Прафесіяналы ў сваёй справе

прафесіяналы

Насенне, якое выкарыстоўваецца на сяўбу, павінна быць якасным, бо ад гэтага залежыць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур. А ці з’яўляецца яно сапраўды такім, можна ўпэўніцца толькі пасля праверкі ўзораў у дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Тут выдадуць і адпаведныя дакументы на пасяўныя і сартавыя якасці правераных культур.

У Валожынскай інспекцыі працуюць спецыялісты, якія дасканала ведаюць сваю справу. Узначальвае яе Валянціна Іванаўна Скадорва, Таццяна Іванаўна Гарбачэўская – намеснік начальніка, Таццяна Уладзіміраўна Сівая і Анастасія Дзям’янаўна Крук – вядучыя аграномы. Прафесіяналізму гэтым жанчынам не займаць, яны выконваюць службовыя абавязкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, хутка і дакладна.

Паслугамі інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін карыстаюцца 27 арганізацый, 21 з іх знаходзіцца на тэрыторыі нашага раёна, астатнія – за межамі. Праверка вядзецца круглы год, але найбольшую актыўнасць сельгаспрадпрыемствы праяўляюць са жніўня па сакавік. Звяртаюцца сюды таксама фермеры і індывідуальныя прадпрымальнікі. Пасля правядзення аналізаў выдаецца дакумент на тэрмін ад 2 месяцаў да года. Работнікі інспекцыі заўсёды гатовы пракансультаваць, як правільна ачысціць і захаваць насенне. Яны адзначаюць, што добрай якасці матэрыял кожны год у ААТ “Багданаўскае” і СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”.

Хапае заявак і вясной, калі правяраецца ўсходжасць насення, якое завозіцца з-за мяжы і ідзе на продаж. З пачатку года ў інспекцыю паступілі 634 ўзоры пасяўнога матэрыялу, якасць якога неабходна было выявіць перад тым, як пакласці ў глебу. Работа напружаная, аб’ёмная, але пасля можна быць упэўненым у тым, што сяўба праведзена высакаякасным матэрыялам. Штодзённая карпатлівая праца дазваляе інспекцыі паспяхова спраўляцца з даведзеным планам аказання платных паслуг. За 4 месяцы з пачатку гэтага года тут зарабілі каля 6 тыс. рублёў.

Для якаснага правядзення аналізаў у арганізацыі ёсць усё неабходнае абсталяванне: тэрмастаты, сушыльныя шафы, вагі аналітычныя, зернямлын і інш. З партый падрыхтаванага насення адбіраюць пробы, якія затым правяраюцца на чысціню, усходжасць, вільготнасць і заражанасць шкоднікамі. Такая ж работа праводзіцца і з элітным пасяўным матэрыялам, які завозіцца з-за межаў раёна. Па колькасці праводзімых даследаванняў Валожынская інспекцыя ўваходзіць ў дзясятку самых загружаных па вобласці. За мінулы год спецыялістамі было праверана 2355 узораў насення і 9270 саджанцаў пладовых сартоў. Пры гэтым колькасныя паказчыкі ніякім чынам не адбіваюцца на якасці.

У вясенне-летні перыяд работнікі інспекцыі праводзяць апрабацыю – выязджаюць на поле і правяраюць пасевы на адпаведнасць з заяўленым сортам. Тыя, дзе сустракаюцца культурныя прымесі, выяўляюцца хваробы, засмечанасць, палегліца, выбракоўваюцца. У выніку выдаецца акт апрабацыі і пасведчанне.

Рэалізацыя і выкарыстанне насення раслін, сартавыя і пасяўныя якасці якіх не пацверджаны дакументамі, а таксама сорту, не ўключанага ў дзяржаўны рэестр, забараняецца.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars