На п’едэстале павагі

Общество

Звычайна неабходны “інфармацыйны рэсурс” для будучых журналісцкіх праектаў мы назапашваем у камандзіроўках па раёне: сустракаемся з людзьмі, слухаем іх успаміны, абмяркоўваем агульныя тэмы. Але я адышла ад гэтай традыцыі і вырашыла напісаць уступны артыкул для новага інфармацыйна-аналітычнага праекта, пабыўшы гадзіну сам-насам: пакапаўшыся ў сваёй памяці, прыгадаўшы далёкія па часе журналісцкія камандзіроўкі. Звычайна ў ходзе інтэрв’ю я карыстаюся блакнотам, рэдка – дыктафонам, а калі пачынаю пісаць матэрыял у газету, усе гэтыя прафесійныя атрыбуты без патрэбы ляжаць на рабочым стале, а на паперу выліваецца толькі тое, што засталося ў памяці, што ўзварухнула душу, абудзіла жывыя эмоцыі. Калі “пагартаць” у галаве старонкі мінулага, то шмат якія людзі прыгадаюцца, шмат каго, калі б была такая магчымасць, захацелася б сёння сабраць за “круглым сталом”, каб параіцца, як зрабіць наш сённяшні інфармацыйны праект цікавым для чытачоў, павучальным і практычным для тых, хто толькі пачынае асвойвацца ў крэсле кіраўніка…

У васьмідзесятыя гады своеасаблівым эталонам, калі можна так сказаць, эфектыўнага стылю кіравання быў на Валожыншчыне М. Б. Поль – былы дырэктар саўгаса “Ракаўскі”. Пра яго многія і цяпер скажуць: “Гэта кіраўнік ад Бога!” На жаль, у самым росквіце жыццёвых сіл яго не стала… Я добра памятаю тыя часы, калі не столькі за станоўчымі рэпартажамі, колькі за папулярызацыяй перадавога вопыту ехалі ў наш  раён журналісты з рэспубліканскіх і нават саюзных СМІ. І гэта крышачку “разбалавала” нашых кіраўнікоў:  некаторыя з іх залішне заганарыліся, і раёншчыкам на інтэрв’ю пакідалі час па астаткаваму прынцыпу. А мы не крыўдзіліся: хваліцца ім і сапраўды было чым! Вёска жыла, гудзела, як дружны працавіты вулей. Моладзь моцна трымалася сваіх каранёў. У 80-ыя гады ў раёне, памятаю, налічвалася больш за 60 тысяч чалавек, ды і раёнка тады мела рэкордны падпісны тыраж – каля 10 тысяч экзэмпляраў. Успамінаю, з якім азартам і радасцю на старонках “Працоўнай славы” карэспандэнты расказвалі пра вялікія вытворчыя  поспехі гаспадарак, іх таленавітых, апантаных рознымі ідэямі і задумамі кіраўнікоў, з якой цікавасцю слухалі К. П. Гладуна з Вішнева, С. А. Лужынскага з Пугачоў, І. М. Лянкевіч з Каменя, У. П. Вашкевіча з Выганічаў, М. С. Шчуцкага з Сакаўшчыны, М. В. Ягоўдзіка з Гародзькаў, І. М. Драгуна з Сівіцы, І. В. Брылеўскага з Філіпінятаў. Я пералічыла толькі кіраўнікоў-аграрыяў па памяці і сама здзівілася, што да гэтага часу добра памятаю не толькі іх прозвішчы, а нават і імя па бацьку. Вядома, у ліку патрыярхаў трэба абавязкова назваць і Я. Я. Скрундзя з Пяршаяў. Ён адзін з той слаўнай кагорты, хто і сёння працягвае верай і праўдай па-сыноўску аддана служыць роднаму краю. Як бы не крытыкавалі камуністычныя часы за кансерватызм, але і ў той перыяд было шмат каштоўнага вопыту ў рабоце з кадрамі, ярка выражаная пераемнасць пакаленняў давала добры плён. Кузняй кадраў быў пераважна свой раён, і толькі на пасады наменклатуры абласнога ўзроўню падпарадкавання прыязджалі да нас новыя сілы. Некаторыя мне запярэчаць: у заможныя, хоць і вельмі кансерватыўныя часы, лягчэй было раскруціцца, лабіраваць службовыя інтарэсы, каб заручыцца падтрымкай у ажыццяўленні чарговых смелых вытворчых планаў. А калі наваліўся сваім цяжарам крызіс 90-ых, дык наш раён па-ранейшаму захаваў стабільнасць, адносную дынаміку. Бо былі кіраўнікі, якія разам са сваімі калектывамі выстаялі, справіліся з нялёгкімі выпрабаваннямі. Іх вопыт, іх аўтарытэт, іх запас трываласці былі тады добрай школай для маладых. Нярэдка са сваіх жа калектываў вырасталі таленавітыя паслядоўнікі – сапраўдныя прафесіяналы-кіраўнікі. Пачынаць з нуля – гэта адна справа, гэта заўсёды няпроста, турботна. Зусім іншая – прыходзіць на прадпрыемства, у арганізацыю, як кажуць, на ўсё гатовае ды яшчэ некалькі гадоў з гонарам  пажынаць плады на ніве, засеянай тваімі папярэднікамі. Многае з таго, што сёння мы маем у сваіх калектывах, зроблена нашымі папярэднікамі. І цяпер мы пра іх мала пішам, ды і раней дайшлі і даехалі далёка не да кожнага, хто варты не менш як нашай сённяшняй папулярнай рубрыкі “Сустрэчы па пятніцах”. У маёй журналісцкай памяці захаваўся добры ўспамін пра такіх кіраўнікоў, як Т. І. Інфаровіч, якая ўзначальвала калектыў гімназіі. Шмат гадоў галоўным урачом працаваў М. Р. Грыка, багаты дырэктарскі стаж і ў Л. А. Вечара з Івянцкай кандытарскай фабрыкі. А звесткі пра колішняга дырэктара Івянецкага дома-інтэрната Ф. Л. Гольдшміта нават занесены ў энцыклапедыю “Мінская вобласць”. Можна гэты ганаровы спіс прадаўжаць і далей. Добрая слава гучала не толькі ў раёне, але і ў вобласці і пра тагачасны аўтапарк № 14, які ўзначальваў Д. І. Шыян. І калі ён прынёс свае нататкі-ўспаміны ў рэдакцыю, адна з маіх калег скептычна заўважыла: “Што ён хоча каму даказаць? У свой час ён ужо сваё атрымаў, навошта варушыць старое”. Магчыма, і ёсць у гэтых катэгарычных словах свой рэзон… Але мы, друкуючы нататкі Д. І. Шыяна, ні ў якім разе не хочам прынізіць заслугі цяперашняга кіраўніцтва аўтапарка, правесці нейкія аналогіі, паралелі. Не! Мы хочам перадаць той дух стваральнасці, калектывізму, энтузіязму і адказнасці, якія некалі дапамагалі, вобразна кажучы, пакараць горы. Важна заўсёды памятаць, што вытокі сённяшняга дня ў мінулым. Таму час ад часу трэба перагортваць старонкі былога, параўноўваць, аналізаваць, успамінаць тых людзей, якія сёння на заслужаным адпачынку. Паверце, яны па-ранейшаму з добрым сэрцам перажываюць за справы сваіх калектываў… Мы спадзяёмся, што заметкі, якія змешчаны ў гэтым тэматычным праекце, дапамогуць маладым кіраўнікам, ды і вопытным таксама, пачарпнуць нешта карыснае з практыкі іншых. Сённяшні стартавы выпуск тэматычнай старонкі “Менеджмент – навука кіраваць” – гэта першая, а таму, магчыма, яшчэ не такая ўпэўненая проба пяра. Спадзяюся, што ў сааўтарстве з кіраўнікамі розных узроўняў і з дапамогай пісьмаў-водгукаў і пісьмаў-успамінаў мы зробім гэты тэматычны праект цікавым і запатрабаваным. Пішыце пісьмы непасрэдна ў рэдакцыю, дасылайце  іх на электронны адрас, дзяліцеся сваім вопытам з моладдзю, успамінайце мінулае, дзе было нямала добрага, стваральнага, павучальнага… З павагай – вядучая праекта, рэдактар газеты Ірына ПАШКЕВІЧ. Працаваць па профілю, у тым ліку і кіраўніку, куды лягчэй, чым “ужывацца” ў новую справу. Хаця і тут ёсць свае станоўчыя перавагі. Для нашага міні-апытання мы спецыяльна падбіралі субяседнікаў па адной службовай прыкмеце: усе яны ў свой час рэзка змянілі ранейшую прафесіянальную сферу дзейнасці. Наколькі лёгка прайшоў працэс адаптацыі? Якія цяжкасці зведалі ў кіраванні новым калектывам? Што б хацелі параіць пачынаючым кіраўнікам? У адказ на зададзеныя пытанні мы пачулі наступнае:

Рамуальд ВАЙНІЦКІ

Рамуальд Уладзіміравіч ВАЙНІЦКІ, дырэктар ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, у мінулым – камандзір воінскай часці ў г. Валожыне: – 14 жніўня 2008 года маім асноўным месцам працы стала гэта прамысловае прадпрыемства. Пра ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” нямала чуў і раней, але не ўяўляў, што тут такая маштабная вытворчасць. У першы дзень знаёмства асабліва ўразіў цэх па выпуску пластмасавых вырабаў. Памятаю, як тагачасны старшыня райвыканкама прадставіў мяне назіральнаму савету і калектыву, акрэсліў першачарговыя задачы. Усё старанна занатаваў у блакнот, які і цяпер ляжыць на маім рабочым стале. Напачатку была зразумелая трывога: ці спраўлюся, ці асвою ўсе нюансы вытворчасці. Я ніколі не саромеўся звяртацца за тлумачэннямі і кансультацыяй да падначаленых, да галоўных спецыялістаў, з інтарэсам гутарыў з простымі рабочымі. Было важна па днях, па тыднях, месяцах дакладна ведаць, чым трэба займацца мне і падначаленым, каб складаны вытворчы механізм працаваў без збояў. Цэлы год доўжылася адаптацыя, на другі я адчуваў сябе ўжо досыць упэўнена, мой службовы прафесіяналізм прыкметна вырас. А маладым упраўленцам скажу наступнае: «Трэба ставіць перад сабой вялікія задачы, а малых мы і так дасягнём!»

Марына ТАРАСЕВІЧ

Марына Іосіфаўна ТАРАСЕВІЧ, старшыня Багданаўскага сельвыканкама, у мінулым – настаўніца школы: – Прапанова ўзначаліць сельвыканкам была для мяне нечаканай. Я нават не магла прадбачыць такога павароту лёсу. Але, відаць, у маладыя гады чалавеку лягчэй рашыцца на перамены, таму і ўзяла на сябе смеласць паспрабаваць асвоіць новую сферу дзейнасці. На тэрыторыі сельсавета пражывае больш за паўтары тысячы чалавек. Клопат пра іх – вялікая адказнасць! У першы ж дзень маёй службы паступіла скарга з вёскі Данілкі на работу аўталаўкі. Паехала разбірацца, чым магла – дапамагла. Потым былі іншыя будзённыя клопаты. Упэўненасці надавала адчуванне, што твая работа патрэбна людзям, што на цябе спадзяюцца, чакаюць падтрымкі, табе давяраюць. Я лічу, што правільна робяць, калі на кіруючыя пасады назначаюць маладыя кадры, нават і ва ўзросце 23 гадоў. У іх столькі максімалізму, энергіі, жадання прадэманстраваць свае здольнасці, і не дзіўна, што ў іх і сапраўды ўсё лепш атрымліваецца.

Зігмунт ЛУЖЫНСКІ

Зігмунт Сільвестравіч ЛУЖЫНСКІ, начальнік раённага вузла паштовай сувязі, у мінулым – начальнік упраўлення райсельгагасхарчу: – У паштовай сувязі я ўсё ж не навічок. Яшчэ ў далёкай маладосці працаваў паштальёнам перад тым, як стаць студэнтам Горацкай сельгасакадэміі. Ужо амаль 10 гадоў на гэтай пасадзе. Багаты вопыт гаспадарча-ўпраўленчай дзейнасці дапамог мне вызначыць стратныя напрамкі і палепшыць эканоміку. Напрыклад, у адзін і той жа дзень у адзін і той жа дом ішлі паштальён і работнік, якія дастаўляў пенсіі. Вырашылі сумясціць гэтыя абавязкі. Эканамічны эфект быў бясспрэчны. Да ліку прыярытэтных пытанняў тады я аднёс і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы паштовых аддзяленняў, стварэння належных умоў працы для падначаленых. Пачынаючым кіраўнікам раю з першых дзён не зніжаць сваіх патрабаванняў да дысцыпліны работнікаў, адчуюць слабінку – цяжка будзе потым справіцца. І яшчэ такое павучанне: не  трэба старацца вырашыць усё і адразу. Усе рашэнні, планы павінны быць узважаныя і рэальныя. У маладых жа шмат амбіцый, калі што-небудзь не атрымліваецца, яны тут жа расчароўваюцца і апускаюць рукі…



Добавить комментарий