Раённы турзлёт сабраў самых актыўных…

раённы-турзлёт-3

З 16 па 18 чэрвеня на маляўнічым узбярэжжы Іслачы, непадалёк ад вёскі Міхалова, прайшоў раённы турыстычны злёт. Удзел у ім прынялі 16 каманд з арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама грамадскіх аб’яднанняў Валожыншчыны. Такім чынам, на паляне ў імправізаваных, творча аформленых лагерах практычна на тры дні пасяліліся каля 300 чалавек. Па кампетэнтных сведчаннях, гэта рэкордная колькасць аматараў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку на прыродзе за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў!

Праверыць свае фізічныя здольнасці, паспрачацца ў спрыце і таленце ў ракаўскія ваколіцы прыехалі каманды раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму, камбіната бытавога абслугоўвання, сельгасліцэя, лясгаса, ільнокамбіната, Валожынскага філіяла Белаграпрамбанка, цэнтральнай раённай бальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, в/ч 30695, вузла паштовай сувязі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, спартсмены з КСУП «Падбярэззе» і «Пяршаі-2014», а таксама прадстаўнікі клуба івянецкіх ветэранаў спорту «СКІВ». Адметна, што сёлета не праігнаравалі турзлёт і прадстаўнікі прыватнага бізнесу: сярод іншых выступала і івянецкая каманда ПУП «Бібік А. К.» пад назвай «Ганна».

Традыцыйна першы дзень турзлёту пачаўся з уладкавання і творчага афармлення лагераў: удзельнікі мітусіліся, ставілі палаткі, напілоўвавалі «стратэгічны» запас дроў, раскладвалі вогнішчы, рыхтавалі стравы, паралельна ствараючы розныя «разынкі», разлічаныя на перамогу ў конкурсе на лепшае месца пражывання.

Афіцыйнае ж адкрыццё турзлёту прайшло бліжэй да вечара на галоўнай сцэне мерапрыемства. Прывітаўшы ўдзельнікаў, намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік пажадаў прыемнага настрою і добрых вынікаў у спартыўных практыкаваннях, запланаваных судзейскай калегіяй на наступныя дні.

І гэтыя пажаданні пачалі спраўджвацца непасрэдна ў той жа вечар, калі каманды запрасілі на спаборніцтвы па перацягванні каната. Паколькі аўтар гэтых радкоў быў непасрэдным удзельнікам усіх выпрабаванняў у складзе каманды райвыканкама, ён можа смела канстатаваць: было няпроста. Асабліва, калі пасля жараб’ёўкі выпала паспрачацца сілай, тэхнікай і масай са спартсменамі-прафесіяналамі «СКІВ». Дарэчы, яны па выніках перацягвання і занялі першае месца. Паралельна праводзіўся конкурс на трапнасць – турзлётаўцы гулялі ў дартс. Тут першынствавала каманда КСУП «Пяршаі-2014», а другую і трэцюю прыступку гонару занялі прадстаўнікі сельгасліцэя і раённага вузла паштовай сувязі.

Наступны дзень пачаўся таксама са спаборніцтваў. На гэты раз – па паркавым валейболе. У гэтай дысцыпліне не было роўных зноў жа івянецкім ветэранам спорту.

Неўзабаве суддзі паклікалі ўдзельнікаў турыстычнай эстафеты: ім належала праплыць некаторую адлегласць на байдарках, потым – прайсці на хуткасць па нацягнутым канаце, пераадолець падвясное бервяно і вяровачныя пяцелькі, перабрацца праз «каньён» уніз галавой, спусціцца з высокага берага альпінісцкім метадам і вярнуцца на другі бераг рэчкі праз перакладныя бярвёны. Вымушана пакупаліся многія, але ніхто не застаўся ў крыўдзе. Ладзіліся і многія іншыя конкурсы – на лепшую страву, самую прыгожую пару і інш. Стомленасць ад насычанага дня суправаджалася прыемным задавальненнем выдатна праведзеных выхадных…

На вялікі жаль, не абышлося без непрыемнасцяў. У ноч з суботы на нядзелю лагеры некалькіх каманд «наведалі» невядомыя зладзеі. Яны паквапіліся на матэрыяльныя каштоўнасці і прадукты харчавання. Спадзяёмся, супрацоўнікі міліцыі, якія адразу ж узяліся за расследаванне, знойдуць нахабнікаў, што прынеслі шкоду і сапсавалі людзям настрой.

У нядзелю былі падведзены вынікі турзлёту, узнагароджаны пераможцы. Першае месца заваявалі супрацоўнікі РАНС, «сярэбраны медаль» дастаўся спартсменам воінскай часці 30695, а «бронза» – камандзе «Ганна» ПУП «Бібік А. К.» з Івянца. Віншуем пераможцаў!

Сяргей САДОЎСКІ, фота аўтара

раённы-турзлет

раённы-турзлёт2

раённы-турзлёт-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars