Знайсці выйсце

ispolkom533

На мінулым тыдні адбылася запланаваная сустрэча старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама А. А. Семенчука з жыхарамі раёна. Не абышлі ўвагай мерапрыемства і прадстаўнікі раённай вертыкалі: намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. В. Садоўскі.

Перад пачаткам прыёму грамадзян Алег Аляксеевіч даў ацэнку дзейнасці спецыялістаў сацыяльнай сферы ў раёне. Аб эфектыўнасці работы лепш за ўсё гавораць факты. А яны сведчаць, што на Валожыншчыне ў гэтай галіне вядзецца граматная, мэтанакіраваная работа. Скаргаў, а таксама просьбаў даць тлумачэнні па тых ці іншых пытаннях ад жыхароў раёна ў вышэйшыя органы ўлады не паступае. Істотна зменшылася і колькасць неабгрунтаваных зваротаў, што станоўча характарызуе павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва. Але жыцця без праблем, на жаль, не бывае. Вялікую заклапочанасць выклікаюць парушэнні графіку выплаты зарплаты, асабліва ў аграпрамысловым комплексе. Застаюцца пытанні з працаўладкаваннем і выкараненнем сацыяльнага ўтрыманства. Часам некаторыя пенсіянеры адчуваюць сябе падманутымі, скардзяцца, што ім “няправільна” падлічылі стаж ці вывелі каэфіцыент. Неабходна, каб пры выхадзе на заслужаны адпачынак кожны чалавек атрымаў даступныя тлумачэнні наконт таго, які памер пенсіі яму гарантаваны.

Практыка паказвае, што летам грамадзянская актыўнасць падае. Канікулы, адпачынак, агароды – вось галоўныя інтарэсы ў гэту пару года. Некаторыя нашы чытачы знайшлі выйсце: перадаць праз журналістаў свае пытанні. Так, пенсіянерка з Ракава пацікавілася, ці прадугледжана аказанне матэрыяльнай дапамогі для ўльтра-гукавога даследаванне ў райпаліклініцы. Адказ ёй і ўсім іншым прагучаў такі: усё, што непасрэдна звязана з лячэннем па дыягназе, аказваецца на бясплатнай аснове. Не думайце, што ўрачы спрабуюць на вас нажыцца: медыцынская дакументацыя, у тым ліку квітанцыі аб аплаце паслуг, строга кантралюецца. Пры вострай неабходнасці і пры прад’яўленні неабходных даведак матэрыяльная дапамога пенсіянерам можа аказвацца адзін раз у год. Для гэтага неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Што датычыць бясплатнай замены пратэзаў малочнай залозы, то гэта можна рабіць раз у год пры прад’яўленні неабходных медыцынскіх даведак.

Вельмі злабадзённыя пытанні хвалююць раённую арганізацыю БРСМ. З імі да Алега Семенчука звярнулася старшыня камітэта Наталля Нямкевіч. Арганізацыя студэнцкіх атрадаў, працаўладкаванне на летні перыяд школьнікаў і навучэнцаў ліцэяў – справа добрая, патрэбная і заахвочваецца на самым высокім узроўні. А вось прававыя механізмы не ўрэгуляваны. Патрабаванні пракуратуры, Міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя і юстыцыі, органаў апекі, грамадскіх маладзёжных арганізацый на практыцы складана звесці ў адну плоскасць. Аказваецца, нават пры ажыццяўленні карыснага пачыну ёсць верагоднасць трапіць у бюракратычную пастку, панесці дысцыплінарную адказнасць.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама нагадаў, што закон парушаць нельга ні пры якіх абставінах. Праверыў прад’яўленыя Наталляй Паўлаўнай дакументы, адзначыў, што вядуцца яны беспамылкова. Параіў у далейшым праблемы вырашаць задоўга да іх узнікнення.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars