Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Самыя новыя вуліцы ў нашым райцэнтры – Палявая і Паркавая. Менавіта там апошнім часам выдзяляюцца ўчасткі пад індывідуальную забудову.  На вуліцы Палявой ужо з’явіліся першыя жылыя дамы. Таксама там пракладзены пешаходныя дарожкі з асфальтавым пакрыццём. На вуліцы Паркавай пакуль што будаўніцтва не пачыналася. Але першыя ўчасткі ўжо выдзелены.

У гарадскім пасёлку Івянец на стадыі праектавання новы мікрараён жылой забудовы ў раёне сярэдняй школы. Самае актыўнае будаўніцтва вядзецца на вуліцы Садовай і завулку з аналагічнай назвай. За апошнія гады на карце пасёлка, дзякуючы маладым забудоўшчыкам, з’явіліся вуліцы Ф. Скарыны, М. Багдановіча, Дуніна-Марцінкевіча. Унесена прапанова адну з новых вуліц назваць у гонар паважанага педагога-арганізатара, былога дырэктара Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната Фёдара Лазаравіча Гольдшмідта.

 

На тэрыторыі Валожынскага сельсавета з’явіліся два новыя штучныя ставы-капані, ля вёсак Стайкі і Сявяцевічы.

Яны выкапаны сіламі работнікаў ДУП “Валожынскае ПМС” для збору дажджавой і грунтавых водаў з мэтай прадухілення ад падтаплення прысядзібных участкаў вяскоўцаў. Работы вяліся ў маі. На іх выдаткавана 2 тысячы 236 рублёў, якія сельвыканкам зарабіў ад продажу зямельных участкаў.

 

 

У Вішнеўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа гэтымі днямі ўстаноўлены фільтр для ачысткі пітной вады.

Набыты ён за спонсарскія грошы. 650 рублёў на пакупку, устаноўку і тэхнічнае абслугоўванне на працягу года выдаткаваў “Прыорбанк”. Разам з фільтрам закуплены і каля чатырох тысяч аднаразовых шклянак.

 

 

У абласной спартыўнай базе “Галактыка” з 14 чэрвеня пачалася першая змена раённага спартыўна-аздараўленчага лагера. На працягу дзевяці дзён тут адпачываюць выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Рэалізавана 51 пуцёўка.

Яшчэ адзін кругласутачны раённы лагер з 12 па 20 чэрвеня працаваў на базе Вішнеўскай СШ. У лагеры працы і адпчынку “К.Р.У.Т.О.” 30 падлеткаў сумяшчалі актыўны адпачынак з працай. Яны займаліся добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, праполкай дзвюх цяпліц, кветнікаў, агарода.

 

 

10 чэрвеня ў горадзе Узда прайшоў адкрыты абласны рэйтынгавы турнір па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2002 года нараджэння і маладзейшых.

Удзел у турніры бралі навучэнцы аддзялення настольнага тэнісу ДЮСШ Валожынскага раёна. Прыемна адзначыць, што ў дзяўчат увесь п’едэстал гонару быў заняты юнымі тэнісісткамі нашага раёна. Першае месца заваявала Анастасія Патоцкая, на другой і трэцяй прыступках былі яе сяброўкі па камандзе Яна Раманчык і Дзіяна Ліхтаровіч.

 

 

У мінулыя выхадныя, 17 чэрвеня, адбыўся VI абласны фестываль гумару і гульні “Капыльскія пацехі”. У ім прыняў удзел народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” з праграмай “Гэта вам не шуры-муры – дубінскія субкультуры”.

Таксама на фестываль былі запрошаны вядомыя ў раёне гумарысты і байкапісцы, члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Дзмітрый Краскоўскі і Галіна Філяноўская.

 

 

У пачатку чэрвеня на працягу чатырох дзён у Івянецкім гарпасялковым Доме культуры праходзіў вернісаж работ мастакоў, удзельнікаў Другога міжнароднага мастацкага пленэру “Святасць зямлі беларускай”.

Жыхары пасёлка мелі магчымасць пазнаёміцца з работамі яго ўдзельнікаў. 28 работ былі створаны менавіта на іх роднай зямлі, у Налібоцкім краі. 4 ліпеня выніковая выстава работ удзельнікаў мастацкага пленэру адкрыецца ў Мінску ў Палацы Рэспублікі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars