Фэст, дзе жартоўны змест

фэст

    “Пускай капризен успех, он выбирает из тех, кто может первым посмеяться над собой”, – менавіта гэтыя радкі з песні, што прагучала ў знакамітым фільме Леаніда Гайдая “Джэнтльмены ўдачы”, круціліся ў галаве на працягу ўсяго часу, пакуль доўжылася камандзіроўка ў Дубіну. Тут нядаўна адбылося свята гумару. Восьмыя “Дубінскія жартачкі” сабралі разам вясёлых людзей з усяго раёна. Завіталі сюды і госці.


Фэст ладзіцца адзін раз у два гады, таму арганізатары і мясцовыя жыхары – заўзятыя аматары добра пасмяяцца – выдатна падрыхтаваліся. “Кожнае чарговае мерапрыемства мае сваю адметнасць. Мы прысвячалі яго вяселлю, хрэсьбінам, святкавалі ўваходзіны… На гэты раз асноўная канцэпцыя гучала так: проста гумар”, – расказаў аб нюансах падрыхтоўкі рэжысёр Валерый Мазура.

Цэнтр аграгарадка пачаў жыць святам яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. Выхадным днём цэлыя сем’і падцягваліся на гукі вясёлай музыкі. Жыхары вёскі радаваліся сонечнаму дню і магчымасці пазнаёміцца з выставай сувеніраў, што ладзілася аб’яднаннем народных майстроў “Скарбніца”. Вабіла разнастайнасць экспанатаў умельцаў з Суднікаў, Сакаўшчыны, Вішнева, Дораў, Валожына. Жанна Мойса і Таццяна Часнок з гумарам падышлі да пастаўленай задачы. Іх выстава вырабаў з бісеру называлася “Заўтра Новы год, а вы без ёлкі!”. Святлана Семяняга і Наталля Хаванская правялі розыгрыш бясплатнай латарэі. Асноўнай “персонай” на выставе была малпа-гумарыстка. З цікавай лялькай фатаграфаваліся не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і сталыя людзі.

Работнікі культуры сустракалі гасцей вясёлымі розыгрышамі. Кожнаму выдавалася “валюта” – дубінскія долары. Замест запрашальнага білета на руку ставілася пячатка з афіцыйным лагатыпам свята. Жарты з мясцовым каларытам выклікалі захапленне, асабліва ў тых, хто трапіў у Дубіну ўпершыню. Каманда, што сустракала заезджых, па традыцыі была “ўзброена да зубоў” – палкі, малаткі, бізуны… Але лаянка і пагрозы –  “Госці, атрымаеце ў косці”, “Дэлегацыя? Вы на сёння не маеце рацыі?”, “Ехалі-прыехалі і таму – выходзь па аднаму!” – нікога не палохалі, наадварот, кожная сустрэча праходзіла бурна – людзі з задавальненнем уключаліся ў жартоўныя баталіі, правакуючы артыстаў на новыя імправізацыі.

Падчас урачыстага адкрыцця свята жыхароў Дубіны, навакольных вёсак і гасцей віталі дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Генадзь Вацлававіч Каспяровіч, старшыня Валожынскага сельвыканкама Дзмітрый Казіміравіч Карачун. Падарункамі былі адзначаны самы старэйшы і самы малодшы жыхары, узнагароды атрымалі і людзі, што ўнеслі ўклад у развіццё гаспадаркі.

“Гэта вам не шуры-муры – дубінскія субкультуры!” – такую праграму прадставілі гледачам артысты народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры”. Тут, быццам на экране тэлевізара – “плазмы фірмы “Гарнізон” 1965 года выпуску”, мільгацелі эпізоды з удзелам мясцовых металістаў-трактарыстаў, якія пакляліся “падвясным і гідраўлікай” у тым, што ніколі не здрадзяць дубінской сцэне і мясцовым дзяўчатам. Яркія эма на свой лад тлумачылі паходжанне гламурных вобразаў. А “кліп” з прыцягненнем да яго стварэння бэк-вакалістак, шоу-балета, музыкаў і, самае галоўнае, “народнага артыста Дубінскога павета, саліста-шансанье Міхаіла Плуга”  раскрыў цэлы пласт мясцовай культуры, што тычыцца адносін між суседзямі.

Чарговае выступленне фанабэраў стала прэм’ерным, з гэтай жа праграмай яны прынялі ўдзел у абласным свяце гумару “Капыльскія пацехі”. За ўвасабленне традыцый народнага гумару калектыў адзначаны дыпломам II ступені. У Дубіну ж завіталі суседзі са Стаўбцоўшчыны – калектыў “Коласавы землякі”. Радаваў гледачоў спевамі, танцамі і гульнямі ракаўскі “Гасцінец”. Мелі поспех і артысты Пяршайскага СДК, што прадставілі інтэрмедыю “Апладысментаў варты музычныя жарты”. Выступілі самадзейныя артысты з Подберазі, Багданава, Вішнева. Як заўсёды, здзівіла крэатыўным нумарам Тамара Каляда. Панаваў інтэрактыў – прысутныя актыўна прыцягваліся да святочнай дзеі.

Ганаровы госць мерапрыемства, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, старшыня журы народнага свята гумару ў Аўцюках Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі адзначыў, што “Дубінскія жартачкі” – гэта сапраўдны брэнд, які можна смела ставіць на адзін узровень з вядомымі ў Беларусі і ва ўсім свеце гумарыстычнымі фестывалямі. “Калі вёска смяецца – значыць, жыццё працягваецца”, – запэўніў пісьменнік.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

фэст

фэст1

фэст2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars