Дораць радасць вылячэння

22

У мінулы чацвер у РЦК прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня медыцынскага работніка.

Прафесійнае свята – добрая нагода, каб выказаць словы прызнання і ўдзячнасці тым, хто дапамагае чалавеку з’явіцца на свет, лечыць хваробы, дае надзею і вяртае да жыцця. Тым больш, што святочных дзён у людзей гэтай гуманнай і высакароднай прафесіі амаль не бывае. Вось і ў той вечар у глядзельнай зале РЦК большая частка вялікай медыцынскай сям’і раёна, якая налічвае 769 чалавек, знаходзілася “на баявым пасту”.

Віншуючы калег, выконваючы абавязкі галоўнага ўрача УАЗ “Валожынская ЦРБ” Альфрэд Зянонавіч Нехвядовіч адзначыў, што ў апошнія гады рэйтынг здароўя з’яўляецца самым высокім сярод жыццёвых каштоўнасцей у краіне. Людзям заўсёды будуць патрэбны чулыя словы і добрыя рукі чалавека ў белым халаце, якія дораць радасць вылячэння. Калектыў валожынскіх медыкаў працуе зладжана і з поўнай аддачай: кожны на сваім рабочым месцы разумее важнасць прафесіі, адчувае вялікую адказнасць за жыццё хворага. Аб гэтым сведчаць і ўзнагароды, якія з нагоды прафесійнага свята атрымалі больш за 50 членаў працоўнага калектыву ад адміністрацыі райбальніцы.

Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскай вобласці была адзначана загадчыца Ракаўскай участковай бальніцы Святлана Леанідаўна Гардзей, падзякай – медыцынская сястра-анестэзіст райбальніцы Таццяна Уладзіміраўна Савіцкая і медсястра Івянецкай гарпасялковай бальніцы Валянціна Антонаўна Ахрэм. Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм былі ўручаны ўрачу-тэрапеўту сельскага ўчастка Марыне Аляксандраўне Нехвядовіч, медыцынскім сёстрам паліклінікі Таццяне Іосіфаўне Гаспарэвіч, Івянецкай гарпасялковай бальніцы Таццяне Іванаўне Петрашкевіч, медыцынскаму дэзынфектару РЦГіЭ Софіі Анатольеўне Радына і памочніку ўрача-гігіеніста Алене Іванаўне Бекіш. Прыемную місію выканаў намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік, які таксама падзякаваў медыцынскім работнікам за працу.

Словы віншавання ўсім прысутным у зале выказаў галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Уладзіміравіч Дубовік. Ён адзначыў, што намаганні санітарных работнікаў накіраваны не толькі на падтрыманне чысціні і парадку, захаванне санітарных норм і правіл. У бліжэйшых планах – зрабіць Валожын здаровым горадам, у прыватнасці, плакат з такім лозунгам ён прапанаваў вывесіць на будынку новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, каб пра нас ведалі і гаварылі паўсюдна: здаровы раён і здаровыя людзі.

За дасягнутыя поспехі ў рабоце і вялікі асабісты ўклад у забеспячэнне санітарна-эпідэмічнага стану, захаванне здароўя насельніцтва Ганаровай граматай Мінскага абласнога цэнтра гігіены і здароўя была ўзнагароджана загадчыца аддзела гігіены РЦГіЭ Святлана Аляксандраўна Марчык, падзякай – памочнік урача-гігіеніста Ганна Вікенцьеўна Садоўская. Заслужаныя ўзнагароды ад свайго кіраўніцтва атрымалі некаторыя санітарныя работнікі цэнтра.

Самых лепшых актывістаў раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” з ліку медыкаў адзначыла на ўрачыстасці старшыня А. І. Клачко і ўручыла ім заахвочвальныя сувеніры.

Шаноўнымі гасцямі святочнага мерапрыемства сталі ветэраны працы, якія не адно дзесяцігоддзе самааддана працавалі і развівалі медыцыну раёна. З вялікім гонарам яны ўзнімаліся на сцэну і, як адзначыла ў зваротным слове былы намеснік галоўнага ўрача па дзяцінстве і родадапамозе Валянціна Фамінічна Шавярда, да глыбіні душы былі крануты такой увагай і пашанай да іх.

Вельмі расчуліла прысутных сваім выступленнем жыхарка аграгарадка Ракаў Леакадзія Іосіфаўна Голуб, якая шчыра дзякавала медыкам за залатыя рукі і чулае сэрца, таму што тройчы знаходзілася пад скальпелем. Урачы не толькі вярнулі яе да жыцця, але і дапамаглі ў немаладым узросце раскрыцца таленту жанчыны. Людзям у белых халатах яна прысвяціла вершаваныя радкі і выканала ўласную песню, чым выклікала бурныя апладысменты залы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars