Сёння прадпрыемства прадастаўляе грамадзянам магчымасць, не выходзячы з дома, аплаціць рахункі, атрымаць пенсію, набыць латарэі, друкаваныя выданні, любыя харчовыя і прамысловыя тавары. Новая служба дазваляе ажыццяўляць дастаўку і буйнагабарытных грузаў, напрыклад, халадзільнікаў. Такія рэчы дастаўляюцца па папярэднім заказе без перадаплаты. Прадукты таксама можна заказаць, але, нават калі грамадзяне гэтага не зрабілі, штодзённа ладзіцца падвоз самых неабходных тавараў – мукі, цукру, алею і інш. Папулярнымі з’яўляюцца і так званыя сезонныя тавары – гумавыя боты, галёшы, насенне, металічныя накрыўкі для хатняй кансервацыі.

Аўтамібілі матарызаванай дастаўкі працуюць па чатырох кірунках – Івянецкім, Гародзькаўскім, Дорскім і Багданаўскім. На трох аўтамабілях “УАЗ” і “Газелі” кожны дзень адпраўляюцца ў дарогу чатыры паштальёны і чатыры вадзіцелі (яны ж надзелены і функцыямі ахоўнікаў). Загрузка машын, іх выезд адбываюцца згодна з графікам. Далей – перамяшчэнне па маршруце з абавязковымі заездамі ў аддзяленні сувязі, дзе праводзіца абмен поштай.

Аператар службы Таццяна Восіпаўна Уласік – непасрэдны кіраўнік мабільнай групы – патлумачыла, што работа супрацоўнікаў звязана са значнымі грашовымі сумамі, неабходнасцю выконваць план, разбірацца ў рынку тавараў і паслуг, таму патрабуе сканцэнтраванасці і грунтоўнага стаўлення да сваіх абавязкаў. Да таго ж для вясковых жыхароў гэтыя людзі яшчэ і доўгачаканыя суразмоўцы, ад якіх многія спадзяюцца атрымаць і псіхалагічную, і юрыдычную, і часам медыцынскую дапамогу. Дарэчы, зарплата напрамую залежыць ад аб’ёму продажу, таму работнікі старанна вывучаюць попыт у мясцовага насельніцтва, афармляюць заказы, рэкламуюць тавар. У адказ – мноства падзяк.

“Нашы паштальёны Святлана Яўстафьеўна Пашкоўская, Святлана Анатольеўна Мілеўская, Людміла Іосіфаўна Яблонская, Ларыса Міхайлаўна Цаюн (часова замяшчае Алену Анатольеўну Шарко) – прыгожыя жанчыны, вопытныя работнікі, якія ўмеюць працаваць з людзьмі. Вадзіцелі Віктар Міхайлавіч Стасяловіч, Антон Леанідавіч Сяменік, Уладзімір Уладзіміравіч Косік, Юрый Сігізмундавіч Лужынскі па сваіх чалавечых і прафесійных якасцях таксама цудоўна падходзяць для работы ў гэтай камандзе”, – такой характарыстыкай надзяліла падначаленых дырэктар РВПС Марына Аляксандраўна Іода.

P.S. Зраніцы ў суботу, калі каманда рыхтавалася да выезду, мне пашанцавала сфатаграфаваць іх у поўным складзе. Мы пагутарылі. Кожны расказаў аб сваіх абавязках, а пасля жанчыны звярнуліся з просьбай, каб на старонках газеты прагучаў іх заклік да жыхароў раёна праяўляць больш адказнасці пры ўтрыманні сабак. На жаль, жывёлы часта ствараюць пагрозу для работнікаў, у абавязкі якіх уваходзіць наведваць дамы грамадзян. Як паказала практыка, бываюць сітуацыі, калі перадаць гаспадару падпіску, пенсію ці заказаны тавар немагчыма без рызыкі для здароўя. Хацелася б, каб на праблему звярнулі ўвагу самі гаспадары чатырохногіх сяброў, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады і праваахоўнікі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars