15 чэрвеня 2017 года ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК сумесна з работнікамі Вішнеўскіх сельскіх бібліятэкі і Дома культуры ладзілі сустрэчу-ўспамін “Паклон праз гады…” – да 105-годдзя з дня нараджэння слаўнага земляка – таленавітага празаіка, перакладчыка, краязнаўцы, былога настаўніка Вішнеўскай сярэдняй школы Пятра Іванавіча Біталя.
На мерапрыемства былі запрошаны і прыехалі яго родныя: сын Андрэй Пятровіч Бітэль разам з жонкай Ірынай Канстанцінаўнай, дачкой Наталляй, зяцем і ўнукам з Пухавіцкага раёна; дачка Ала Пятроўка Кукель, унучка Тамара Іванаўна Бярэзіна з сынам Аляксеем з Маладзечна; а таксама вядомы краязнаўца, пісьменнік і бібліяфіл Міхась Міхасевіч Казлоўскі, які шчыра сябраваў з Пятром Іванавічам да яго апошніх дзён…
Напачатку рунеўцы разам з гасцямі наведалі магілу П. І. Біталя і яго жонкі Ніны Іванаўны, а таксама вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, усклалі кветкі.
У фае сельскага Дома культуры, дзе праходзіла сама сустрэча-ўспамін, аформлена тэматычная літаратурная выстава, на часопісным століку – партрэт Пятра Іванавіча, кветкі, свечка, якую запалілі на пачатку мерапрыемства. У імправізаванай зале – госці, вучні, якія адпачываюць у летнім лагеры на базе мясцовай школы, сталыя і юныя вішнеўцы. Вершы П. І. Біталя і пра яго, цёплыя, шчырыя ўспаміны М. Казлоўскага, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. Бярэзінай, якая пайшла не толькі настаўніцкай сцяжынай свайго роду, але і дзедавай літаратурнай, М. Шакун , былых вучаніц слаўнага настаўніка і творцы Н. Іванкевіч і Л. Бітэль краналі да слёз. Пранікнёна чыталі ўрыўкі з вершаваных аповесцяў Пятра Біталя “Дзве вайны” і “Баруны” ўдзельніцы гасцёўні “Вянок”, што працуе пры бібліятэцы, і вакальнага гуртка СДК Таня Трахімовіч і Яна Бітэль, якія таксама выканалі песню “Люблю…” на словы К.Буйло.
Лейтматывам жа сустрэчы-ўспаміну сталі апошнія радкі з вядомага верша Пятра Іванавіча, які гучыць наказам не толькі кроўным нашчадкам, але і ўсёй нашай моладзі:
Любіць сваё – зусім не значыць
Чужое ганьбіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе без сумнення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.
Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ
кіраўнік народнага
літаратурна-мастацкага
аб’яднання “Рунь” РЦК